Беларуская замежная прэса і радыё

Радыё Палёнія

Беларуская Служба Польскага Радыё ўваходзіць у структуру Радыё Палёнія - Праграмы для Замежжа грамадзкага Польскага Радыё, якая працуе на 7 мовах: польскай, беларускай, украінскай, расейскай, ангельскай, нямецкай і эспэранта.
Беларуская Служба Польскага Радыё была заснаваная 12 гадоў таму - 13 студзеня 1992 году, але першая перадача ў беларускай мове выйшла ў этэр ужо 15 сьнежня 1991 году ў праграме Польскае Службы. Некалькі месяцаў раней былі заснаваныя Летувіская і Ўкраінская Службы (першая зь іх, нажаль, ужо не існуе). Заснаваньне гэтых трох службаў было рэакцыяй Польскага Радыё на ўзьнікненьне за ўсходняю мяжою Польшчы незалежных дзяржаваў.
Цягам гэтага часу ў працы Беларускай Службы Польскага Радыё заўважаліся істотныя зьмены. Па-першае, павялічыўся этэрны час з 25 хвілінаў у першы год дзейнасьці да 2,5 гадзінаў сёньня. Апрача кароткіх хваляў (частоты 5995 і 7180 kHz, а 16.30 і 19.30 паводле беларускага часу) перадачы Беларускай Службы Радыё Палёнія можна слухаць па спадарожніку Eutelsat II F-6 Hot Bird (13 градусаў усходняе даўжыні, частата 11.474 GHz, гарызантальная палярызацыя, нясучая гуку 7.38 MHz, а 7.30, 16.30, 19.30 і 23.30). Паўгадзінная перадача знаходзіцца таксама ў сыстэмах Real Audio і Windows Media, якія можна слухаць у Эўропе і ЗША. Дастаткова увайсьці на iнтэрнэтную старонку Беларускае Службы www.radio.com.pl/polonia і слухаць у выгадны для сябе час. Навіны ды некаторыя іншыя перадачы, якія аднак не адлюстроўваюць цэлага этэру, можна таксама прачытаць. Дзьве перадачы Беларускае Службы рэтрансьлююцца замежнымі станцыямі: Радыё з-над Віліі (а 23.30) і "Балтыйскімі Хвалямі" (а 24.00).
У першы пэрыяд дзейнасьці Беларуская Служба інфармавала слухачоў у Беларусі перадусім пра найважнейшыя падзеі з розных галінаў жыцьця польскае дзяржавы, пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні ды пра сытуацыю нацыянальных меншасьцяў: беларускай у Польшчы й польскай у Беларусі, сыходзячы з пазыцыяў, што сaпраўдная інфармацыя дазволіць узбагаціць веды беларусаў пра Польшчу і такім чынам прычыніцца да лепшага ўзаемаразуменьня.
Разам са зьменаю палітычнае сытуацыі ў Беларусі, з прыходам да ўлады прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, калі Беларусь пачала адыходзіць ад сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў, імкнучыся адначасова да інтэграцыі з Расеяй і ўводзячы пры гэтым інфармацыйную блякаду, Беларуская Служба ўзяла на сябе дадатковы абавязак - паведамленьня пра падзеі ў Беларусі ды пра трактоўку беларускіх уладаў міжнароднай грамадзкаю думкаю. Некаторы адсотак этэрнага часу прызнaчаецца таксама дасягненьням беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, ЗША й Канадзе.
Ад самага пачатку Беларуская Служба Польскага Радыё старалася наладзіць супрацоўніцтва зь іншымі СМІ, якія працуюць на беларускай мове. Вельмі карыснaй зьяўляецца супраца з Рэдакцыяй Нацыянальных Меншасьцяў Радыё Беласток. Калегі зь Беластоку перадаюць інфармацыю пра падзеі на Беласточчыне, дзе кампактна жыве вялікая колькасьць беларусаў, а таксама пра памежнае польска-беларускае супрацоўніцтва.
Актыўна прадстаўлялася супраца і з мэдыямі ў Беларусі. Ужо пасьля першага году існаваньня наладзілася супраца з радыёстанцыяй "Беларуская Маладзёжная", якaя працягнулася да моманту ліквідаваньня станцыі. Супольна з "БМ" быў падрыхтаваны радыёмост Варшава-Менск з удзелам тагачаснага прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы й старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча. Аднагадзінную перадачу можна было слухаць адначасова па Першай Праграме Польскага Радыё ды на хвалях "Белaрускай Малaдзёжнай".
