"Расейцы не датрымалі дагавору"


З матар'ялаў да гісторыі пераходу беларускага япіскапату ў расейскае зарубежніцтва.
Рэлігійнае жыцьцё беларускай эміграцыі багатае на імёны, падзеі й факты. Адныя зь іх па сваёй значнасьці застаюцца ў памяці на імгненьні, іншыя - на гады.
У жніўні 1947-га году мюнхэнскі часапіс "Церковная Жизнь" на адной са сваіх старонак зьмясьціў асьведчаньне Архіярэйскага Сыноду Расейскай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы наступнага зьместу: "Пастановаю ад 10 (23) лютага 1946 г., заслухаўшы Сабор праваслаўных япіскапаў зь Беларусі й просьбу аб прыняцьці іх з духавенствам і вернікамі ў поўную брацкую і малітоўную лучнасьць ды адміністратыўнае абьеднаньне, зацьверджана:
Вітаючы рашэньне Сабору праваслаўных япіскапаў зь Беларусі ў справе далучэньня іх да Расейскай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы, прыняць іх у склад такой, уключыўшы ў Архіярэйскі Сынод, у якасьці іх прадстаўніка, прэасьвяшчэннага япіскапа Сьцяпана і, па меры практычных магчымасьцяў, рэалізуючы іншыя пажаданьні, пададзеныя ў заяве япіскапаў зь Беларусі (выдзелена - А. Ю.), аб чым паведаміць на бліжэйшым Агульным Архіярэйскім Саборы, перадаўшы копію дадзенага асьведчаньня ў Саборную канцэлярыю, а ўсім, хто падпісаў заяву Прэасьвяшчэнным выслаць пастановы".
Як сёньня ведаем, такой практычнай магчымасьці для ажыцьцяўленьня інтарэсаў і пажаданьняў беларускай часткі япіскапату ўлады Расейскай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы ніколі не знайшлі.
Гэтаю пастановаю была пастаўленая апошняя кропка над "i" ў справе пераходу ярархіі БАПЦ у расейскае зарубежніцтва. Рашэньне япіскапаў ад пачатку беларуская эміграцыя справядліва акрэсьліла актам нацыянальнай здрады. Ягоныя наступствы прывялі да рэлігійнага і палітычнага падзелу, аб чым на эміграцыі пісалі й гаварылі палітыкі, культурныя дзеячы й гісторыкі.
Нашая публікацыя ня ставіць на мэце рэабілітацыю былога япіскапату БАПЦ і яго паасобных царкоўных дзеячаў. Яна мае іншую задачу - у сьвятле новых, малаведамых фактаў убачыць неадназначнасьць прынятага рашэньня і ягоныя трагічныя вынікі для саміх беларускіх япіскапаў. Падставу да гэтага далі дзёньнікавыя запісы Ўладыкі Мікалая (М. Мацукевіча), што захаваліся ў архівах БАПЦ у Таронта.
Зь іх вынікае, што ўвосені 1971-га году ў Аўстраліі дайшло да неардынарнага спатканьня двух беларускіх царкоўных ярархаў архіяпіскапа Апанаса і япіскапа Мікалая. Ягоны фрагмэнт, аднатаваны ў форме дзёньнікавага запісу, падаём ніжэй:
"17 лістапада 1971 года, Сыднэй.
Роўна на дзесятую гадзіну сп. К. Хаванскі завёз мяне да архіяпіскапа Апанаса на адрас 92 Burlington Homebush, N.S.W. 2140, Australia.
Хаванскі астаўся ў аўце, а я падыйшоў да дзьвярэй і як толькі пазваніў - чую па-беларуску: "Вітаю, вітаю!". Мы прывіталіся пацалункам, як належыцца архіярэям, і Ўладыка запрасіў мяне ў хату. Гэта ўпершыню я бачыў Уладыку Апанаса. Ен быў высокі, аскэтычнага выгляду і рухавы.
З гутаркі архіяпіскапа Апанаса было відна, што ён сочыць за ходам нашае БАПЦ, бо добра паінфармаваны пра нашыя царкоўныя справы. У гутарцы ён некалькі разоў падчыркваў, што яму ўжо няма месца ў Зарубежнай Расейскай Царкве.Уладыка Апанас празь увесь час ужываў толькі беларускую мову. Ен у гутарцы, хоць сам стараўся гаварыць, але меў меру, заваёваў да сябе прыхільнасьць. Я да яго гаварыў, у большасьці, у форме пытаньняў. Ці ён адчуваў тое, што я стараюся даведацца ягонай думкі, ня ведаю.
