Слова разьвітаньня
Дарагі Васіль Уладзімеравіч! Слова, якое тут прамаўляецца, гаворыцца з далечыні, з-за далёкага акіяну, адкуль не далятае голас. Але Вы можаце чуць мае словы ўдзячнасьці й павагі.
Вы стварылі вялікую літаратуру. Сваёю творчасьцю Вы ўзьнялі высока наш беларускі гонар і пакінулі нам ягоную вышыню.
У Вашай асобе новае беларускае Адраджэньне мела праўдзівую апору. Вы зрабілі выбар для Беларусі, не азіраючыся на Маскву, не пакідаючы запасных шляхоў. Вы падтрымалі стварэньне Беларускага Народнага Фронту і сталі ў ягоных шэрагах як Сьцяг. І мы разумелі мэту варожых атакаў.
Мы нячаста сустракаліся з Вамі нават у бурны час нашай нацыянальнай рэвалюцыі, калі вярнулі незалежнасьць. Але я бачыў і адчуваў спагадную прысутнасьць Вашай асобы ў маім лёсе, бо заўсёды на стромкай дарозе, над прорваю, над тваньню недзе побач, недзе тут - быў Быкаў, на слова якога можна было абаперціся, як на рыцарскае кап'ё.
Дзякуй Вам, дарагі Васіль Уладзімеравіч!
Хай сьняцца Вам сьветлыя сны аб вольнай Беларусі, якой Вы не дачакаліся. Але яна вернецца, стане, будзе, жыцьме ня толькі ў снах.
Мы вернем яе ў сіле і сьветазарнасьці. Верым, так будзе і ня згіне ніводнае слова.
О, шчасьлівая Беларуская Зямля, прыймі свайго сына навечна!
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня БНФ "Адраджэньне

Развагі на сьмерць Васіля Быкава
На 80-м годзе жыцьця 22-га чэрвеня памёр вялікі беларускі пісьменьнік і вялікі беларус Васіль Быкаў.
У беларускай і сусьветнай літаратуры творчасьць Быкава - гэта цэлы накірунак, адкрыцьцё для сьвету. Быкаў вобразна выявіў і псыхалягічна, па-мастацку адлюстраваў лёсы беларусаў і лёс народу на вайне і ў часы бальшавіцкага ліхалецьця. Быкаў узьняў наш народ над усім сьветам, паказаў веліч ягонага духу, ягоную моц і адначасна абазначыў прычыны трагедыі ягонага нацыянальнага існаваньня. Быкаў у сваёй творчай паставе глядзеў на Беларусь (як трапна заўважыў др. Вітаўт Кіпель) па абодва бакі фронту. Таму яго і называлі сумленьнем нацыі.
Быкаў трымаўся вельмі годна. Асабліва, калі ў канцы 80-х пачалася нашая нацыянальная рэвалюцыя, і ён стаў у шэрагі адраджэнцаў. Гэта ўзьняло ягоны вобраз сярод беларусаў і зьбянтэжыла акупантаў ды няшчырых сяброў беларушчыны.
Бальшавікі ды іхны "перадавы атрад" - КГБ - перасьледвалі Быкава, але не змаглі зьнішчыць. Ен для іх, гэтак-жа, як некалі Янка Купала, быў не па зубах. Купалу, завабіўшы ў Маскву, яны потым забілі, а Быкаву стварылі невыносныя, хамскія ўмовы на Бацькаўшчыне і вымусілі да эміграцыі.
З часу стварэньня Народнага Фронту ў нас быў супольны шлях. Але мы вельмі бераглі Быкава, ніколі не выстаўлялі яго ў палітыцы, каб не наразіць на зьнявагі нікчэмнасьцяў, на правакацыі агэнтуры, на фамільярнасьць дурняў. Гэта мы ўсе стараліся браць на сябе. Мы ніколі не забываліся, што Быкаў вялікі пісьменьнік. Мы ніколі не забываліся пра ягоную павагу і аўтарытэт. Нам дастаткова было, што ён з намі.
І вось яго няма. Няма больш Быкава. На пахаваньне вялікага беларуса, 25-га чэрвеня, прыйшлі тысячы, моц народу. Ягоную труну накрылі Беларускім бел-чырвона-белым нацыянальным сьцягам, яе несьлі на руках над морам людзей.
І нават цяпер, калі пішуцца гэтыя радкі, ідуць і ідуць людзі няспынна на Ўсходнія могілкі ў Менску, каб пакланіцца ягонай магіле.
Сьмерць Быкава вельмі яскрава адлюстравала сытуацыю ў Беларусі. З аднаго боку ўзрушаны народ, які прыйшоў правесьці ў апошні шлях свайго вялікага пісьменьніка. З другога - кучка выжылай з розуму антыбеларускай улады, якая адмовілася ўзяць удзел у пахаваньні й разьвітаньні з Быкавым, бо ненавідзела Беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, які тут быў паўсюдна з чорнымі стужкамі. "Улады" ў асобе міністра культуры й генэралаў, убачыўшы беларускія нацыянальныя сьцягі, заявілі, што яны пакідаюць жалобнае разьвітаньне. Забралі нават свой афіцыёзны катафалк, а Лукашэнка свой няшчыры вянок. Праўда, назаўтра, пасьля пахаваньня, гэты вянок з надпісам па-расейску "Президент Республики Беларусь А. Г. Лукашенко" зьявіўся ўжо на Ўсходніх могілках, і каля яго выстаўлялі варту.
Вось такая фантасмагорыя нядобрых і недалёкіх людзей. Сымптаматычна, што нікчэмныя паводзіны існуючай улады нікога не абурылі. Маўляў, што зь іх возьмеш, самыя сябе прынізілі, паказалі сваю сутнасьць і ўзровень.
Цяпер усё стаяць перад вачыма размовы з Быкавым, ягоная прысутнасьць, агульныя справы... стварэньне Народнага Фронту ў 1988-м годзе, клопат пра Курапаты, зьезды й соймы БНФ, сумесныя паездкі па Беларусі й, нарэшце, эміграцыя.
Мы меркавалі зь Сяргеем Навумчыкам (які быў найбліжэйшаю асобаю да сям'і Быкава на эміграцыі), што я прыеду ў Прагу ў сярэдзіне сакавіка (яшчэ перад апэрацыяй Быкава). Не атрымалася. Зацягнулі зь візаю. Потым заплянаваныя паездкі ў Вільню, Нью Ерк.
Апошні раз мы размаўлялі з Быкавым па тэлефоне вечарам у чацьвер 5-га чэрвеня перад палажэньнем яго ў Бараўлянскі шпіталь. Голас ягоны быў вельмі сумны, казаў, што апэрацыя ў Празе не дапамагла, робіцца горай.
Толькі калі я паклаў слухаўку, я зразумеў, што Быкаў прыехаў у Менск назаўсёды, ведаючы пра гэта сам.
За тыдзень да сьмерці яму стала лепш, і мы зь сябрамі радаваліся паляпшэньню, мелі спадзяваньні.
Беларусы ў Амэрыцы балесна ўспрынялі жалобную вестку. 29-га чэрвеня ў царкве Божай Маці Жыровіцкай у Гайленд Парку адбылася памінальная служба, паніхіда за супакой душы Васіля Быкава. Айцец Вячаслаў Логін сказаў казань перад людзьмі, расказаў пра творчую веліч, жыцьцёвы шлях і пахаваньне вялікага пісьменьніка.
Зянон ПАЗЬНЯК