Пасьля ўзьнікненьня ў Беларусі першага беларускамоўнага прыватнага Радыё 101,2 слухачы маглі на ягоных FМ-хвалях слухаць таксама перадачы Беларускай Службы Польскага Радыё. Апрача гэтага ў 1996 годзе на хвалях Радыё 101,2 прайшоў Польскі Дзень, дзякуючы чаму шырэйшае кола слухачоў у Беларусі пазнаёмілася з дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ў заходняй суседкі. Аказалася, што гэтая ініцыятыва была ўспрынятая менчукамі вельмі цёпла.
Калі Радыё 101,2 было зачыненае ўладамі, журналісты гэтай станцыі маглі прэзэнтаваць сваю паўгадзінную праграму ў эфіры Беларускай Службы Польскага Радыё. Такая сытуацыя працягвалася да моманту стварэньня ў Польшчы Радыё Рацыя. Разам з узьнікненьнем Радыё Рацыя супраца аднак не спынілася, толькі зьмяніўся ейны характар - наступіў абмен некаторымі гуказапісамі.
Беларуская Служба супрацоўнічала таксама з Радыё "Сталіца", у эфіры якога раз на тыдзень ішоў 5-хвілінны агляд падзеяў у Польшчы.
Госьцем Беларускае Службы ў 1997 годзе (на 5-годзьдзе дзейнасьці) быў таксама дырэктар Беларускай Службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч. Дарэчы, цёплыя адносіны паміж абедзьвюма службамі існуюць па сёньняшні дзень.
Беларуская Служба Польскага Радыё падтрымлівае таксама кантакты зь незалежнаю прэсаю ў Беларусі, якая час ад часу зьмяшчае інфармацыю пра час і хвалі нашых радыёперадачаў, а таксама публікуе некаторыя перадaчы.
Польскае Радыё мае ў Беларусі свайго карэспандэнта, які працуе ня толькі для Інфармацыйнага Радыёагенцтва, але таксама і для Беларускай Службы. Апрача гэтага, БСПР мае сваіх карэспандэнтаў у абласных гарадох Беларусі ды ў Вільні.
Беларуская Служба Польскага Радыё выдае таксама бюлетэнь "Камунікат", які ў накладзе 500 асобнікаў высылаецца слухачам у Беларусі. З "Камунікатам" можна пазнаёміцца ў інтэрнэце: www.kamunikat.net.iig.pl
Праграма Беларускай Службы Польскага Радыё разнародная. Закранаюцца ў ёй пытаньні палітыкі, эканомікі, адукацыі, культуры... Слухачы дацэньваюць гэтую разнароднасьць і самі прымаюць удзел у некаторых перадачах: у дыскусіях, конкурсах, канцэрце віншаваньняў.
Беларуская Служба Польскага Радыё карыстаеца даверам слухачоў, якія пішуць ня толькі пра свае меркаваньні ці заўвагі, датычныя палітычна-грамадзкіх тэмаў, але і пра асабістае жыцьцё. Вельмі кранальныя тыя лісты, у якіх слухачы дзякуюць за працу, за сапраўднае і шматбаковае асьвятленьне праблемаў з галіны польска-беларускіх сувязяў, ці палітычнай сытуацыі ў Беларусі. У Віцебску існуе Клюб Слухачоў БСПР, які выдае бюлетэнь "Радыёвуха". З праведзенага апытаньня вынікае, што бальшыня слухачоў гэта маладыя (ад 20 да 40 гадоў) адукаваныя людзі.
Лісты ад іх зьяўляюцца сьведчаньнем таго, што Беларуская Служба Польскага Радыё, прынамсі ў некаторай ступені, прычыняецца да ліквідаваньня інфармацыйнае блякады ў Беларусі, прыбліжае вобраз сучаснае Польшчы ды вучыць пашаны да нацыянальных беларускіх традыцыяў, гісторыі й культурнае спадчыны.
Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ

На здымку: Аляксандар Навіцкі - намесьнік кіраўніка; Натальля Грышкевіч-Шымковяк; Анна Дамбкоўская; Ніна Баршчэўская - кіраўнік; Ялянта Сьмялоўская; Тамаш Саевіч.

Супрацоўнікамі рэдакцыі таксама зьяўляюцца: Валеры Саўка і Эльвіра Богдан-Сянкевіч.