Парафіяльны пікнік
адбыўся 14-га верасьня 2003-га году ў царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд Парку, Нью Джэрзы. Сьвятую Літургію адслужыў а. Вячаслаў ў прысутнасьці іерадыякана Васіля. Царкоўны хор пад кіраўніцтвам сп. Якуба Сапежынскага пяяў набожна і мілагучна. У царкве было шмат малельнікаў. Як і заўсёды на заканчэньні хор сьпяваў наш рэлігійны гімн "Магутны Божа". Потым была адслужаная паніхіда па сьв. пам. Івану Літвіненку, які доўгія гады быў царкоўным старастам.
Пасьля паніхіды ўсе вернікі й госьці, сярод якіх быў і сп. Зянон Пазьняк, зышлі ў царкоўную залю, каб пачаць пікнік. Адкрыў яго а. Вячаслаў малітваю "Ойча наш..." Смачныя стравы з гэтае нагоды падрыхтавалі Лана Дубяга, Люся Корнэр, Ала і Віктар Дубягі, Марыя Верабей, Валеры Дворнік. Музыкаю і сьпевамі папулярных беларускіх песьняў забаўляў Алесь Балотнік. Некалькі параў пайшлі ў скокі.
Лятарэю з шматлікімі цікавымі фантамі вёў сп. Алекс Сільвановіч з памочнікамі, унукамі др. Вітаўта Кіпеля.
Пікнік прайшоў у добрай сяброўскай бясядзе. Царкоўная ўправа дзякуе ўсім, хто прынёс фанты на лятарэю і прыклаў намаганьні да пасьпяховага правядзеньня пікніку, які прынёс царкве някепскі прыбытак.
Кастусь ВЕРАБЕЙ