БЕЛАРУСАВЕДНАЯ ПАНАРАМА НА ЗАХАДЗЕ
Стан беларускае нацыянальнае справы мае розныя паказальнікі. Адзін зь іх - колькасьць беларусаведных навуковых працаў на галоўных мовах Захаду. Мерка гэтая апошнімі гадамі значна пабольшала. Арыентавацца ў новай навуковай літаратуры пра Беларусь дапамагаюць квартальныя бюлетэні: англамоўны "Belarusian Review", нямецкамоўны "Belarus-News" ды французскамоўны "Perspective bielorusiennes". Паводле гэтых трох ды іншых крыніцаў, апошнімі трыма гадамі выйшла ці мала беларусаведных кнігаў. Адзначым некаторыя з найбольш значных.
У нямецкім выдавецтве Vandenhoeck & Ruprecht выйшла ў 2001 г. вялікая кніга (542 ст.) "Handbuch der Geschichte Weissrusslands" /Падручнік гісторыі Беларусі/ пад рэдакцыяй Дытрыха Байраўа і Райнэра Лінднэрам. У напісаньні кнігі ўзялі ўдзел 24 беларускія й замежныя аўтары. У падручніку апісваюцца гістарыяграфія й гэральдыка, храналёгія падзеяў, сацыяльная й культурная гісторыя, рэлігія, мова, літаратура ды іншае. Пасьля манаграфіі Ойгена Энгельгардта пра Беларусь (1943 г.) гэта найбольш грунтоўная гісторыя Беларусі на нямецкай мове.
У тым самым годзе выйшла ў кёльнскім выдавецтве Verlag Wissenschaft und Politik праца нямецкіх гісторыкаў Райнэра Лінднэра й Барыса Майснэра "Die Ukraine und Belarus' in der Transformation: eine Zwischenbilanz" /Украіна й Беларусі ў пераходнай стадыі - параўнаньне/.
У 2001 г. выйшаў нямецка-беларускі размоўнік Гольгера Кнаўфа "Reise Know-How" (176 ст.). Прызначаны ён галоўна для падарожнікаў, але ня толькі. Ён будзе карысны шматлікім нямецкім наведнікам Беларусі ў сувязі з чарнобыльскай дапамогай, якую аказваюць немцы. У кнізе пададзеная кароткая граматыка беларускай мовы, а таксама правілы словаўтварэньня. Дзеля лягчэйшага апанаваньня фанэтычных асаблівасьцяў беларускае мовы да кнігі дададзеныя касэткі.
У нямецкім выдавецтве Internatiolnales Bildungs- und Bewegungswerk (IBB) выйшаў летась зборнік успамінаў пад заг. "Martyrer der belarussischen Christen im 20. Jahrhundert" /Мучанікі беларускага хрысьціянства ў 20-м стагодзьдзі/. Тут згадваюцца рэлігійныя дзеячы праваслаўнага, каталіцкага й пратэстанцкага веравызаньняў, шмат хто зь якіх працаваў адначасна й на ніве нацыянальнага адраджэньня.
У выдавецтве Boehlau Verlag выйшла ў 2000 г. па-нямецку праца Ўладзіміра Сакалоўскага "Беларусь і Нямеччына. Духовыя й культурныя сувязі паміж 1914-м і 1941 г." (319 ст.).
Годам раней тое самае выдавецтва выдала англамоўную працу брытанскага аўтара праф. Арнольда МакМіліна пра беларускую літаратуру 1950-х і 1960-х гадоў. У кнізе дадзеныя ацэнкі цэламу шэрагу пісьменьнікаў, часта вельмі адрозныя ад ацэнак, якія ім даваліся ў айчыннай літаратурнай крытыцы. Гэтая МакМілінава кніга выйшла летась у беларускім перакладзе ў Менску ў сэрыі "Беларускі кнігазбор". Праф. МакМілін працуе цяпер над аглядам беларускае літаратуры 70-х - пачатку 90-х гадоў.
З выдадзеных у Амэрыцы працаў трэба адзначыць кнігу (200 ст.) пад рэдакцыяй Шэрмана Гарнэта й Робэрта Легвольда "BELARUS at the Crossroads" (выдавецтва Carnegie Endowment for International Peace, 1999). Кніга на тэму палітыкі ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь дзяржаваў, якія мяжуюць зь Беларусяй, а таксама Злучаных Штатаў. Спэцыялісты геапалітычных пытаньняў (два амэрыканцы, летувіс, украінец, расеец і паляк) выказаліся ў пытаньнях двубаковых дачыненьняў зь Менскам. Пагляд зь Менску на геапалітычныя праблемы, што стаяць перад Беларусьсю, прадставіў палітоляг Анатоль Розанаў. Рэдактары кнігі, падсумоўваючы, адзначылі, што Беларусь можа адыгрываць у сваім рэгіёне важную геапалітычную ролю ды што дасюль Захад недастаткова зьвяртаў на яе ўвагу.
