Пагляд на сытуацыю ў Беларусі з Эўропы
Погляды многіх заходніх палітыкаў на беларускую апазыцыю – нерэалістычныя і адарваныя ад спэцыфічна беларускага палітычнага і гістарычнага кантэксту, – сказаў дырэктар Інстытуту за дэмакратыю ва Ўсходняй Эўропе сп. Эрык Чэнавэт падчас сустрэчы ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі дзяржаўных і няўрадавых арганізацыяў ЗША. Сп.Чэнавэт выклаў свой пагляд на разьвіцьцё апазыцыйнага руху ў Беларусі на падставе ягонай паездкі ў Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.
Паколькі на Захадзе беларускую сытуацыю прыраўноўвалі да сытуацыі ў Сэрбіі пад Мілошавічам, сп. Чэнавэт запрасіў Мільенка Дэрэта, дырэктара Сэрбскай грамадзянскай ініцыятывы, суправаджаць яго ў паездцы па Беларусі. Абодва яны наведалі Менск, Горадню, Барысаў і Жодзіна ды сустрэліся з актывістамі прадэмакратычнага руху і незалежнымі мас-мэдыямі.
На думку сп. Чэнавэта, беларускі прадэмакратычны палітычны рух і грамадзянская супольнасьць больш уражваюць, чым у свой час дэмакратычны рух Чэхіі. Ён прывёў у прыклад інтэрвію з Вацлавам Гавэлам, узятае перад развалам сацыялістычнага блёку. Гавэл сказаў тады, што зьмены ў Чэхіі немагчымыя, і што людзі не мяняюцца. У Беларусі, паводле Чэнавэта, грамадзянская супольнасьць і маладзёжны рух моцна разьвітыя. Але сытуацыя ў цэлым мае сваю спэцыфіку, якая розьніць Беларусь ад, прыкладам, Сэрбіі. Яна палягае ў геаграфічным становішчы, нацыянальнай гісторыі, адсутнасьці адзінства сярод апазыцыі, і, што найбольш важна, ролі “старэйшага брата”. Захад паспрабаваў у Беларусі сэрбскі сцэнар аб’еднаньня апазыцыі й вылучэньня адзінага кандыдата. Але няўдача адзінага кандыдата на выбарах была патрактаваная як слабасьць апазыцыі. Адпаведна, падтрымка Захадам беларускіх дэмакратычных сілаў і незалежных мас-мэдыяў істотна зьменшылася пасьля лета 2001 году.
На думку спадара Чэнавэта, рэакцыя Захаду мусіла быць якраз адваротнаю, калі-б да апазыцыі не падыходзілі зь меркамі іншых краінаў. Адною з памылак Захаду сп. Чэнавэт бачыць спробу аб’яднаць у апазыцыю палярныя сілы рознай вагі, ад беларускіх прадэмакратычных да прарасейскіх камуністычных партыяў. Змушанае вылучэньне кандыдата, непапулярнага сярод бальшыні партыяў, разам зь іншым і прывяло да паразы ў выбарах.
Аднак нават гэткі вынік выбараў сп. Чэнавэт ня лічыць марным. Мабілізацыйная кампанія 2001 году аб’яднала многія сілы й спрычынілася да пашырэньня грамадзянскай супольнасьці. Рэакцыяй на гэта мусіла-б быць яшчэ большая падтрымка недзяржаўных ды апазыцыйных арганізацыяў, як гэта сталася ў Сэрбіі пасьля няўдачы пратэстаў 1997 году, а не адварочваньне ад іх. Таксама беспэрспэктыўнай і шкоднай лічыць Чэнавэт спробу ЗША паўплываць на рэжым Лукашэнкі праз Расею.
На заканчэньне сп. Чэнавэт выказаў думку, што падыход ЗША і Эўропы мусіць быць такі, які-б павялічыў падтрымку грамадзянскай супольнасьці й прэсы, а рэжым Лукашэнкі надалей трымаў у палітычнай і дыпляматычнай ізаляцыі. Даўгажыцьце рэжыму, сказаў ён, ня мусіць быць узнагарожанае легітымізацыяй яго.
Радыё СВАБОДА