З гутаркі архіяпіскапа Апанаса я даведаўся пра некалькі здарэньняў, пра якія мала хто ведае. (...). Хутка перад сваім зьліцьцём з Расейскай Зарубежнай Царквой адбыўся Сабор Япіскапаў Беларускае Праваслаўнае Царквы (БПЦ). На гэтым Саборы разглядалася справа далучэньня беларускага япіскапату да расейскага зарубежжа. На саборы прысутнічала шэсьць япіскапаў, і яны ў сваім паглядзе падзяліліся на дзьве палавіны - тры на тры. Мітрапаліт Панцялейман, архіяпіскап Бэнэдыкт і япіскап Сьцяпан былі за поўным злучэньнем, без ніякіх засьцярогаў, да Расейскае Зарубежнае Царквы. Архіяпіскап Філафей, япіскап Апанас і япіскап Ян былі за тым, каб затрымацца пры цяперашнім статусе, гэта ёсьць застацца незалежнымі. Расейцы пайшлі на ўступкі (магчыма гэта былі іхныя хітрыкі, як пасьля выявілася) і дагаварыліся на злучэньне на аснове аўтаноміі, і што яно мае быць часовым. Паводле дагавору беларускаму япіскапату давалася права на самастойнае вырашэньне спраў унутранага парадку БПЦ. У часе галасаваньня ў справе аўтаноміі япіскапы падзяліліся на тыя самыя палавіны. Паколькі першы ярарх мітрапаліт Панцялейман галасаваў "за", дык другая палавіна: архіяпіскап Філафей, япіскап Апанас і япіскап Ян ужо не працівіліся й пагадзіліся з мітрапалітам на аўтаномію. Расейцы аднак не датрымалі дагавору. Каб перашкодзіць у дзейнасьці беларускаму япіскапату, яны пачалі назначаць беларускіх япіскапаў паводле сваіх меркаваньняў. У выніку чаго амаль усе беларускія япіскапы аказаліся вікарнымі расейскіх япіскапаў на расейскіх япархіях. На вусны пратэст некаторых беларускіх япіскапаў расейцы не зьвярталі ўвагі. (...)
З архіяпіскапам Апанасам было вельмі лёгка гутарыць пра царкоўныя справы, бо ён добра ведаў, што азначаюць юрысдыкцыя, каноны й правільна іх разумеў.
Я не адчуў таго, каб Уладыка Апанас выявіў сябе беларускім патрыётам, і каб ён мог пасьвяціць самога сябе для беларускай справы. Ен выказвае любоў да беларускага народу, і ён гатовы яму служыць, але ў яго не выяўляецца адданасьці яму. Мне здаецца, што архіяпіскап Апанас ня ёсьць настойлівым, але мяккага характару. Ен не перажывае падзелу нашае эміграцыі й яшчэ цяпер не адчувае віны, што прычынаю гэтага падзелу ёсьць іхны пераход у расейскае зарубежжа. У гутарцы ён надалей ужываў "група крывічаў і беларусаў". Архіяпіскап Апанас ня ёсьць сьведамы таго, што мянушкі "крывічы й зарубежнікі" ўжо выйшлі зь лексыкону беларускай эміграцыі.
Пры канцы нашай гутаркі Ўладыка падарыў мне мэдаль Сьв. Юрыя ў форме Панагіі ручной работы, з матар'ялу, мне здаецца, з марскіх скарлупін. Я прасіў у Ўладыкі Апанаса ягоную кніжку "Матар'ялы да Гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы", выданай на рататары ў Нямеччыне ў 1947-м годзе. Ен выбачыўся і сказаў, што ў яго астаўся толькі адзін экзэмпляр гэтай кніжкі. Але, за тое ён даў мне сваю кніжку "Беларусь". Я казаў Уладыку, што маю гэтую кніжку, але ён сказаў "вазьмі й дасі яе таму, хто яе яшчэ ня мае". Ужо выходзячы я папрасіў Уладыку Апанаса, каб ён падпісаў ахвяраваную кніжку. Адразу ён браўся падпісаць, а пасьля нечага збаяўся, а чаго мне няведама. Магчыма ён пабаяўся, каб я часам, калі-небудзь, не выкарыстаў ягоны подпіс. А магчыма ён прыпомніў, што два месяцы таму, у верасьні, Сабор Япіскапаў Расейскае Зарубежнае Царквы ў Монтрэалі, Канада, забараніў распаўсюджваць гэтую кніжку.
