ДЗЕЙНАСЬЦЬ БАЗА Ў АГАЁ
Урачыста прайшла 9-га сакавіка Божая служба ў царкве Жыровіцкай Божай Маці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Стронгсвіле ля Кліўленду. Як заўсёды прыгожа гучалі галасы сьпевакоў царкоўнага хору, сьвятар распавёў пра пачатак Вялікага Посту, пра тое, што гэта ня толькі ўстрыманьне ад скаромнае ежы, але і вялікая духоўная праца. Падчас літургіі прагучалі выбачальныя малітвы. Пасьля заканчэньня ўсе парафіяне перайшлі ў царкоўную залю, дзе на іх чакаў добры пачастунак: аладкі й дранікі.
Але ня толькі вышэйпералічаным адзначыўся гэты вясновы дзень у жыцьці беларусаў штату Агаё. У залі беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру "Полацак" быў праведзены ініцыятыўны сход па актывізацыі дзейнасьці Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Яго распачаў сп. Пол Васілеўскі, старшыня кліўлендзкага аддзелу БАЗА, нагадаўшы прысутным мэты й задачы арганізацыі, а таксама дзейнасьць аддзелу за апошні час. Ен падкрэсьліў неабходнасьць актывізацыі ягонай дзейнасьці й мясцовага беларускага жыцьця ўвогуле.
Сп. Васіль Мельяновіч паведаміў удзельнікаў сходу аб тым, што за мінулыя два тыдні больш за 50 беларусаў Агаё даслалі лісты сваім кангрэсмэнам з заклікам падтрымаць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Былі адасланыя калектыўныя лісты ад аддзелу БАЗА і ад Беларускага Кангрэсовага Камітэту, які ўзначальвае сп. Мельяновіч.
Зьмястоўную прамову меў прафэсар і сьпікер беларускага парляманту Сямён Шарэцкі, які ўзгадаў шматгадовую гісторыю БАЗА ў Кліўлендзе, ягоных заснавальнікаў і даў свае парады па складу ўправы аддзелу і яе будучае дзейнасьці.
Зь вялікаю зацікаўленасьцю слухалі ўдзельніку сходу парады кіраўніка "Полацаку" сп. Анатоля Лук'янчыка. Тым больш, што па дамове з кіраўніцтвам "Полацаку" аддзел БАЗА будзе мець сядзібу ў памешканьні гэтага найбуйнейшага беларускага цэнтру на эміграцыі. А юрыдычны адрас агаёўскага аддзелу БАЗА будзе: 11022 Webster Rd, Strongsville, OH 44136. Сп. В. Мельяновіча прапанаваў ўдзельнікам сходу аднавіць дзейнасьць аддзелу БАЗА ня толькі як кліўлендзкага, але як агульна агаёўскага, бо ёсьць нямала сьведамых беларусаў і ў Калямбусе, і ў Цынцынацці. Гэтая прапанова была аднагалосна падтрыманая.
Потым адбыліся выбары кіраўніцтва аддзелу БАЗА ў Агаё. Старшынём быў абраны сп. Пол Васілеўскі, яго аўтарытэт і арганізатарскія здольнасьці добра ведаюць і памятаюць многія беларусы, асабліва пасьля ўдала зарганізаванай пад ягоным кіраўніцтвам Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў 2000-м годзе. Намесьнікам старшыні аднагалосна быў абраны др. Сяргей Раманюк. Сакратаром управы аддзелу стаў сп. Васіль Мельяновіч, сябрамі ўправы: Бахціяр Бахціяраў, Віктар Літвінка, Іна Прусінік, Хведар Паўлавец. Рэвізыйная камісія была абраная ў складзе: Сьвятланы Белай, Алеся Кабякі й Віктара Лукашэвіча. Новае кіраўніцтва аддзелу пагадзілася першым мерапрыемствам адноўленае арганізацыі зрабіць урачыстае сьвяткаваньне 25-га Сакавіка.
Есьць упэўненасьць, што дзейнасьць БАЗА ў Агаё будзе пасьпяхова пашырацца. Пераважная большасьць сяброў маюць 30-45 гадоў, яны высока адукаваныя мэнаджэры, музыкі, мастакі, дактары, паліцэйскія, інжынеры. Маладая і моцная беларуская грамада на зямлі Агаё можа добра папрацаваць на карысьць нашае нацыянальнае справы. У добры шлях.

Сяргей ВАСІЛЬЕЎ

На здымку зьлева направа: Алег Прузынік, Сьвятлана Паўлавец, Яўген Кабяка, Бахціяр Бахціяраў, Васіль Мельяновіч, Іна Прузынік, Сяргей Харытонаў, Анатоль Луч’янчык, Хведар Паўлавец, Тамара Раманюк, Пол Васілеўскі, Віктар Літвінка, Віктар Лукашэвіч.

“Полацак” абраў новае кіраўніцтва
Добрую падтрымку маюць беларусы Кліўленду ад сп. Анатоля Лук'янчыка й ягонай сям'і, якія ўжо шмат гадоў дапамагае землякам на эміграцыі й на Бацькаўшчыне. Аўтарытэт і адданасьць беларускай справе сп. Лук'янчыка ведамыя ўсім. Таму і абралі яго беларусы Кліўленду на сходзе 16-га сакавіка ізноў кіраваць дзейнасьцю культурна-рэлігійнага цэнтру "Полацак".
На сходзе была заслуханая справаздача кіраўніка і рэвізыйнай камісіі, зь якіх было відаць, што фінансавыя справы ў найбуйнейшым беларускім цэнтры ідуць добра. Прывабнымі былі й пляны на наступны год. Удзельнікі сходу таксама абралі новы склад кіруючага камітэту "Полацку" і выказалі надзею, што гэты камітэт пад кіраўніцтвам сп. Лук'янчыка будзе пасьпяхова працягваць працу па захаванью і памнажэньню беларускай прысутнасьці ў Агаё.

СВ

На здымку: Сямён Шарэцкі віншуе Анатоля Лук’янчыка з даверам беларускай грамадзкасьці Кліўленду.