Паніхіда і вечар памяці
Васіля Быкава адбыліся ў таронцкай царкве Сьв. К. Тураўскага 1-га жніўня.
Сьвятар сэрб а. Васа распачаў малебен вечарам а гадзіне 7-й. Мне давялося сьпяваць (у нас няма хору) і разам з малітвамі за Васіля Быкава прасіць Госпада Бога прыняць у яго ўлоньне маю сястру Элізавету, якая памерла ў Каралеўшчыне, Докшыцкага раёну, якраз дзень перад тым, 31-га ліпеня.
Для азнаямленьня з Васілём Быкавым тых, хто ня ведалі яго зь літаратурнага творчага поля або ацэнкі яго, як "сумленьня беларускай нацыі", быў прачытаны артыкул "Выступленьне на Кангрэсе беларусістаў" з травеня 1991-га году. (Гл. "На крыжах" В. Быкава). У сваім звароце геніяльны пісьменьнік заклікае да здабыцьця незалежнай дзяржавы, маючы "як і заўсёды, найбольшыя спадзяваньні на нашую мову, гэты галоўны набытак, нашае гістарычнае апірышча. Нездарма яе так зьнішчалі ў стагодзьдзях - забаранялі, аплёўвалі, адвучвалі цэлыя пакаленьні - у імпэрыі патрэбная была адная, унітарная мова. Але калі мы, нацыянальна панішчаныя, клясава разьеднаныя, спаскуджаныя шматгадовай маной, нешта значым у сусьветнай суполцы народаў, дык найперш праз нашую мову. Безь яе ад нас не засталося-б і сьледу, як не засталося ад колішніх тутэйшых ятвягаў... Мова верна служыла народу ў добры й благі час, ратавала ягонае існаваньне і ніколі ня здраджвала яму. Гэта ёй нярэдка здраджвалі ў Беларусі, за што былі бязьлітасна караныя Богам і гісторыяй."
Родная мова! Яе цэнім і захоўваем у Канадзе дзякуючы Згуртаваньню Беларусаў Канады, якому сёлета ў лістападзе споўніцца 55 гадоў, ды іншым арганізацыям.
Васіль Быкаў быў кантакце з намі ад часу абвешчаньня незалежнай Беларускай Рэспублікі. Мы ўдзячныя яму ды асабліва задаволеныя за тую пашану, якую наш народ аддаў яму ў Менску пры паховінах. Адзін з нас, сп. Руслан Качаткоў, хваліў пісьменьніка, якога ведаў і часта сустракаўся ў сваім маладым веку. Вечар скончылі адсьпяваньнем гімну "Магутны Божа".
К. АКУЛА