З рэдакцыйнай пошты
Шаноўны спадар рэдактар,
Вялікі дзякуй за публікацыю
майго артыкула. Спадзяюся,
нашая супраца працягнецца.
Стабільнае выданьне "Беларуса"
- вялікае дасягненьне. У
зьвязку з газэтаю хачу выказаць
колькі думак, але ня ў
якасьці Вашага аўтара ці
палітычнага актывіста. Як Вы,
магчыма, ведаеце, маю пэўны
практычны журналісцкі досьвед.
Давялося мне весьці й навучальныя праграмы для маладых
журналістаў, рэдагаваць
кнігу "Дапаможнік беларускага
журналіста". Далейшыя развагі - барані Божа, ня спроба
павучаць, а зычлівае запрашэньне
да разьвіцьця канцэпцы
і газэты.
Мая выкладніцкая практыка
паказала, што даволі цяжка пераадольваць
спадчыну журналістыкі савецкай эпохі, а менавіта - выразна аддзяляць інфармацыю
ад інтэрпрэтацыі,
кроніку - ад камэнтара й аналізу. Такое адмежаваньне - абавязковае
патрабаваньне да сапраўдных дэмакратычных мэдыяў; яна сьведчыць пра павагу
да чытача, да ягонае здольнасьці рабіць высновы самому.
Пазыцыя газэты выяўляецца ў
іншым: у рэдакцыйным артыкуле,
у тэкстах калюмністаў, у
аналітычных матэрыялах. Навіны-ж мусяць быць бездакорна
спраўджаныя з фактычнага
гледзішча, а калі ў іх пераказваецца
інфармацыя пра нейкі
канфлікт, пажадана даваць
меркаваньне абодвух бакоў.
Тым больш гэта неабходна пры
аналізе.
Што да рубрыкі навінаў зь
Беларусі ў Вашай газэце, то лягічна было-б, каб у ёй зьяўляліся таксама навіны, падрыхтаваныя
прафэсыйна: зь
БелаПАН, "Свабоды", "Рацыі",
БАРЦ, з партыйных і грамадзкіх рассылак.
Шаную Вашую ахвярную
працу, разумеючы, што газэта
робіцца на грамадзкіх асновах.
Гэтаксама, як працуе тут, у Беларусі, абсалютная бальшыня
беларускіх дзеячоў, у тым ліку
й кіраўніцтва Фронту. У нашых
агульных інтарэсах, у
інтарэсах беларускае справы -
рост прафэсыяналізму ва ўсім,
што мы робім. Зычу "Беларусу"
пашырэньня кола чытачоў,
аўтараў, тэмаў, а таксама - дабрахвотных
памочнікаў.
Вінцук ВЯЧОРКА
НЕСУМЛЕННАЕ НАВУКАЗНАЎСТВА
Не хацелася мне распачынаць
падобную тэму, бо ў краіне, дзе выдаецца газэта "Беларус",
ёсьць нашмат больш дасьведчаныя, у параўнаньні са
мною, людзі з гэтае галіны ведаў. Але прачытаўшы ў апошнім нумары вашага выданьня
рэцэнзію за подпісам Чытач,
зразумеў, што тыя людзі,
знаўцы літаратуры эміграцыі,
відаць, ня хочуць пэцкацца, а
мо й ня ведаюць праўды. То
дазвольце мне.
Аўтар рэцэнзіі, гэтак добра
выказаўшыся аб брашурцы
Алеся Пашкевіча, прысьвечанай
драматургіі на эміграцыі,
пашкадаваў, што ня мае магчымасьці прачытаць ягоную-ж
кнігу "Канцэпцыя нацыянальнага
быцця ў беларускай літаратуры".
Сапраўды, кніга выдрукаваная
накладам у 100
асобнікаў. Але зроблена тое,
відаць, наўмысна, каб менш
людзей прачытала падобны
"новы" досьлед. Бо справа ў
тым, што згаданая кніга ня што
іншае, як выдадзеныя годам
раней у Беластоку "Зваротныя
дарогі" А. Пашкевіча, толькі са
зьмененаю назваю працы,
разьдзелаў ды дробнымі, нязначнымі зьменамі ў самой
кнізе. Падобны падыход ня
меў бы права быць названым
нават "выданьнем другім, пераробленым
і дапоўненым", ня
тое што новым досьледам! Мо
А. Пашкевіч разьлічваў, што
людзі ня будуць здольнымі пакласьці побач беластоцкую
кнігу ды кнігу з БДУ й параўнаць? Бо як інакш растлумачыць падобнае нахабства й
несумленнасьць!?
У любой іншай краіне пасьля
падобнага ўчынку прафэсара
пазбавілі-б права выкладаць,
кіраўнік грамадзкай арганізацыі - падаў бы у адстаўку, пісьменьнік - выбачаўся-б на старонках друку. У
сёньняшняй Беларусі абставіны іншыя: Пашкевіч абараніў
доктарскую дысэртацыю.
Тарас ЖВІРБЛЯ, Менск