НЯ ЙДЗІЦЕ - ПАДМАНУЦЬ!
Агітацыя непрыяцеляў Беларусі за падстаўныя выбары ў мясцовыя Саветы, за ашуканцкі рэфэрэндум - гэта новае выпрабаваньне для беларуса, тэст на вопыт, на здольнасьць засвойваць гістарычныя досьведы й вучыцца на ўласных памылках.
Тое, што 2-га сакавіка на так званыя "выбары" ў мясцовыя Саветы прамаскоўскі рэжым рыхтуе таксама чарговы ашуканцкі "рэфэрэндум", ні ў каго, хто сочыць за выказваньнямі ўлады, не выклікае сумненьня.
Людзей агітуюць на выбары, каб загнаць на рэфэрэндум. На "рэфэрэндуме" Масква рукамі беларусаў хоча дамагчыся папраўкі ў Канстытуцыю аб увядзеньні ў Беларусі расейскіх грошай і аб пазбаўленьні беларусаў права эмісіі (вырабу) уласных грошай. Лукашэнка, магчыма, захоча яшчэ прыдбаць сабе на "рэфэрэндуме" трэці тэрмін "прэзыдэнцтва".
Пазбаўленьне беларусаў сваіх грошай прывядзе да пазбаўленьня ад уласнасьці, да поўнае галечы, да страты дзяржаўнай незалежнасьці, да расейскага бяспраўя.
Для ворагаў Беларусі важна, каб выбаршчыкі пайшлі на выбары, каб быў відавочны факт галасаваньня. Астатняе - справа праверанай тэхнікі. І "выбары", і "рэфэрэндум" будуць сфальсыфікаваныя. Мэханізм адладжаны.
Праз мэханізм фальсыфікацыі беларускі народ, фактычна, адлучаны ад фармаваньня ўлады. Рэжым выкарыстоўвае галасаваньне і прыход людзей на выбарчыя ўчасткі, каб потым зрабіць вынікі выбараў (ці рэфэрэндуму) такія, якія яму патрэбныя.
Так было ўвесь час пры гэтай уладзе. Не выпадкова за апошнія дзевяць гадоў міжнародная супольнасьць не прызнала ніводныя выбары і ні адзін "рэфэрэндум" ў Беларусі за сапраўдныя. І сам Лукашэнка, і ягоныя "палаты" ёсьць нелегітымныя. Іхняя ўлада - незаконная. Усё, што яны вытвараюць у заканадаўстве па ўціску беларусаў, па "інтэграцыі" з Расеяй, па здачы беларускай маёмасьці - усё будзе адразу адменена легітымнаю, нашаю, сваёю беларускаю уладаю.
Але цяпер рэальная ўлада ў Беларусі ўзурпаваная (захопленая) Лукашэнкам і іншымі прамаскоўскімі стаўленьнікамі. Нельга ісьці на іхныя выбары й рэфэрэндум, бо нельга даваць ім магчымасьцяў для ашуканцтва. Есьць мэтад, каб змагацца з падманам. Гэта байкот выбараў. Ня трэба йсьці на выбарчыя ўчасткі. Ня трэба галасаваць. Ня йдзі - падмануць.

