Пераклады Максіма ШЧУРА

Поль ВЭРЛЕН
(1844-1896)

Соннае сонца
("Вершы з Сатурну")

Водбліск слабы
Соннага сонца
Песьню журбы
Шэпча старонцы.
Песьня журбы
Льецца бясконца,
Сэрца нібы
Соннае сонца.
Усюды спакой
Гэткі-ж дрымотны:
Побач з ракой
Мкнуцца фантомы
Сумнай чаргой-
Поступ нястомны
Гушкае сонны
Сонца спакой.

*

Восеньская песьня
("Вершы з Сатурну")

Той крык даўгі
Той смык тугі
Маёй тугі
Душу крануў
І агарнуў
Крысом смугі.

Дарэмны ўздых,
Нядрэмны слых:
Гадзіньнік б'е.
Па маладых
Гадох маіх
Дождж сьлёзы лье.

Вецер мяне
Панылы мкне
З сабой кудысь-
Няхай, абы
Валок, нібы
Засохлы ліст.

("Добрая песьня")

Месяцу бель
Лашчыць яліны;
Ціхая трэль
З кожнай галіны
Ў далеч нясецца...

О, маё сэрца.

Стаў люстраны
Няньчыць адбітак.
Вецер начны
Ў гольлі вярбы так
Скрушна скуголіць...

Шчасны, хто мроіць

У гэты час:
Цемра навокал
Зорны папас,
Статак аблокаў,
Сьцішаны гоман...

Казачны момант.

*

("Рамансы бяз словаў")

Гэты мройны экстаз,
Гэты сьпеў у адказ
Між галінаў дрыготкіх лясоў,
Гэты стрыманы брыз,
Стомнай жарсьці капрыз-
Хор маленькіх лясных галасоў.

Ціхі шум, бы скрозь сон-
Мне нагадвае ён,
Як чарот свае песьні вядзе...
Для цябе ж, мой анёл,
Ён - што рух камянёў,
Незаўважны ў празрыстай вадзе.

Стогн, што чуецца нам -
Можа быць, гэта сам
Нашых душаў нястрыманы плач?
Пакуль доўжыўся сьпеў,
Сумны вечар пасьпеў
Пасьцяліць нам вільготны свой плашч.

Альфонсіна СТОРНІ
(1892-1938)

Бывай!

Памерлыя рэчы не ўваскрасаюць,
Пачуцьці памерлыя - дык пагатоў,
Калі ўдрузгі шклянкі няўзнак разьбіваюць,
Шкляныя аськепкі ня клеяцца зноў.

Калі ападаюць з галінкі суквецьці,
То ведаюць - двойчы ім не красаваць,
Суквецьці, што ломіць бязьлітасны вецер,
Ня будуць ніколі ўжо больш існаваць!

Мінулыя дні, што прайшлі незваротна,
Бясплённыя, страчаны вы назаўжды!
І пошугі крылаў дрымоты самотнай
На долі секундаў разьбілі гады.

Маркотныя цені, журботныя цені,
Страхотныя вырабы нашага зла!
Пабляклыя рэчы, пабляклыя ймгненьні,
Пацеха нябёская з вамі сыйшла!

О, сэрца... заціхні! Схавайся ад ранаў,
Ад шнараў заразных - схавайся ад зла!
Усё, што даткнецца цябе - памірае,
Праклятае сэрца, дзе жарсьць аджыла!

Бывайце, мае непражытыя негі!
Бывай, мая радасьць мінулых гадоў!
Пабляклыя рэчы, пабляклыя ймгненьні
Ня вернуцца - радасьці дык пагатоў.

Стома

Усім нам, усім знаёмы той невыносны жаль,
Час невытлумнай стомы, калі дзень памёр амаль,

Калі сыходзіць наш сябар, які нам прынёс цяпло,
Маўляў чараўнік-зьнікае, нібы яго не было.

Калі благія ўспаміны зьбіраюцца ўсе ў адзін,
Калі душа - быццам крылаў празрыстых адзіны ўздым,

Калі гаворыцца лёгка: шанец роўны нулю,
Што зробленае мной сёньня я некалі зноў зраблю.

Значыцца, гэта боязь сілкуе маю тугу
Зьнікнуць, зь якой нічога я зрабіць не магу.
Гэта неіснаваньне гаворыць маё са мной,
Палохае мяне, раніць, шпурляе мяне на дно й

Падпарадкоўвае. Гэткай сама я стацца хачу -
бязглуздай, марнай, манэрнай рэччу ва ўсіх уваччу.

Дробязь, якую нехта хавае сабе ў кішэнь,
гадзіньнік, пярсьцёнак, цацка, якая заўгодна дрэнь...

Быць непрытомнай рэччу, якую нясуць кудысь,
Якая ня ведае болей як і навошта жыць.
........................................................................................
Усім нам, усім знаёмы той невыносны жаль,
Час невытлумнай стомы, калі дзень памёр амаль.

Прыйдзі

Прыйдзі сёньня ўночы, каханы; сьвет
Лёг мне цяжарам на сэрца... Ушчэнт
Лёс мой разьбіты... Прыйдзі, бо ўва мне
Боязь самой сябе мкне.

Плакаць я больш не магу... Будзе лепш,
Калі ты дасі мне руку й зірнеш,
Як па шчацэ душа ўніз паўзе,
Засяроджаная ў сьлязе.

Мікробы

Я ніколі ня думала, быццам у Бога ёсьць формы.
Ягонае абсалютнае існаваньне ня ведае нормы.
Вочы яму непатрэбныя: ён зоркамі пазірае.
Рукі яму непатрэбныя: ён хвалямі мора б'е.
Язык яму непатрэбны: ён маланкамі прамаўляе.
Адылі, скажу табе,
Хоць табе й дзіўна будзе,
Мне вядома, што ў ім - мікробы. Гэта рэчы і людзі.

Салодкая мроя

Дзе вы, зачараваныя сады,
Дзівосы, на якія я палюю?
Жыцьцё я больш у колер не малюю:
Ёсьць іншы сьвет. Як трапіць мне туды?

У водары сузор'яў, ля вады
Я чую сьпеў Дыяны - той, якую
Я перасьледую, за кім даўно цікую:
Дзе-ж ейныя згубіліся сьляды?

Куды мне йсьці: на поўдзень, ці на поўнач?
Мара мая са мною рушыць побач,
Чапляюць мяне ружы за крысо.

Я танец зь імі свой ня ў моцы скончыць,
А за кустамі лёс няўмольны сочыць,
І Паляўнічая разгортвае ласо.