У самым канцы нашай гутаркі архіяпіскап Апанас запрапанаваў мне каву. Паколькі чаю не было я пагадзіўся на каву. Калі ён даведаўся, што мой "хурман" сп. К. Хаванскі чакае на мяне ў аўце, папрасіў яго ў хату, і мы разам сілкаваліся. Хутка перад другой гадзінай папаўдні мы разьвіталіся ізноў пацалункам-абыймамі й пажадалі адзін аднаму добрага здароўя і шчасьця.
Ці Ўладыка Апанас даведаўся ад мяне чаго-небудзь я ня ведаю. У бальшыні я яго слухаў і ставіў яму пытаньні. Сп. К. Хаванскі паводле свайго погляду "зарубежнік", таму я не хацеў, каб ён быў прысутным пры гутарцы з архіяпіскапам Апанасам. А галоўнае, я кіраваўся меркаваньнем, што Ўладыка Апанас будзе свабадней гутарыць, ня маючы сьведкаў".
Па рознаму склаліся лёсы былых ярархаў БАПЦ на эміграцыі. На пачатку 50-х гадоў у Нямеччыне адыйшлі ў вечнасьць галоўныя ініцыятары далучэньня беларускага япіскапату да Расейскай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы - мітрапаліт Панцялеймон (у сьнежні 1950 г.) і архіяпіскап горадзенскі й беластоцкі Бэнэдыкт (у 1951 г.) Абодва пахаваныя ў мясцовасьці Фельдмохэн каля Мюнхэну. Япіскап Павал перайшоў у каталіцтва і ў хуткім часе памёр у манастыры ў Бэльгіі. Архіяпіскап пінскі Аляксандар знаходзіўся ў перасыльных лягерох у Нямеччыне. У паразуменьні зь беларускім грамадзкімі й палітычнымі дзеячамі меўся ачоліць працэс аднаўленьня Беларускай Аўтакефаліі на чужыне. Зьвяртаў увагу на тое, што недастаткова япіскапаў, але ў першую чаргу "трэба мець дзесятак сьведамых беларусаў і абсадзіць імі сьвятарскія пасады ў беларускіх перасыльных лягерох". Дастаткова скептычна падыходзіў да высілкаў некаторых беларускіх сьвецкіх дзеячаў у справе вяртаньння беларускіх япіскапаў з РЗПЦ. Памёр ён у лютым 1948-га году ў Мюнхэне ў выніку цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, пасьля таго як быў скінуты зь лесьвіцы каля сваёй кватэры. Паводле беларускіх эміграцыйных крыніцаў забойства архіяпіскапа Аляксандра было арганізаванае агентамі савецкіх спецслужбаў у Нямеччыне. Аўтару публікацыі, нажаль, не ўдалося пакуль яшчэ высьветліць лёсы трох іншых ярархаў БАПЦ - Іаана, архіяпіскапа палескага і берасьцейскага, Грыгора, япіскапа гомельскага і мозырскага, Сьцяпана, япіскапа смаленскага і бранскага, а таксама яраманаха Юльяна.
