Беларуская замежная прэса і радыё
Пад гэтым загалоўкам вы зможаце даведацца пра цяперашнюю прэсу і радыёпраграмы, якія выдаюцца або рыхтуюцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь. У сэрыі артыкулаў самыя выдаўцы або рэдактары раскажуць пра свае выданьні й праграмы, згадаюць цікавейшыя моманты із свайго існаваньня і паведамяць аб плянах на будучыню.
Некаторыя з гэтых газэтаў або часапісаў выходзяць цяпер рэгулярна, іншыя больш-менш стараюцца гэта рабіць. Прадбачваюцца артыкулы пра наступныя выданьні: з Паўночнай Амэрыкі - "Беларускі Дайджэст", "Беларускае Слова", "Беларускі Час", з Эўропы - "Ніва", "Czasopis", "Ведамасьці", "Годнасьць", "Рунь" і адное міжкантынэнтальнае выданьне "Belarusian Review". Таксама артыкулы пра наступныя радыёпраграмы: "Свабода", "Рацыя", "Радыё Палонія", "Радыё Ватыкан", "Аўстралійскае Радыё", "Ангельскае Радыё"...
Запрашаем выдаўцоў, рэдактараў або прадстаўнікоў, якія дасюль гэтага не зрабілі, прыслаць артыкул пра дзейнасьць сваіх выданьняў і ўстановаў.
У гэтым нумары пачынаем з найстарэйшай беларускай газэты ў Эўропе - беластоцкай "Нівы". (Пра крыху старэйшага амэрыканскага "Беларуса" мы стала друкуем артыкулы пад аўтарствам Лявона Юрэвіча.)
У "Ніве" найчасьцей друкуюцца артыкулы наступных аўтараў і карэспандэнтаў: Яўгена Мірановіча, Аляксандра Максімюка, Міколы Ваўранюка, Ганны Кандрацюк, Міры Лукшы, Аляксея Мароза. Доўгатэрміновым рэдактарам зьяўляецца Віталь Луба, які падрыхтаваў наступны матар'ял. Газэту можна таксакма прачытаць і на Інтэрнэце: www.niva.iig.pl
Тыднёвік беларусаў у Польшчы "Ніва" выходзіць у Беластоку з 1956-га году. Асноўнымі яго чытачамі зьяўляюцца беларусы, якія кампактна насяляюць паўднёва-ўсходнюю частку Падляшскага ваяводзтва, а таксама выхадцы зь беларускіх вёсак у гарадох. Мэты, якія ставіць сабе тыднёвік гэта: дапамога ў захаванні нацыянальнай сьвядомасьці сярод беларусаў і прапагандаваньне беларускай мовы. Тыднёвік выконвае інфармацыйнa-адукацыйную ролю, асвятляючы падзеі з жыцьця беларусаў Беласточчыны. На старонках "Нівы" зьмяшчаюцца весткі з паўднёва-ўсходніх гмінаў Падляшша, апісваюцца мерапрыемствы, арганізаваныя мясцовымі беларускімі суполкамі, публікуюцца артыкулы з галіны культуры, асьветы, гісторыі, палітыкі, гаспадаркі, рэлігіі.
На працягу сарака сямі гадоў вакол тыднёвіка гуртуецца беларуская інтэлігенцыя, якая на ягоных старонках мае магчымасьць публікаваць папулярныя, навуковыя, публіцыстычныя артыкулы й літаратурныя творы.
На старонках "Нівы" дэбютавалі вядомыя сёньня беларускія літаратары, што жывуць у Польшчы: Надзея Артымовіч, Аляксандар Баршчэўскі, Ян Чыквін, Віктар Швед, Сакрат Яновіч і іншыя. Кола згуртаваных вакол "Нівы" літаратараў стварыла ў 1958-м годзе Беларускае літаратурнае аб'яднаньне, якое пазьней прыняло назву "Белавежа". З таго часу штомесяц у "Ніве" зьяўляецца літаратурная старонка. Ад сямі гадоў рэдакцыя супольна з Беларускім саюзам у Рэчы Паспалітай арганізуе Агульнапольскі конкурс беларускай паэзіі й прозы, мэтаю якога зьяўляецца выяўленьне таленавітай моладзі й стварэньне ёй магчымасьці публікаваньня і дасканаленьня творчага майстэрства.
