БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ НА ПАЧАТКУ НОВАГА ТЫСЯЧАГОДЗЬДЗЯ
Выступ сп. Віталя Зайкі на банкеце на 25-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі
Дастойнае сьвятарства, шаноўныя Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, Старшыня Антон Шукелойць, Старшыня Пётра Мурзёнак, спадарыні й спадары, сябры!
11 год таму, адбылося рэальнае аднаўленьне незалежнасьці Беларусі. Наш край, што сотні гадоў быў пад чужым панаваньнем, нарэшце атрымаў шанец свабоды й незалежнасьці. Для беларускага народу адчыніўся шлях у лепшую будучыню, у годнае самастойнае жыцьцё, у супольнасьць цывілізаваных эўрапейскіх народаў. 11 год таму край падняўся, стаў з марыянэткі-БССР дзяржавай, якая пачала сама вырашаць свой лёс, ствараць войска, адчыняць па сьвеце амбасады, выпускаць свае грошы, рэальна ўводзіць беларускую мову ў навуку, школу, справаводства. Тысячы й мільёны людзей з надзеяй глядзелі ў будучыню, спадзяваліся на ўзмацненьне і росквіт роднай мовы й культуры, на годнае жыцьцё, на падвышэньне дабрабыту.
Што яны маюць сёньня? Маюць яны нялюдзкае трактаваньне з боку дзяржавы, якую фактычна ў іх скралі; маюць вынішчэньне сваёй мовы, культуры й традыцыяў, а значыць - этнацыд; маюць эканамічны заняпад і адзін з найніжэйшых у Эўропе ўзровень жыцьця; маюць зьмяншэньне колькасьці насельніцтва; маюць рэжым начале з супэр-злодзеям, які закладае чужынцам суверэнітэт і будучыню краю дзеля сваіх палітычных махлярстваў, які гандлюе лёсамі 10 мільёнаў людзей дзеля насычэньня прагі абсалютнай улады й звыш-багацьця.
Старая показка вядзе, што кожны народ варты свайго ўраду. Аднак ці варты гэтага зладзейскага ўраду шматпакутны народ, якому не давалі й не даюць перадыху кіруючыя колы вялізарнай суседняй краіны, што насадзілі паўсюль свой бачны і нябачны кантроль, моцна трымаюць лейцы эканамічнага ды палітычнага ўплыву, што падтрымліваюць пятую калёну з ілжэ-прэзыдэнтам начале мясцовых ворагаў беларускай незалежнасьці й свабоды. Ці шмат увагі й дапамогі сьвету бачыў гэты народ, ці часта было пра яго чуваць у сьвеце падчас самых драматычных хвілінаў нядаўняй гісторыі? Ці рупіліся пра яго так, як пра польскую "Салідарнасьць" у 1980-я гады, ці пра сэрбскую апазыцыю ў 1990-я? Усе мы ведаем, што не, не і не.
Але ўсё-ж ёсьць на сьвеце краіна, якая працягнула руку дапамогі, узьняла свой голас у абарону Беларусі. І мы сёньня маем гонар сабрацца тут, на зямлі гэтай самай краіны, пра якую я цяпер кажу. Гэтая краіна дала нам прытулак, права годна жыць і працаваць, гаварыць на сваёй мове, маліцца па-свойму ў сваіх, а не накінутых чужынцамі цэрквах. Дала магчымасьць працаваць дзеля нашай сёньня так далёкай, але апякаючай нашыя сэрцы, заўсёды прысутнай у нашых думках і марах Бацькаўшчыны. І я хачу падзякаваць кангрэсмэнам, прадстаўнікам амэрыканскміх уладаў, усім добрым людзям гэтае зямлі, за падтрымку і дапамогу. Вялікі ім дзякуй.
Між тым кожны з нас мусіць спытаць сябе, ці ўсё зрабілі і робім для Бацькаўшчыны, ці не засьцяць уласныя патрэбы й амбіцыі агульнай вялікай справы, ці ў той бок ідзем па адвечным беларускім шляху, ці годныя мы славы й памяці тых, што ішлі па гэтым шляху перад намі?
Мы маем усё, што патрэбна для таго, каб шлях гэты вывеў у лепшую, шчасьлівую, свабодную, беларускую Беларусь. Маем мільёны сьветлых галоваў, чыстых сэрцаў, мільёны рук, якія ведаюць сумленную працу. Маем вялікую, дасюль яшчэ не спасьцігнутую гісторыю, якую мусім вывучаць, ачышчаць ад чужацкай маны, каб вучыцца ў папярэдніх пакаленьняў змагароў, і каб пазьбегнуць паўтарэньня былых памылак.
МЫ ПЕРАМОЖАМ, але час - хіба самы каштоўны й незваротны рэсурс - мусіць быць скарыстаны аптымальна.
Беларускія сілы ў краі, а тым больш па-за краем, мусяць забыцца на спрэчкі й недавер, мусяць аб'яднаць свае высілкі, памятаць, што вольная Беларусь - перадусім, а рэшта будзе.
САЛІДАРНАСЬЦЬ мусіць зрабіцца сёньня самым галоўным словам.
Салідарнасьць неабходная і тут, у Амэрыцы. Безь яе мы проста згубімся, змарнуем дадзеныя гісторыяй шанцы, збочым з беларускага шляху. Усім нашым беларускім арганізацыям патрэбная каардынацыя, увага да галоўнага - карысьці беларускай справы. Салідарнась вымагае ахвярнасьці, выдаткаў грошай і часу. Будзем жа памятаць пра гэта. І зьвяртаючыся да маладзейшых, я заклікаю не чакаць, не глядзець убакі, спадзявацца што нехта возьме за руку і пацягне нешта рабіць. Старэйшыя нашыя сябры ахвярнай працай паказалі, што справа нам па сілах, што ўсе разам мы здольныя на ўчынкі й зьдзяйсьненьні, годныя тысячагадовай гісторыі нашай Бацькаўшчыны, годныя яе трываласьці ў пакутах і самаахвярнасьці сыйшоўшых пакаленьняў. Годныя ейнай вялікай - мы верым у гэта - вялікай і слаўнай будучыні.