НОВАЯ ПРАГРАМА БЯСЬПЕКІ
У ЗША пачынаецца ўвод у дзеяньне праграмы па бясьпецы ўезду і выезду з краіны. Назва праграмы - US VISIT. Новая сыстэма праверкі асобы павінна дапамагчы апазнаваньню і затрыманьню асобаў, падазраваных у тэрарыстычнай ці крымінальнай дзейнасьці.
Сыстэма павінна прысьпешыць праверкі асобаў замежнікаў, якія перасякаюць мяжу. Новую тэхналёгію ўжо ўводзяць ў карыстаньне ў аэрапортах і марскіх портах. Цалкам сыстэма будзе ўведзеная ў дзеяньне да канца гэтага году. Пакуль сыстэма апазнаваньня будзе ўключаць дзьве біялягічныя мэтрыкі адбіткі пальцаў ды фотаздымкі. Аднак ужо зараз, Дэпартамэнт унутранай бясьпекі вывучае магчымасьць стварэньня сыстэмы, якая-б сканавала зрэнкі й распазнавала рысы твару.
Пры ўезьдзе ў краіну, на памежных пунктах, будуць сканавацца віза, пашпарт, адбіткі пальцаў і фотаздымкі бальшыні замежных грамадзянаў. Гэтая інфармацыя будзе зьвярацца і захоўвацца ў цэнтральнай базе дадзеных, якая будзе ўключаць іміграцыйныя і крымінальныя дадзеныя, а таксама месца пражываньня падчас знаходжаньня ў ЗША. Сабраная інфармацыя будзе даступная супрацоўнікам іміграцыйных службаў, мытнікам, ворганам аховы парадку і кансулятам ЗША.
Што да краінаў зь бязьвізавым уездам у ЗША, як, напрыклад, Канада, дык амэрыканскія ўлады пачынаюць супрацоўнічаць з урадамі гэтых краінаў, каб тыя ўключалі біямэтрычныя дадзеныя ў свае падарожныя дакумэнты.
Алеся СЕМУХА