Беларусь прыцягвае ўвагу гэбрайскай грамады Амэрыкі
Апошнім часам у амэрыканскім друку і навінах у сеціве зьявілася некалькі публікацыяў пра стан гэбрайскіх могілак, будынкаў сынагогаў ды іншых аб'ектаў гэбрайскай гістарычнай і культурнай спадчыны ў Беларусі. У прыватнасьці, закраналася пытаньне пашырэньня стадыёну "Нёман" ў Горадні, збудаванага за Саветамі на зруйнаваных могілках, калі на паверхню былі вывернутыя косьці й чалавечыя рэшткі з існаваўшых раней пахаваньняў, а таксама правядзеньня паўторных пахаваньняў на існуючых гэбрайскіх могілках у Магілёве.
Напачатку ліпеня амбасада Рэспублікі Беларусь у Вашынгтоне ў адказ на шматлікія звароты выдала заяву, што горадзенскія ўлады працуюць у цесным кантакце зь мясцовай гэбрайскай грамадой для вырашэньня праблемы. Але сытуацыя не палепшылася. У выніку актыўнасьці амэрыканскай гэбрайскай грамады больш за 20 амэрыканскіх кангрэсмэнаў і сэнатараў зьвярнуліся днямі да ўраду Беларусі ў асобе А. Лукашэнкі з заклікам спыніць працы на месцы могілак у Горадні. Тэкст ліста па даручэньні групы быў падрыхтаваны кангрэсмэнам Энтані Вайнарам зь Нью Ерку.
Шэраг амэрыканцаў беларуска-гэбрайскага паходжаньня заклікаў сваіх сэнатараў і кангрэсмэнаў падтрымаць Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі-2003.
У іншай якасьці цікавасьць да Беларусі выявілася на Міжнароднай канфэрэнцыі па гэбрайскай генеалёгіі, што прайшла ў Вашынгтоне ў канцы ліпеня. На канфэрэнцыі адбылася нарада Спэцыяльнай групы па Беларусі (Belarus Special Interest Group), што аб'ядноўвае празь сеціва больш за 1500 асобаў, зацікаўленых у досьледзе сваіх каранёў у Беларусі. На нарадзе з дакладам "Рэгіянальная і часавая спэцыфіка пэрсанальных генеалягічных досьледаў у Беларусі" выступіў запрошаны з Менску навуковец Алег Перзашкевіч, выкладчык Беларускай Палітэхнічнай Акадэміі й Белдзяржунівэрсытэту. На працягу апошніх 5 год сп. А. Перзашкевіч прадстаўляў для Спецгрупы Беларусь каштоўныя гістарычныя дадзеныя пра беларускае гэбрайства і сьпісы імёнаў, што былі зьмешчаныя на старонцы групы ў сеціве, ён таксама праводзіў у архівах Беларусі прыватныя генеалягічныя досьледы на замовы сябраў групы й суправаджаў іх у паездках па Беларусі.
Старонку Спецгрупы на Беларусі пры Гэбрайскай Генеалягічнай Асацыяцыі можна знайсьці ў сеціве пад наступным адрасам: http://www.jewishgen.org/Belarus
Віталь ЗАЙКА