РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ


ПРЭЗЫДЫЮМ
24-га сьнежня 2002 г.

КАЛЯДНАЕ ВІНШАВАНЬНЕ

Дарагія мае браты й сёстры беларусы!
Вітаю вас з гэтым цудоўным Калядным Сьвятам і жадаю, каб нованароджанае Божае дзіцятка прынесла і ў вашыя хаты шмат радасьці, шчасьця і любові ў гэты сьвяточны дзень. Думкамі я сьвяткую яго з усімі вамі.
Каляды - гэта сьвята сямейнае, а наш народ добра ведае сэнс слова "сям'я". Нашай любові да бацькоў, да нашых дзетак, да братоў і сёстраў няма канца. Памятаем мы пры традыцыйна накрытым стале на Куцьцю і нашых адыйшоўшых дзядоў, сябром выказваем нашую любоў і павагу каляднымі прывітаньнямі. Але сям'ёю нашаю ёсьць таксама і ўвесь беларускі народ.
Тыя з нас, што далёка ад Бацькаўшчыны, просяць Госпада кожную нядзелю словамі Натальлі Арсеньневай, каб "над Беларусяй ціхай і ветлай" паслаў "праменьні свае хвалы".
Дык у гэты Калядны дзень жадаю з глыбіні сэрца нашай вялікай беларускай сям'і дабрабыту і еднасьці, шчасьця, веры ў будучыню і гордасьці нашай спадчынай.
Жадаю, каб зьяднаныя любоўю да нашага краю мы знайшлі ў сабе сілы перажыць гэтыя цяжкія часы й, нарэшце, адрадзіць нашую вольную і дэмакратычную дзяржаву, Беларускую Народную Рэспубліку.
Жыве Беларусь!

Івонка СУРВІЛЛА
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі