ГАНАРОВАЕ СЯБРОЎСТВА ПІСЬМЕНЬНІКАЎ ЭМІГРАЦЫІ
Рада Саюзу пісьменьнікаў Беларусі зацьвердзіла палажэньне, паводле якога тыя літаратары, якія жывуць замяжою і ня могуць стала ўдзельнічаць у працы пісьменьніцкае арганізацыі, маюць права быць ейнымі ганаровымі замежнымі сябрамі. Першымі гэтым званьнем уганараваныя тры беларускія літаратары з ЗША й адзін з Канады.
Дзякуючы сужэнству Зоры й Вітаўта Кіпеляў Амэрыка ведае пра Беларусь. Літаратуразнаўчую і перакладніцкую працу супрацоўніцы Нью-Еркскае публічнае бібліятэкі Зоры Кіпель цяжка пераацаніць. Як немагчыма пераацаніць унёсак літаральна ва ўсе сфэры беларусазнаўтва стваральніка і кіраўніка Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ерку, публіцыста і кнігавыдаўца Вітаўта Кіпеля. Навіну пра прыняцьцё ў ганаровыя сябры пісьменьніцкае грамады яны ўспрынялі з радасьцю. Вітаўт Кіпель з гэтае нагоды сказаў: "Мы працавалі ўсё жыцьцё зь Беларусьсю і для Беларусі, хоць жылі мы па-за Беларусьсю і праца наша была па-за Беларусьсю. І таму фармальная прыналежнасьць да арганізацыі, якая на Бацькаўшчыне, успрымаецца зь вялікай падзякай, зь вялікім энтузіязмам.
Паэт, публіцыст, навуковец Янка Запруднік таксама жыве ў Нью-Ерку, але працуе для Беларусі. На радзіме творы й навуковыя працы Янкі Запрудніка сталі вядомыя толькі за часы незалежнасьці. Тады ў адным зь недзяржаўных выдавецтваў была выдадзеная ягоная кніга "Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях". Апошняя кніга Запрудніка - "Дванаццатка", прысьвечаная сябрам эміграцыйнае маладосьці, патрапіла ў сьпіс мінулагодніх бэстсэлераў паводле апытаньня чытачоў, якое праводзіла газэта "Наша Ніва".
Патрапляў у сьпіс бэстсэлераў і раман канадыйскага беларускага пісьменьніка Кастуся Акулы "Змагарныя дарогі", перавыдадзены ў 1994-м годзе ў Беларусі выдавецтвам "Мастацкая літаратура". Спадар Акула спадзяецца, што і астатнія ягоныя кнігі будуць выдадзеныя на Радзіме. Рашэньне Рады Саюзу пісьменьнікаў ён успрыняў як спробу злучыць ўсіх беларускіх літаратараў у супольнай працы для хутчэйшага ўсталяваньня ў Беларусі дэмакратычных каштоўнасьцяў. "У Беларусі робяцца намаганьні, каб нашых творчых людзей па цэлым сьвеце спалучыць, каб працавалі для ўсталяваньня гуманітарных правоў чалавека…". - сказаў ён.
Прапановы прыняць замежных беларускіх літаратараў у пісьменьніцкі саюз, выказвалася яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, але тады яны не знайшлі падтрымкі бальшыні сяброў Рады.
Паводле Радыё Свабода