ДЭМАНСТРАЦЫЯ Ў НЬЮ ЁРКУ
У Нью Ерку 25-га сакавіка прайшла дэманстрацыя пратэсту супраць зьнішчэньня рэжымам Лукашэнкі незалежнасьці Беларусі й так званай інтэграцыі з Расеяй. Перад будынкам штаб-кватэры Аб'еднаных Нацыяў на Першай Авэню на Мангэтане сабралася каля 60 чалавек, што пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й з плякатамі, на якіх было напісана: "Мы хочам вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі", "Беларусь мае два няшчасьці - Лукашэнку й Чарнобыль", "Падтрымаем Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі-2003", "Расея, не разьзяўляйся на Беларусь", "Не - інтэграцыі з Расеяй", "Прэзідэнт Буш, спыні дапамогу імпэріялістычнай Расеі" прыцягвалі ўвагу мінакоў.
Перад прысутнымі выступіў Старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка, які акрэсьліў мэты дэманстрацыі, плян яе правядзеньня, нагадаў пра 85-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, што прыпадалі на гэты дзень, і прачытаў Акт 25-га Сакавіка - Трэцюю Ўстаўную Грамату Рады БНР.
Пасьля з сваімі ўспамінамі пра дзеячоў БНР і пра важнасьць Акту 25-га Сакавіка выступіў Старшыня Галоўнае Ўправы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Дэманстранты скандавалі лёзунгі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі й супраць рэжыму Лукашэнкі, раздавалі мінакам улёткі, у якіх тлумачыліся мэты й прычыны дэманстрацыі, была пададзеная інфармацыя пра Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі-2003 у Кангрэсе ЗША і заклік падтрымаць яго.
Затым з разгорнутымі сьцягамі й плякатамі грамада дэманстрантаў вырушыла да беларускага кансуляту і прадстаўніцтва Беларусі пры ААН, дзе таксама адбыўся мітынг.
Акцыя пратэсту, у гэты будні для зчычайных амэрыканцаў дзень прайшла ўдала, і была ці не найбольш масавай маніфэстацыяй беларусаў у Нью Ерку за апошнія гады.

Віталь ЗАЙКА

Моладзь актыўна падтрымала акцыю пратэсту ў Нью Ёрку.