* * *

Рэжым разгортвае агітацыю за выбары. Тут пазыцыя і дзеяньні адназначныя.
Больш подлую агітацыю ў карысьць рэжыму праводзіць ягоная прамаскоўская так званая "дэмакратычная апазыцыя". Яна заклікае людзей на выбары (чытай - на здрадніцкі рэфэрэндум), нібыта, каб "удзельнічаць у палітычным працэсе", каб "агітаваць за дэмакратыю", "набываць вопыт" і "ўплываць на ўладу".
Гэтыя "апазыцыянэры" раз за разам езьдзяць у Маскву, атрымліваюць нямецкія грошы, бадзяюцца па розных арганізаваных для іх ворагамі Беларусі "сэмінарах" ды "канфэрэнцыях" і за гэта гатовыя зрабіць усё, што скажуць ім іхныя "мэнаджэры" і даваўцы.
Па вялікаму кошту тое, чым яны займаюцца, ёсьць карупцыяй, іхняя правакацыйная роля ў гэтай справе ёсьць здрадаю народу Беларусі (які яны абзываюць, дарэчы, рознымі дрэннымі словамі). Паспрабуйце ўявіць гэтакіх "дэмакратаў" ва ўладзе. Што гэта будзе за шкурная ўлада!
Шкоднасьць іхняе правакацыйнае дзейнасьці яшчэ ў тым, што, выступаючы супраць Лукашэнкі (і, дарэчы, вельмі неканструктыўна), яны дэзарыентуюць тых беларусаў, гатовых змагацца за Беларусь супраць рэжыму ўнутранай акупацыі.
Масква ўбачыла і адчула, што колькасьць беларусаў, якія падтрымліваюць ідэі Беларускага Вызвольнага Руху, павялічваецца. Людзі прачынаюцца і гатовыя змагацца з акупацыйнаю палітыкаю і з крамлёўскаю Масквою.
Каб загнаць гэтых актыўных беларусаў на ашуканцкі рэфэрэндум, "апазыцыя" і журналісцкая агентура ў так званым "незалежным" расейскамоўным друку (незалежным ад Беларусі) вылузваецца са скуры ў псэўдапатрыятычнай дэмагогіі й апазыцыйным жанглёрстве, даказваючы, што трэба браць удзел у ашуканцкіх выбарах 2-га сакавіка.
Вось, напрыклад, тыповы артыкул такога фальшывага роду. Называецца ён "Разрушенный дом". Асацыяцыя ледзь ні з Купалам ("Раскіданае гняздо"). Але дзеля чаго ён складзены? (Гл. "Народная Воля", 2002, 27 сьнежня, Л. Грязнова. Разрушенный дом)
У тэксце напісана шмат правільнага. І пра тое, што рэжым Лукашэнкі, і палітыка Масквы пагражаюць Беларусі "потерей всех признаков независимости", "инкорпорацией белорусской территории восточной соседней державой" і пра тое, што ўвядзеньне расейскіх грошай і страта беларускага эмісыйнага цэнтру і бюджэту будзе азначаць страту фінансавай самастойнасьці й потым "тихое поглощение страны кремлёвскими олигархами", і пра тое, што "распоряжение государственными средствами перейдет в руки российских заправил", а "белорусам придется довольствоваться крохами с барского стола", " лучшая собственность окажется у российских капиталистов", "белорусским предпринимателям придется делиться с мафией соседней страны, иначе не дадут работать", "рядовые граждане станут объектом эксплуатации российских олигархов. Социальная защита резко понизится из-за регионального бюджета", "молодые парни пойдут в российскую армию... класть свои головы в Чечне", "национально-демократических деятелей придушат с удвоенной энергией, они не нужны имперской и недемократической России" і г.д. - усё, быццам сьпісанае з пазыцыі Камітэтаў Абароны й узятае з аналізу дзеячоў Беларускага Вызвольнага Руху.
Пры тым гэта піша асоба з гэбоўскай "Хартыі-97", член махрова прамаскоўскай "апазыцыйнай" партыі, агентурныя персанажы якое не вылазяць з Масквы, робяць інтэграцыйныя заявы й пабіраюць маскоўскія грошы.
Загадка такога нечаканага рэалістычнага погляду раскрываецца ў канцоўцы агітацыйнага артыкула.
"Всего этого можно избежать, - піша агітатарка з "апазыцыі". - До решительного преодоления государственной монополии остается сделать один шаг - выразить народное недоверие зарвавшейся власти посредством массового выступления, голосования на выборах или референдуме. Такая возможность скоро представится - надо не упустить шанс."
Вось для гэтага і пісаўся ўвесь гэты "радыкальны" прапагандысцкі артыкул, каб зьбіць з тропу нацыянальна актыўных выбаршчыкаў, інтэлігенцыю, беларускіх прадпрыймальнікаў, каб выклікаўшы давер - ашукаць іх і накіраваць на фальшывы шлях, зацягнуць на выбары й "рэфэрэндум", упіхнуць у здраду.

* * *

Прамаскоўскае лобі ў так званай "апазыцыі" сваю справу робіць. Гэтыя спакушаныя і выкармленыя Гансам Вікам ды Масквою "грантавыя дэмакраты" даўно ператварыліся ў прамаскоўскую апазыцыйную "пятую калёну" ў Беларусі.
Беларусы ня могуць не задумацца. Бо мінае час беспакараных дзеяньняў і безадказных заяваў. З усходу набліжаецца вайна. Пакуль што яна вядзецца мірнымі сродкамі. Але цяжка паверыць, што захоп Беларусі расейцы зробяць гэтак ціха, беларускімі-ж рукамі, і беларусы, як пісаў паэт, бяз скаргі палягуць у магілу.
Беларусы мусяць ужо рыхтавацца да сур'ёзнага змаганьня за свабоду і незалежнасьць, за сваю зямлю і дзяржаву. Не забывайма, што Расея ледзь ліпіць (і гэта пры бяспрынцыпнай дапамозе Захаду). Дастаткова нават штурхнуць, і яна пасыплецца, як куча хламу. Беларусы не павінны баяцца такіх акупантаў. Таго, хто дзярэцца ў наш дом, трэба біць між вачэй.
Ніхто не павінен ісьці на фальшывыя выбары. Ніхто не павінен ісьці галасаваць. Пачынайма сур'ёзна змагацца за самых сябе. Хопіць скардзіцца на лёс. Ня йдзіце - падмануць!

Зянон ПАЗЬНЯК