Гадавы сход
Беларускага Аб'еднаньня ў Пэрце (Аўстралія)
Гадавы зьезд Беларускага Аб'еднаньня ў Заходняй Аўстраліі прайшоў 3-га жніўня ў залі Беларускай Грамадзкай Хаты па 43 Драйнан стрыт ў Байсвотэр.
Адкрыў зьезд Старшыня ўступаючай управы Міхась Раецкі-малодшы. У празыдыюм зьезду былі выбраныя: Міхась Раецкі-старэйшы і Марылька Ёлаб. Справаздачу з агульнай дзейнасьці арганізацыі здаў Міхась Раецкі-малодшы, з фінансавай - Алекс Мароз, вонкавых сувязяў - Міхась Раецкі-старэйшы. Усе справаздачы былі прынятыя вельмі прыхільна. У новую Ўправу былі абраныя: Старшыня - Міхась Раецкі-малодшы, заступнік старшыні - Міхась Елаб, сакратар - Марылька Ёлаб, скарбнік - Алекс Мароз, вонкавыя сувязі - Міхась Раецкі-старэйшы, прэса - Марыя Мароз.
Пасьля выбараў праходзілі размовы ў справе сплаты залежнасьці пазычаных грошай на пабудову Грамадзкай Хаты. Закончыўся зьезд агульным пачастункам, за падрыхтоўку якога належыцца шчырая падзяка спадарыням: С. Ніжнік, М. Мароз, Руце Бразоўскай і Марыльцы Ёлаб.
* * *
Ушанаваньне памяці прарока беларускай зямлі Янкі Купалы сёлета з агляду на ашчаднасьць часу, было аб'еднанае ў адную акцыю, якая адбылася 6-га ліпеня ў Беларускай Грамадзкай Хаце.
Пачалася ўрачыстасьць Купалавай песьняй "Я ад вас далёка", а з цікавымі дакладамі па-беларуску і па-ангельску выступілі малодшы й старэйшы Раецкія.
Пасьля афіцыйнай часткі ўдзельнікі перайшлі з размовамі на справы арганізацыі, па заканчэньні якіх адбыўся пачастунак.
Р. М.