У выдвецтве University Press of America выйшла ў 1999 г. вялікая праца Вітаўта Кіпеля "Belarusans in the United States" (569 ст.). Кніга ілюстраваная. У ёй аўтар разглядае канцэпт беларускасьці, дае гісторыю пасяленьня беларусаў у ЗША, аналізуе амэрыканскую дэмаграфічную статыстыку, каб выдзяліць у ёй беларусаў, ды апісвае дэтальна беларускія асяродкі й іхную дзейнасьць.
Канадзкі гісторык Дэйвід Марплз, які спэцыялізуецца ў вывучэньні сучаснай Беларусі, апублікаваў у 1999 г. манаграфію (139 ст.) пад заг. "BELARUS. A Denationalized Nation" (Harwood Academic Publishers). На пачатку кнігі аўтар ставіць пытаньне: "ці Беларусь можа выжыць як незалежная дзяржава?". І ў канцы адказвае на яго: "Беларусь выжыве й знойдзе сваё месца ў сьвеце ў 21-м стагодзьдзі".
Англамоўная кніга пра сьв. Кірылу Тураўскага, пад заг. "Кірыла Тураўскі: епіскап, прапаведнік, аўтар гімнаў" (230 ст.) выйшла ў 2000 г. пад рэд. Інгуна Люндэ (Ingunn Lunde) у выдавецтве Бэргенскага ўнівэрсытэту ў Нарвэгіі.
"Modern Art in Belarus. Moderne Kunst in Wit-Rusland" - вялікі (300 ст.) і якасны мастацкі альбом з артыкуламі пра сучаснае мастацтва ды біяграфічнымі даведкамі пра мастакоў. Выдавец: Peter Noldus Amsterdam (E-mail: noldus@artlover.com). Тэксты ў кнізе па-ангельску й па-галяндзку. Біяграфічныя даведкі дадзеныя па-расейску й па-беларуску (беларускі пераклад Валянтыны Трыгубовіч). У альбоме прадстаўленыя два пакаленьні мастакоў з даволі грунтоўным аналізам іхных твораў.
Некалькі кнігаў пра Беларусь выйшла ў Францыі па-французску. Сярод іх варта адзначыць манаграфію Бруна Дрвэскага "'Малы беларускі парлямант'. Беларусы ў польскім парляманце паміж 1922 і 1930 гг."
Маладая дасьледніца Александра Гужон (Alexandra Goujon) апублікавала сваю доктарскую дысэртацыю "Нацыяналізм і дэмакратыя. Народныя фронты на Ўкраіне й Беларусі (1988-1991)". Кніга адзначаецца грунтоўным вывучэньнем разгляданых пытаньняў. Выйшла летась у выдавецтве парыскага Інстытуту палітычных навук.
"Хроніка сучаснай Беларусі" завецца публікцыя (349 ст.), апрацаваная Александрай Гужон, Шарлем Лялемандам і Вірджыніяй Шыманец. Кніга выйшла летась у Парыжы ў выдавецтве l'Harmattan. У гэтым выдавецтве заплянаваная таксама праца Ўладзіка Іванова "Беларускія жанчыны й нацыянальная ідэя".
Тут трэба адзначыць таксама зборнік (249 ст.) "Annus Albaruthenicus 2002 - Год беларускі 2002". Гэта - трэці выпуск гадавіка літаратураведных матарыялаў (паэзія, проза, крытыка, пераклады), які выходзіць пад рэд. Сакрата Яновіча ў Крынках на Беласточчыне. Матарыялы ў збоніку на розных мовах: беларускай, французскай, ангельскай, швэдзкай ды італьянскай. Мэта выданьня - інфармаваць вонкавы сьвет пра беларускую культуру, а беларусаў - пра культуру заходнюю.
Значна больш, чымся лік кнігаў, зьяўляецца ў навуковых выданьнях на Захадзе артыкулаў пра Беларусь. Улік бягучай бібліяграфіі беларусікі на мовах сьвету вядзе, наколькі дазваляе рэсурс супрацоўнікаў, менскі інфармацыйна-аналітычны й культуралягічны бюлетэнь "Кантакты і дыялогі" (E-mail: maldzis@pen.unibel.by.)

Янка Запруднік