НАШАЯ АХВЯРНАСЬЦЬ

СТАТЫСТЫКА РАССЫЛКІ КАЛЯДНЫХ ПАШТОВАК

Напярэдадні Калядных сьвятаў большасьць падпісчыкаў "Беларуса" атрымала набор калядных паштовак. Ведаючы, як цяжка знайсьці беларускія сьвяточныя карткі ня толькі ў замежжы, але і ў Беларусі, рэдакцыя спынілася менавіта на такім праекце. Разам з тымі карткамі быў укладзены ліст з просьбаю ахвяраваць $10 ці, калі хто можа, трошкі больш на падтрымку выдавецкага фонду газэты.
Час падвесьці вынікі. А яны выглядаюць наступным чынам. Адгукнуліся на просьбу рэдакцыі 51% асобаў, якія атрымалі наборы паштовак.
Зь ліку тых, хто прыслаў у рэдакцыю ахвяраваньне, 16% ахвяравалі $50 ці больш. Падтрымку большую за $20, але менш за $50 вырашылі даць 13% атрымашых паштоўкі. 30% ахвярадаўцаў даслалі ўдвая больш прапанаванай сумы. Па $15 даслалі яшчэ 11% нашых прыхільнікаў. 30% даслаўшых уплаты ахвяравалі прапанаваную суму ў $10. Гэта тыя нашыя прыхільнікі, на падтрымку якіх мы можам заўжды разьлічваць, яны стараюцца падтрымліваць нашую працу як толькі могуць.
Вось такія вынікі нашага сьвяточнага праекту. Магчыма, некаму яны здадуцца ня вельмі абнадзейваючымі, але досьвед грамадзкае працы падказвае, што гэты вынік нашмат лепшы за іншыя нашыя ініцыятывы. Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, хто адгукнуўся на нашую просьбу. Дзякуючы Вашай ахвярнасьці выдавецкі фонд газэты павялічыўся больш як на $1200. Таксама спадзяёмся, што тыя асобы, якія яшчэ не пасьпелі адказаць, улічаць вынікі гэтага праекту ў будучым, падчас абнаўленьня сваіх гадавых падпісак.

Марат Клакоцкі