БЕЛАРУСІКА Ў БІБЛІЯТЭЦЫ РАТГЕРСКАГА ЎНІВЭРСЫТЭТУ
Як інфармуе нядаўна апублікаваны камунікат, у ўнівэрсытэцкай бібліятэцы у горадзе Нью-Брансўіку разбудоўваецца збор беларусікі - кнігаў, часапісаў, архіўных матэрыялаў. Ніжэй падаём у перакладзе поўны тэкст камунікату.
Беларусь сёньня - незалежная краіна. Яна мае пяць суседзяў: Польшчу з захаду, Летуву з паўночнага захаду, Латвію з поўначы, Расею з поўначы й усходу ды Ўкраіну з поўдня. Беларусы - славянскі народ з даўняй культурай. У Беларусі ёсьць нацыянальныя мяншыні: расейцы, палякі, украінцы, татары, гэбраі ды іншыя. Сотні тысячаў імігрантаў зь Беларусі жывуць у Злучаных Штатах. Адна з найбольшых канцэнтрацыяў іх знаходзіцца ў штаце Нью-Джэрзі. І дзеля гэтага нам належыцца пачаць дакумэнтаваць жыцьцё й культурныя дасягненьні гэтых людзей у іхным спачатным і адаптаваным асяродзьдзі.
Бібліятэкі ўнівэрсытэту нядаўна заклалі аснову збору беларусікі набыцьцём дзьвюх важных калекцыяў. Сям'я памерлага паэта й грамадзкага актывіста зь Мілтаўну ў Нью-Джэрзі, Янкі Золака (псэўдонім Антона Даніловіча), шчодра падарыла ягоныя архівы й кнігі, што дакумэнтуюць блізу 50-гадовы перыяд ягонай літаратурнай і палітычнай дзейнасьці, пераважна ў Нью-Джэрзі. Мы таксама заўдзячваем др. Яну Запрудніку з Самэрсэту ў Нью-Джэрзі, аўтару дзьвюх кнігаў у бібліятэцы ўнівэрсытэту, Belarus: At a Crossroads in History (Boulder: Westview Press, 1993) і Historical Dictionary of Belarus (Lanham: Scarecrow, 1998), ахвяраваньне ягонага збору кнігаў пра Беларусь ды ягоных архіваў, што дакумэнтуюць больш за трыццаць гадоў кіраваньня Беларускай сэкцыяй радыё "Свабода" ў Нью-Ерку, а таксама грашовай сумы на набыцьцё й рэгістрацыю кніжак ды рукапісаў зь беларускай тэматыкай.
30-га красавіка 2002-га году дзевяць лідэраў беларускае грамады мелі спатканьне зь бібліятэчнымі кіраўнікамі ў Александраўскай бібліятэцы, каб агледзець калекцыю Янкі Золака ды абмеркаваць далейшае зьбіраньне кнігаў і дакумэнтаў, датычных да беларусаў. Збор будзе мець падвойнае прызначэньне: перахоўваць памяць пра жыцьцёвае дазнаньне беларусаў ды набываць і рабіць даступнымі кнігі й часапісы ў падтрыманьне акадэмічных праграмаў Ратгерскага ўнівэрсытэту. Кніжныя зборы ўнівэрсытэту адкрытыя для публікі й кнігі можна пазычаць празь міжбібліятэчную службу. Мы асабліва зацікаўленыя ў набываньні дзёньнікаў, лістоў і дакумэнтаў з арганізацыйнай дзейнасьці беларусаў Нью-Джэрзі, а таксама грамадзкіх арганізацыяў, такіх як рэлігійныя, культурныя й самадапамаговыя згуртаваньні.
Ратгерскі ўнівэрсытэт будзе рады бачыць ахвотнікаў дапамагчы працаю або грашыма ў каталягізаваньні матэрыялаў, якія ў ладнай меры напісаныя беларускаю кірыліцаю. Унівэрсытэт таксама дае курсы ўсходнеэўрапейскай культуры, кіно, палітыкі, шмат зь якіх уключаюць і Беларусь. Каб падтрымаць гэтыя праграмы, намагаюцца заснаваць стыпэндыяльныя фонды, прыбыткі зь якіх ішлі-б на закуп кніжак пра ўсходнеславянскую культуру й гісторыю. Выпускнікі Ратгерскага ўнівэрсытэту ды іншыя асобы, якія хочуць падтрымаць гэтыя праекты, могуць даваць ахвяраваньні Фундацыі Ратгерскага Ўнівэрсытэту (Rutgers University Foundation, Winants Hall, 7 College Avenue, New Brunswick, NJ 08901-1261). Калі ласка, не забудзьце зазначыць у лісьце або на чэку, што Вашае ахвяраваньне прызначанае на падтрымку беларускае калекцыі ў бібліятэцы ўнівэрсытэту.
Калі Вы згодныя дапамагчы гэтай справе, калі ласка, кантактуйце з Ронам Бэкерам, загадчыкам Адмысловага Збору, у пытаньні рукапісаў (Ron Becker, Head of Special Collections, tel. (732)932-7006), e-mail: rbecker@rci.rutgers.edu, з Джымам Нісэнам у пытаньнях кнігаў (Jim Niessen, World History Librarian, e-mail: niessen@rci.rutgers.edu, tel. (732)9327129 x136, або зь любым зь іх у справе зьмешаных калекцыяў. Абодвы яны знаходзяцца ў Александраўскай бібліятэцы (Alexander Library, 169 College Avenue, New Brunswick, NJ 08901-1261). З пытаньнямі можаце зьвяртацца да др. Вітаўта Кіпеля, старшыні Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва: 1797 Buttonwood Avenue, Toms River, NJ 08755, Tel.: (732) 557-0094.