СЬВ. ПАМЯЦІ МІХАСЬ РАГУЛЯ
6.08.1914 - 6.07.2002
Калі-б пражыў яшчэ месяц, сям'я й сябры адзначылі-б ягоныя 88-я ўгодкі жыцьця. Але Бог судзіў інакш. Пасьля апошніх пакутлівых гадоў з прычыны рэўматычных боляў нябожчык адыйшоў на той сьвет неспадзявана й ціха ў часе сну. Людзі звычайна кажуць пры такіх нагодах: Бог даў добрую сьмерць. Памёр спакойна, але вялікая частка жыцьця, да прыезду ў Амэрыку, была далёкая ад спакою.
Жыцьцё сьв. пам. Міхася Рагулі, як паказвае час ягоных народзінаў - якраз на самым пачатку Першай сусьветнай вайны - прайшло праз усе віхуры мінулага стагодзьдзя. Сын ведамага палітычныга дзеяча - пасла, а пасьля сэнатара польскага Сойму (1922-1928-х гадоў), вязьня польскіх турмаў - Міхась у раньнім веку мусіў змагацца зь цяжкасьцямі й перашкодамі. Пра пачаткі ягонае біяграфіі можна скласьці некаторае ўражаньне, чытаючы кніжку "Ўспамінаў" Міхасёвага бацькі Васіля Рагулі. Сын выдаў яе ў Нью-Ерку ў 1957-м годзе (перавыданая ў Менску ў 1993 г. ). У прадмове да бацькавых успамінаў Міхась Рагуля выявіў свае патрыятычныя пагляды, асуджаючы каляніяльныя рэжымы ў Беларусі як польскі, гэтак і бальшавіцка-расейскі. Таікімі перакананьнямі ён кіраваўся цэлае жыцьцё.
Асьвету давялося здабываць ва ўмовах перасьледу беларускага школьніцтва польскімі ўладамі. Пасьля закрыцьця беларускае гімназіі ў Наваградку Міхасю ўдалося знайсьці магчымасьць працягваць вучобу на інжынера ў варшаўскай ды львоўскай палітэхніках.
У часе нямецкай акупацыі працаваў загадчыкам аддзелу культуры ў Віцебску, дбаў пра выдавецтва, школьніцтва, тэатр. Тады-ж стаўся разам із сваім малодшым сябрам Усеваладам Родзькам ды іншымі аднадумцамі заснавальнікам падпольнай Беларускай Незалежніцкай партыі, мэтай якое было змаганьне за незалежнасьць Беларусі з усякім акупантам, у тым ліку зь немцамі. Міхась Рагуля быў рэдактарам бюлетэняў БНП (усіх выйшла 6 нумароў, зь якіх 2 на Бацькаўшчыне, а рэшта ў Нямеччыне).
Сваю вышэйшую асьвету працягваў у паваеннай Нямеччыне: у Марбургу (дзе ўаваходзіў у склад управы Цэнтралі Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў), а таксама ў Мюнхэне. У мюнхэнскай палітэхніцы атрымаў дыплём інжынера.
Пасьля прыезду ў Злучаныя Штаты ў 1950-м годзе зрабіў выдатную кар'еру ў галіне будаўніцтва фабрычных печаў. Першымі гадамі жыцьця ў Нью-Ерку браў актыўны ўдзел у беларускай грамадзка-культурнай працы, уваходзіў у склад рэдкалегіі газэты "Беларус".
Быў дбайлівым мужам, бацькам, выдатным спэцыялістам, гарачым патрыётам свае паняволнеае Баьцкаўшчыны, чалавекам лагоднае натуры й добрых звычак.
Абрад пахаваньня сьв. пам. Міхася Рагулі 10-га ліпеня выканаў а. Ігар, настаяцель катэдральнага сабоу Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Спачыў нябожчык на беларускім могільніку ў Іст-Брансўіку. За памінальным сталом сабраліся сям'я - удава Ніна Рагуля, дачка Ліда й сын Юрка - ды сябры памерлага. Успамінамі падзяліся сп. Антон Шукелайць і др. Уладзімер Набагез.
Вечная яму памяць.

Янка ЗАПРУДНІК