Тыднёвік шмат увагі адводзіць навучаньню беларускай мовы. На старонках "Нівы" публікуюцца тэксты, якія выкарыстоўваюцца на ўроках беларускай мовы. Калі не было падручнікаў, "Ніва" друкавала матар'ялы, прыгодныя настаўнікам і вучням. З думкай пра дзяцей, якія вучацца роднай мовы, у кожным нумары на двух старонках друкуецца дадатак "Зорка". Пад патранатам рэдакцыі вяліся цыклічныя курсы для дзяцей, якія пішуць у "Зорку".
"Ніва", пачынаючы з 1980-х гадоў, апублікавала шэраг гістарычных артыкулаў аб дзеячах, зьвязаных зь Беларускай Народнай Рэспублікай. Тады яны афіцыйнай гістарыяграфіяй прызнаваліся за ворагаў. Дзякуючы "Ніве", чытачы маглі пазнаёміцца зь дзейнасьцю Браніслава Тарашкевіча, Івана і Антона Луцкевічаў, кс. Адама Станкевіча, Інгата Дварчаніна, творчасьцю Алеся Гаруна, Ларысы Генюш, Францішка Аляхновіча, Казіміра Сваяка і іншых. З 1990-х гадоў папулярна-навуковыя артыкулы публікуюць такія даследчыкі беларускай гісторыі, як Яўген Мірановіч, Алег Латышонак, Лена Глагоўская, а. Рыгор Сасна, Дарафей Фіёнік.
З 1992-га году выдаўцом "Нівы" зьяўляецца Праграмная рада тыднёвіка "Ніва", якую складаюць прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў. Апрача выдаваньня "Нівы" Праграмная рада выдае таксама кніжкі (гістарычныя, мемуары, літаратура). Глядзіце пералік ніжэй.
Спонсарам "Нівы" зьяўляецца Міністэрства культуры Польшчы.

Пералік кніжак, выдадзеных Праграмнаю радаю тыднёвіка "Ніва":

1. Міра Лукша, "Дзікі птах верабей" (апавяданні), Беласток 1992.
2. Sokrat Janowicz, "Dolina pelna losu" (проза), Беласток 1993.
3. Sokrat Janowicz, "Terra incognita: Bialorus" (публіцыстыка), Беласток 1993.
4. Юрка Геніюш, "З маёй званіцы" (фельетоны), Беласток 1993.
5. Міра Лукша, "Выспа" (Mira Luksza, "Wyspa" - opowiadania), Беласток 1994.
6. Янка Целушэцкі, "Панарама гмін усходняй Беласточчыны" (давелнік), Беласток 1995.
7. Дзядзька Квас, "Роздумы" (проза), Беласток 1995.
8. "Лёс аднаго пакалення" (успамміны), Беласток 1996.
9. "Словы ў лабірынтах" (плён I Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы), Беласток 1996.
10. "Плыву морам майго жыцця" (плён IІ Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы), Беласток 1997.
11. Сакрат Яновіч, "Дзённікі" (1987-1995), Беласток 1997.
12. Віктар Ярмалковіч, "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі да 1914 года", Беласток 1997.
13. "Za niebokresem Europy. Antologia nowej poezji bialoruskiej 1987-1997", Беласток 1998.
14. Георгій Валкавыцкі, "Белая вязь" (успаміны), Беласток 1998.
15. Алена Анішэўская, "Смак жыцця" (вершы, апавяданні), Беласток 1998.
16. Уладзімір Саўчук, "Што ў сэрцы" (вершы), Беласток 1998.
17. "Зноў чуеш словы" (плён III Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы), Беласток 1998.
18. Яўген Мірановіч, "Навейшая гісторыя Беларусі", Беласток 1999.
19. Надзея Артымовіч, "Адплывае спакойнае неба" (паэзія), Беласток 1999.
20. "Вобразы думак" (плён IV Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы), Беласток 1999.
21. Георгі Валкавыцкі, "У каменным крузе" (успаміны), Беласток 2000.
22. "Бежанства. 1915" (успаміны), Беласток 2000.
23. "У кроплях дажджу" (плён V Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы), Беласток 2000.
24. "Сваякі" (вершы), Беласток 2001.
25. Барыс Руско, "Прасейванне імглы" (паэзія), Беласток 2001.
26. "У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд", Беласток 2001.
27. Георгі Валкавыцкі, "Ашчэпкі" (фельетоны), Беласток 2002.
28. Hanna Kondratiuk, "W strone Tarasiewicza", Беласток 2002.