Дастаткова няпроста склаўся лёс архіяпіскапа Апанаса. У другой палове 40-ых гадоў ён браў актыўны ўдзел у арганізацыі рэлігійнага жыцьця ў беларускіх лягерох ДП у Нямеччыне. Вучыў рэлігіі ў беларускай гімназіі ў Ватэнштэце. Апрацаваў і выдаў два школьныя падручнікі па навучаньню рэлігіі, а таксама гісторыю праваслаўнай Царквы ў Беларусі у часе нямецкай акупацыі. У 1950-м годзе з Гамбургу выехаў у Аўстралію, а пазьней - у Аргентыну, дзе атрымаў годнасьць архіяпіскапа. Там-жа напісаў на расейскай мове гісторыю палітычнага і царкоўнага жыцьця ў Беларусі. Кніжка выклікала нападкі з боку расейскага духавенства і вернікаў і ў верасьні 1971-га году была забароненая царкоўнымі ўладамі. Рашэньнем Сыноду РЗПЦ быў пазбаўлены пасады й адпраўлены на адпачынак. У 60-ыя і 70-ыя гады падтрымліваў ідэю аднаўленьня аўтакефаліі беларускай праваслаўнай царквы на эміграцыі пад юрысдыкцыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату. Ажыцьцяўленьне гэтага пляну зьвязваў з царкоўным актывам беларускіх парафіяў Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт Рыверы (ЗША) і ў Тароньце (Канада). У сувязі з гэтым у лісьце да сп. Віталя Цярпіцкага ад 13-га сакавіка 1973-га году з Буэнос Айрэсу ён пісаў: "...усёю душою і ўсім сэрцам я хацеў-бы быць з Вамі зь беларусамі, сваімі суродзічамі й таму над гэтым даўно ўжо думаю, як зрэалізаваць гэта, бо не ад мяне цалком гэта залежыць, а ад двух важных фактараў: прыхільнае становішча Сыноду Зарубежнай Царквы да майго адыходу, і прыхільнае становішча Сыноду ў Канстантынопалі да мяне. Я не магу самавольна нічога зрабіць, знаходзячыся на службе, як япархіяльны архіярэй. Як я быў у Аўстраліі на пакоі, дык тагды першы фактар мною быў-бы залагоджаны, а другі залежыў ад Константынопаля. Я чакаю магчымасьці й аказыі выйсьці ізноў на пакой, а тагды ўзяцца да зрэалізаваньня нашага супольнага пажаданьня адносна мяне. Трэба чакаць. Іншага выхаду няма. Сынод ніякай адпускной граматы мне ніколі ня дасьць, ды яшчэ цяпер. А калі Константынопаль упрэцца на гэтую фармальнасьць, дык я магу павіснуць у паветры".
Нажаль з прычынаў кананічных гэтых задумаў па аднаўленьню аўтакефаліі беларускай праваслаўнай царквы на эміграцыі зрэалізаваць не ўдалося. Архіяпіскап Апанас адыйшоў у вечнасьць 3-га лістапада 1984-га году ў Буэнас Айрэсе (Аргентына). Пахаваны на могільніку пры манастыры Сьвятой Тройцы ў мясцовасьці Джорданвіль (штат Нью Ерк, ЗША). Здаецца больш-менш шчасьліва склаўся толькі лёс адной асобы з былога япіскапату БАПЦ - архіяпіскапа Філафея. У сваім часе ён займаў высокія пасады ў Расейскай Праваслаўнай Зарубежнай Царкве ў Эўропе і да выхаду ў 1982-м годзе на адпачынак кіраваў Германскай япархіяй. Аднак і архіяпіскап Філафей паводле сьведчаньняў сп. Надзеі Касмовіч, беларускай грамадзкай дзяячкі ў Нямеччыне, празь увесь час свайго пастырскага служэньня так і ня стаўся "сваім" для расейскага зарубежжа. Пры сустрэчах у вузкім коле суродзічаў у Штутгарце падкрэсьліваў, што тут, сярод сваіх - можа хоць на нейкі час уцячы ад расейшчыны й адчуць сябе беларусам. Са сьмерцю архіяпіскапа Філафея (Гамбург, 26 верасьня 1986 г.) адыйшло ў гісторыю яшчэ адное імя і яшчэ адная дата.
Алекс ЮРГ

На здымку: Япіскапат БАПЦ на эміграцыі. Сасновіцы, ліпень 1944 г. Сядзяць (зьлева): арх. горадзенскі і беластоцкі Бэнэдыкт, мітрапаліт усяе Беларусі Панцялейман, арх. палескі і берасьцейскі Іаан. Стаяць (зьлева): яп. гомельскі і мозырскі Грыгор, яп. віцебскі і полацкі Апанас, яп. смаленскі і бранскі Сьцяпан, іераманах Юліян, арх. магілёўскі і мсьціслаўскі Філафей (З кнігі І. Касяка "З гісторыі Праваслаўнай царквы беларускага народу", Нью Ерк 1956, с. 138)

На здымку: ліст япіскапа Апанаса ад 3-га красавіка 1947-га году да рэдакцыі часапісу "Шляхам Жыцьця" (З архіва БІНІМ)