СЬВ. ПАМЯЦІ ЯНКА КАЛБАСА
11-га красавіка 2002-га году сваякі ды беларуская грамадзкасьць у Вялікай Брытаніі разьвіталіся са слынным Беларусам Янкам Калбасом, які памёр 4-га красавіка пасьля цяжкай працяглай хваробы.
Так склалася, што большую частку свайго жыцьця яму давялося правесьці на чужыне, далёка ад роднага дому, ад Беларусі, але ён увесь час заставаўся беларусам і шчырым патрыётам сваёй Бацькаўшчыны.
Пасьля вайны, калі многія беларусы ратаваліся ад бальшавіцкай навалы, спадар Янка Калбаса апынуўся ў Англіі. Ніколі не стаяў ўбаку ад беларускіх грамадзкіх справаў, браў актыўны ўдзел у жыцьці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы:. Не баяўся палітыкі: быў сябрам Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) і сябрам ABN, зьяўляўся адным з самых актыўных сябраў мясцовай арганізацыі Паняволеных Народаў у Брадфардзе. Менавіта дзякуючы яго намаганьням цягам доўгіх гадоў у Дзень Незалежнасьці 25-га Cакавіка лунаў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай плошчы Брадфарду.
Янка Калбаса разам з Хведарам Лемяшонкам, які, на жаль, таксама ўжо пайшоў ад нас, заснавалі ў Брадфардзе беларускі грамадзкі клюб "Сакавік". Намаганьнямі сяброў клюбу былі ўсталяваныя памятныя табліцы ў беларускай царкве ў Манчэстэры і ў англіканскім саборы ў Брадфардзе.
Актыўны ўдзел браў Янка Калбаса і ў культурным беларускім жыцьці на чужыне. Яшчэ на самым пачатку эміграцыі, калі ў Брадфардзе працавала беларуская дзіцячая школка, ён навучаў дзяцей беларускім народным танцам і сьпевам.
Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі выказвае шчырае спачуваньне дзецям і ўнукам нябожчыка. Няхай пухам будзе яму чужая зямля і сьняцца сны пра Маці-Беларусь.
Замест кветак на магілу сьвятой памяці Янкі Калбасы ЗБВБ дало ахвяру ў 100 фунтаў на Дзіцячы Фонд "Сакавік" дзеля беларускіх дзяцей, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы.

Лілія Сазанавец

СЬВ. ПАМЯЦІ ЛЕЎ ВЫСОЦКІ
(9.04.1913 - 31.03.2002)

Сьв. пам. Леў Высоцкі нарадзіўся ў Латвіі ў гор. Лібаве, дзе ягоны бацька быў чыгуначным чыноўнікам. Род Высоцкіх паходзіць з Новага Сьвержаня, што каля Стоўпцаў.
Пасьля Першай сусьветнай вайны Высоцкія вярнуліся ў Стоўпцы, адкуль была родам маці Льва. У міжваенным часе Леў скончыў сярэднюю тэхнічную школу ў Ломжы. Служыў у польскім войску марскім кадэтам. Пасьля вайсковай службы працаваў у страхавой кампаніі, а ў часе вайны - у Беларускім банку ў Стоўпцах.
У Злучаныя Штаты прыехаў у 1949 г. й пасяліўся ў Саўт-Рывэры. Быў актыўным грамадзкім працаўніком і даўжэйшы час выконваў абавязкі скарбніка Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі. Ягоная жонка Пелагея памерла ў 1978 годзе.
Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры побач магілаў жонкі й бацькоў.
Вечная яму памяць!

М.