СПАЧУВАНЬНЕ
Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне ды Кааліцыя ў Абарону Дэмакратыі й Правоў Чалавека ў Беларусі выказваюць сям'і сьветлай памяці Васіля Быкава і ўсім, хто смуткуе з прычыны ягонай сьмерці, шчырыя спачуваньні.
Памяць пра памерлага будзе вечнай, бо Васіль Быкаў як беларус і як пісьменьнік паставіў свой шчодры талент і сваю валатоўскую працавітасьць на службу вечна каштоўным ідэалам - мастацкай праўдзе ды чалавечай і нацыянальнай годнасьці.
Васіль Быкаў, як ніхто з папярэднікаў, паставіў на мапу сьвету імя Беларусі ды імкненьні беларусаў да свабоды, дэмакратыі й дабрабыту.
Імя Васіля Быкава будзе вечна жыць у сэрцах нашчадкаў. Па кнігах пісьменьніка яны будуць пазнаваць мінуўчшыну свайго народу у ягонай абароне няўміручасьці Бацькаўшчыны.
Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойць
Аляксандар Сільвановіч, Янка Запруднік

Спачуваньне- разьвітаньне з Васілём Быкавым
Трагічная вестка прыйшла да беларусаў Канады.
Вялікім болем яна адгукнулася ў нашых душах.
Перастала біцца Сэрца Васіля Быкава.
Сэрца - якое асьвятляла Шлях усім беларусам, дзе-б яны ні жылі.
Тут за мяжой, у шматнацыянальнай Канадзе, мы ганарымся, што мы - суайчыйньнікі Васіля Быкава.
Ен - наш нацыянальны гонар, нашае сумленьне і нашая памяць.
У гэты трагічны для нас час, сябры Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Канадзе схіляюць галовы й далучаюць свае глыбокія спачуваньні да галасоў з усіх канцоў сьвету ў падтрымку жонкі, Ірыны, і ўсіх родных і блізкіх Васіля Быкава, тых хто ведаў і любіў яго і ягоныя творы.
Ваш боль - наш боль.
Старшыня БІНіМу ў Канадзе: Зіна Гімпелевіч
Сакратар БІНіМу ў Канадзе: Ірына Варабей

Рэдакцыя газэты "Беларус", аддзелы БАЗА ў Агаё і Нью Ерку далучаюцца да спачуваньняў, выказаным родным і блізкім Васіля Быкава, з нагоды ягонае сьмерці.