Паломніцтва да Сьвятыняў

адбылося 16-га ліпеня 2003-га году. Ініцыятарам паломніцтва быў др. Пётра Мурзёнак, Старшыня Галоўнай Управы ЗБК з Атавы. Нядаўна прыехалі да яго бацькі зь Беларусі, і ён вырашыў зрабіць зь імі й сям'ёю паломніцтва да Беларускага Сьвятога Месца - "Belarusan Shrine", што складаецца зь Беларускага Памятнага Крыжа і Помніка "Памяці ахвяраў камуністычнага тэрору ў Беларусі". Абодва беларускія манумэнты аколеныя абапал вялікімі валунамі ды з правага боку ялінкаю, прывезенаю са Слуцаку (канадыйскага). Да паломнікаў з Атавы далучылася др. Раіса Жук-Грышкевіч з Бэры. Паломнікі ўзялі з сабою чатыры сьвечкі.
"Запалю я сьвечачку, запалю,
Па душах пакутнікаў запалю...
На пакуты шчодрая ім была зямля...
Божа міласэрдны наш, прымі іх у райскі сад".
Паломнікі запалілі сьвечкі перад Памнікам Пакутнікам, якому 1-га чэрвеня сёлета споўнілася сем гадоў, прачыталі надпісы на бронзавых мэмарыяльных табліцах: на Крыжы - па-ангельску і па-беларуску, і на Помніку - па-ангельску, па-беларуску і па-француску.
Як да набажэнства сталі ўсе перад Крыжом. Сказалі ўголас па-беларуску малітвы "Ойча наш" і "Уладару Нябесны", прачыталі верш Натальлі Арсеньневай "Крыж" і ў канцы адсьпявалі гімн "Магутны Божа". Затым паломнікі агледзелі манумэнты Прошчы: помнік "Памяці ненароджаных дзяцей", італійскую скульптуру "Сьвятая сям'я", помнікі філіпінскі, славацкі, партугальскі, харвацкі, польскі, летувіскі, украінскі, славенскі, нямецкі й іншыя. Зайшлі ў касьцёл праверылі ці ёсьць там цяпер беларускія малітоўныя карткі. Кожны ўзяў іх сабе на памяць. Нарэшце, зайшлі ў офіс прадставіцца і прывітацца з кіраўніцтвам Прошчы ды замовілі адслужыць у касьцёле імшу "За Беларусь". Багаслужба адпраўлялася ў касьцёле Прошчы 21-га ліпеня.
Вяртаючыся назад, затрымаліся ў кватэры Жук-Грышкевічаў на палудзень, а пасьля паломнікі з Атавы вырушылі ў далёкае падарожжа дахаты. Так па-людзку і па-божаму адзначылі мы 15-я ўгодкі Беларускага Памятнага Крыжа ў Канадзе. Слава Табе Госпадзе, слава Табе!
Камунікат №3 (77)
Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады