ПЕРАМІНЁМ ЦІ ПЕРАМЕНІМ?
Пасля падзеньня “жалезнай заслоны” краіны Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы вызваліліся ад прыгнету камуністычных рэжымаў. На жаль, разьвіцьце падзеяў у адной з усходнеэўрапейскіх краінаў прывяло да ўзьнікнення новай аўтарытарнай сыстэмы, якая абмяжоўвае асноўныя правы й свабоды чалавека. Гэтаю краінаю зьяўляецца Беларусь, зь ейным кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам - апошнім дыктатарам на эўрапейскім кантынэнце.
Пасьля абраньня А. Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1994-м годзе толькі праз пэўны час насельніцтва пачало разумець рэальныя напрамкі дзейнасці новага кіраўніка краіны на ўсталяваньне свайго аўтарытарнага рэжыму. У гэты час ў Беларусі пачалі дзейнічаць апазыцыйныя арганізацыі, альбо ўжо існуючыя зьмянілі напрамкі сваёй дзейнасьці на супраціўленьне існуючаму рэжыму. На цяперашні час у Беларусі дзейнічае даволі значная колькасць апазіцыйных арганізацыяў і партыяў нягледзячы на тое, што рэжым вядзе бесперапынную барацьбу зь імі.
Найбольш цікавым зьяўляецца той факт, што значную частку апазыцыі складае моладзь. Яшчэ са школы мы памятаем, што на "барыкадах французскай рэвалюцыі" стаяла моладзь. Дык што гэта - толькі жаданьне моладзі з кім-небудзь супраць чагосьці пазмагацца, толькі таму што гармоны й маладая кроў, альбо жаданьне бачыць сваю краіну моцнаю незалежнаю дзяржаваю, якая-б шанавала сваю гісторыю, мову, культуру, самабытнасць і ў той-жа час была сацыяльна, эканамічна, культурна і тэхнічна разьвітаю краінаю і мела сваю вагу ў сусьветнай супольнасці.
Я лічу, што, несумненна, прагрэс і разьвіцьцё - гэта тое, да чаго павінна ісьці кожная краіна. Моладзь - гэта тая частка насельніцтва, якая мае найбольшыя сілы, патэнцыял і жаданьне зьмяніць штосці й ісці наперад. Старэйшыя людзі таксама ня будуць сядзець склаўшы рукі, але яны часта ня маюць часу, занятыя нізкааплатнаю працаю, каб пракарміць сям'ю ( між іншага, гэта добры інструмэнт, каб адцягнуць чалавека ад палітыкі, больш працуе - менш часу на разважаньні, не кажучы аб удзеле ў дзейнасьці нейкіх партыяў).
На жаль, і моладзь не заўсёды мае магчымасьць праявіць сваю волю і жаданьне на шляху да лепшага жыцьця. Як сведчыць статыстыка, з пагаршэньнем сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне маладыя людзі ўсё часьцей папаўняюць шэрагі гарадзкіх бяздомных. Штогод гарадзкое ўпраўленне ўнутранных справаў Менску рэгіструе каля паўсотні чалавек ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў, якія трапляюць пад графу "асоба бяз пэўнага месца жыхарства". Адною з асноўных праблемаў зьяўляецца атрыманьне працы, бо значная частка гэтых асобаў мае вышэйшую адукацыю. У такой сытуацыі ўжо не да ўдзелу ў розных палітычных мерапрыемствах.
Трэба заўважыць, што ў Беларусі дзейнічаюць ня толькі апазіцыйныя арганізацыі, але і прэзыдэнцкія. З аднаго пункту гледжаньня гэта вельмі добра, таму што на шляху да дэмакратыі вялікая колькасць людзей ускладае надзею на свабоду слова, свабоду свайго палітычнага шляху, веру ў свае ідэалы. Аднак не ў Беларусі. Вялікая барацьба вядзецца з апазыцыйнымі арганізацыямі, а ў прэзідэнцкія наадварот, дабравольна-прымусова заганяюць людзей.
Я лічу, найбольш бачным і дакладным прыкладам зьяўляецца Беларускі Патрыятычны Саюз Моладзі ( БПСМ). Напрыклад, у мяне ёсць знаёмыя, якія сутыкнуліся з праблемамі працаўладкаваньня, калі пры запаўненні анкеты пры прыняцьці на працу, у графе "Ці зьяўляецеся вы сябрам якой-небудзь палітычнай арганізацыі?" яны сумленна напісалі назву дэмакратычнай арганізацыі, сябрамі якое былі. Праз некаторы час абодва атрымалі адмоўны адказ. На пытаньне, чаму іх не ўзялі на працу, сярод некалькіх вельмі нелягічных апраўданьняў было тое, што калі-б яны былі дзеячамі БПСМ, то было-б значна лепш.
Некалькі гадоў таму мой сябра спрабаваў выехаць у ЗША, і калі ён пайшоў у амэрыканскую амбасаду на інтэрв'ю, то візу яму не далі. Ен вырашыў падаць на апэляцыю, дзе павінен быў даказаць, што мае моцныя сацыяльныя і эканамічныя сувязі са сваёю краінаю і не пры ніякіх абставінах не застанецца ў ЗША. Ен напісаў ліст, ў якім распавёў, як ён добра жыве на радзіме, мае шмат сябраў, як добра забясьпечаныя ягоныя бацькі, як ён бачыць сваю будучыню пасьля вучобы ва ўнівэрсытэце, і якім актыўным дзячом БПСМ ён зьяўляецца.(Трэба дадаць, што ў БПСМ ён уступіў тады, калі атрымаў першы адказ, бо даведаўся, што дзеяч апазыцыі мае менш шансаў атрымаць візу, бо яго палічаць патэнцыйным эмігрантам, а сяброўства ў прэзыдэнцкай арганізацыі надае больш веры ў вяртаньне дамоў. На самой справе ён быў і ёсьць актыўным дзеячом беларускай апазыцыі.) На той час у амбасаду ЗША прыйшло каля 200 апэляцыйных зваротоў, пазытыўны адказ атрымалі толькі 11 чалавек, мой сябар быў сярод іх.
БПСМ атрымаўвае ад дзяржавы вялікія сродкі на правядзеньне агітацыі, мерапрыемстваў для моладзі, арганізацыю адпачынку ў летніх лягерох, сродкі на офісы арганізацыі, якія раскіданыя па тэрыторый усёй Беларусі. На жаль, незалежныя арганізацыі ня маюць такіх магчымасцяў і шмат што хацелі-б зрабіць, але на ўсе не хапае грошай, тым больш, што ворганы правапарадку па надуманых прычынах прызначаюць вялікія штрафы, як арганізацыям увогуле, так і іхным сябрам.
Таксама цікавым зьяўляецца той факт, што пры шчырай размове многія сябры БПСМ прызнаюцца, што ня вера ў ідэалы й накірункі дзейнасці гэтае арганізацыі прыцягвае іх, а льготы пры паступленьні на вучобу альбо пры ўладкаваньні на працу, магчымасць бясплатнага летняга адпачынку, фінансавая дапамога ў відзе прэміяў, а таксама страх (няўпэўненасьць) за сваю будучыню, жыцьцё.
Але беларуская моладзь імкнецца да пераўтварэньняў, нягледзячы на арышты за расклейку ўлётак, за ўдзел ў дэманстрацыях, за тое, што адкрыта гавораць праўду на вуліцах, нягледзячы на выключэньні з унівэрсытэтаў.
У маладых беларусаў застаецца вера ў будучую Беларусі, дзяржаву сусьветнага ўзроўню, з высокаю культураю, адукацыяй, навукова, тэхналягічна і інфармацыйна разьвітую і незалежную. І гэтая вера натхняе іх не сядзець склаўшы рукі нават пакінуўшы Беларусь, бо яшчэ прыйдзе той дзень, калі ўсе тыя, хто вымушаныя былі хавацца ад перасьледу, змогуць вярнуцца на Бацькаўшчыну з новым досьведам, ў новай адукацыяй, ў новымі сіламі.

Максім АЎСЕЕЎ, Дэнвэр