ПАРАШУТЫСТКІ
Звычайна з нагоды нацыянальных сьвятаў мы згадваем нашых герояў, пераважна мужчынаў. Так сталася, што ўдзел жанчынаў у беларускім вызвольным змаганьні мінулага стагодзьдзя недастаткова вывучаныя. А яны-ж таксама, як і мужчыны, часта рызыкавалі жыцьцём, са зброяй у руках ваявалі супраць акупанта, праходзілі праз канцлягеры й турмы...

У лістападзе 1944-га году ў Заходняй Беларусі зь нямецкага самалёту дэсантаваўся аддзел беларускіх парашутыстаў. У іх задачу ўваходзіла арганізацыя антысавецкага партызанскага руху. Сярод парашутыстаў былі й дзьве маладыя жанчыны - Тамара Чэрамшагіна і Вера Краскоўская, радысткі.
Вера Краскоўская разам са сваім мужам Філіпам Давідчыкам (яны пабраліся шлюбам незадоўга да адлёту на Бацькаўшчыну), які быў камандзірам групы дэсанту, былі затрыманыя чэкістамі 28-га лістапада 1944-га году ў Любчанскім раёне. Есьць сьведчаньні, што Вера на сьледстве трымалася мужна і, калі даведалася, што муж цалкам "раскалоўся", не захацела зь ім больш мець нічога агульнага… Тамара Чэрамшагіна пасьля дэсанту трапіла ў іншую групу, якая знаходзілася на Віленшчыне. Па адных зьвестках, чэкісты захапілі яе ў сярэдзіне сьнежня 1944-га, па-іншых, шукалі яшчэ і ў 60-ыя гады…
У мінулым годзе разам зь сябрамі я паспрабаваў расшукаць сваякоў парашутыстак, каб праз іх даведацца пра лёсы Тамары й Веры. Нам пашанцавала. У Карэліцкім раёне ўдалося адшукаць сваякоў Веры Краскоўскай. Аказалася, што Вера жыве ў Расеі. У той-жа вечар зь ёю ўдалося пагаварыць па тэлефоне, а пасьля прыйшоў ліст. На жаль, Вера Мікалаеўна пазначыла, што "ліст не для друку". Таму коратка перакажу, што ёй давялося перажыць.
Сям'я Краскоўскіх паходзіць зь беларускай шляхты. Бацька Веры Мікалай Дзем'янавіч, нягледзячы на ўсе намаганьні ўладаў, так і не ўступіў у калгас. Брат Аўген, падафіцэр батальёна Барыса Рагулі, загінуў у красавіку 1944-га году ў сутычцы з савецкімі партызанамі. Падчас нямецкае акупацыі Вера вучылася ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, здымала кватэру разам з Тамарай Чэрамшагінай. У 1944-м годзе яна, 20-гадовая, адступіла на Захад, напэўна, пад уплывам будучага мужа Давідчыка. Пасьля разам зь ім трапіла ў дэсантны батальён "Дальвіц", яе й Тамару вучылі на радыстак. Пасьля арышту была адзіночка ў менскай амэрыканцы, прысуд - 8 гадоў канцлягераў і 3 гады "паражэньня ў правох". Працавала ў Сібіры на лесапавале… Там яна сустрэла свайго другога мужа, нарадзіла двух дзяцей. Раней Вера часта прыяжджала да сваякоў у Беларусь, але цяпер цяжка хварэе…
У Любчы яшчэ засталіся сваякі Тамары Чэрамшагінай, памятаюць яе і суседзі. Бацька Тамары Сяргей Пятровіч Чэрамшагін прыехаў у Любчу пасьля Першай Сусьветнай вайны, як кажуць людзі, з Расеі. Тут ён ажаніўся зь мясцовай дзяўчынай Кацярынай. У іх нарадзілася пяць дзяцей: чатыры дачкі й сын. Зь Любчы Тамара паехала вучыцца ў Наваградзкую настаўніцкую сэмінарыю ў 1942-м годзе. Летам 1944-га году пайшла на Захад разам з "рагулеўцам" Андрэем Вайтовічам. Пасьля быў "Дальвіц", дэсант, цяжкасьці падпольнага жыцьця…
У Любчы пра лёс Тамары ніхто ня ведае. Сваякі, нібыта, таксама. Яшчэ нядаўна ўжывых была толькі адна сястра Тамары Люся, жыла яна дзесьці ў Прыбалтыцы. У Латвіі калісьці жыла й сястра Зіна…
Дзе жыла Тамара, невядома. Але тое, што яна выжыла ў пасьляваеннай партызанцы або ў канцлягерох - гэта факт. Аднойчы праз сваю сяброўку Маню Ясінскую перадавала вестку сябру. Паспрабавалі мы схапіцца за гэтую нітку, але спазьніліся - Ясінская ўжо памерла…
Пра тое, што ў 60-ыя гады Тамару шукала КГБ, мне распавядаў былы палітвязень Пётра Р. Прынамсі, у Горадзеньскім упраўленьні КГБ у яго пра Тамару распытвалі чэкісты.
Чэрамшагіна і Краскоўская не былі адзінымі радысткамі ў "Дальвіцы", былі й іншыя. Адна цяпер жыве на Захадзе, мае ўжо іншае прозьвішча. Яна, параненая, здолела вярнуцца зь Беларусі ў Нямеччыну… Яшчэ адна парашутыстка зараз жыве ў Расеі. У рукі бальшавікоў яна трапіла ў 1947-м годзе, зараз шукае свайго брата, які згубіўся ў пасьляваеннай Эўропе…

Сяргей ЕРШ

На здымках: Вера Краскоўская ў зьняволеньні. 1950-ыя гг.;
Тамара Чэрамшагіна і Андрэй Вайтовіч,Наваградак, 1942 г.