Новыя кнігі * Рэцэнзіі

Летась "Беларус" пісаў пра першую манаграфію Алеся Пашкевіча "Зваротныя дарогі" (нумар 470, сакавік 2002, матэрыял Эдварда Людовіча). З таго часу пачынаючы літаратуразнаўца вырас на Старшыню Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі (самага маладога за ўсю гісторыю гэтае арганізацыі), выдаў гістарычны раман пра Слуцкае паўстаньне з галоўным героем, прататыпам якога ёсьць наш паэта Алесь Змагар, ды выдрукаваў новую кнігу на эміграцыйную тэматыку - "Драматургія беларускага замежжа ХХ-га стагодзьдзя".
Праўда, назваць выданьне кнігаю не зусім выпадае, бо ў брашуры ўсяго 40 бачынак. Зрэшты, не памерам вартасныя тэксты. І шкадуеш аб проста мізэрным, нават як на сёньняшнія часы, накладзе - усяго 70 асобнікаў. Напэўна, выкладзены ў сеціве, прыкладам, на Беларускай Палічцы, тэкст займеў-бы большую колькасьць чытачоў, як у падобным - кніжным - варыяньце. Прынамсі, адшукаць выданьне ў Менску не атрымалася, і выключна дзякуючы ласцы адзінага ўладальніка асобніка на ўсе Злучаны Штаты кніга трапіла ў працоўню рэцэнзента.
Наагул, выдавецтва Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, дзе пабачыла сьвет гэтая публікатка, выпускае цікавыя кнігі сваіх выкладчыкаў, але тыя праз малыя наклады фактычна не існуюць у навуковым кантэксьце. Гэтак, кніга Т. Шамякінай "Беларуская класічная літаратура і міфалогія" мае ўсяго 100 асобнікаў. Падобным накладам выдрукаваныя кнігі яшчэ аднаго выкладчыка БДУ В. Максімовіча - "Паэтычная міфатворчасць Янкі Купалы пачатку ХХ стагоддзя", "Ідэйна-эстэтычныя асновы беларускага мадэрнізму", "Беларускі мадэрнізм: эстэтычная самаідэнтыфікацыя літаратуры пачатку ХХ стагоддзя". Верагодна, менавіта праз аналягічны мізэрны наклад не зьяўляецца магчымым адшукаць яшчэ адную кнігу А. Пашкевіча, таксама выдадзеную БДУ летась, - "Канцэпцыя нацыянальнага быцьця ў беларускай літаратуры. Проза замежжа ХХ стагоддзя".
Гэтыя 40 бачынак, натуральна, ня ў стане ахапіць усю драматургію беларускага замежжа, як і ня ёсьць першым словам пра яе, але выданьне мае некалькі істотных адметнасьцяў. Падзагаловак кнігі - вучэбны дапаможнік, які, як можна прачытаць на тытульнай бачыне, "абмеркаваны й рэкамендаваны да друку Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва (Нью Ёрк) і кафедрай беларускай літаратуры ХХ стагоддзя філялагічнага факультэту БДУ". Наўрад ці ў галоўным унівэрсытэце краіны сёньня існуе курс па гісторыі літаратуры эміграцыі, але нават калі тое ўсяго толькі спэцкурс - зьява радасная.
Прыемна, што аўтар кнігі ня толькі выкладчык, які мае магчымасьць у сваіх лекцыях расказваць студэнтам пра ўсё яшчэ малаведамую частку нашае літаратуры, але й старшыня Саюзу Пісьменьнікаў. Ня маючы багата ілюзыяў, усё-ж хочацца спадзявацца, што й палітыка гэтае арганізацыі таксама зьменіцца, што мо адродзіцца заснаваная некалі Ў. Арловым сэрыя "Галасы беларускага замежжа", што зноўку наладзяцца кантакты паміж метраполіяй і дыяспарай. Запрашалі-ж на пачатку 90-х навукоўцаў з эміграцыі чытаць лекцыі ў беларускіх вычэльнях!
Да самога-ж аўтарскага тэксту могуць быць асобныя заўвагі, удакладненьні, дапаўненьні (прыкладам, абыйдзены гаворкаю драматычныя практыкаваньні М. Сяднёва), але самая праца, спроба разглядаць творчасьць дыяспары ў агульным кантэксьце беларускай літаратуры, повязь гісторыі эміграцыі першых хваляў пачатку стагодзьдзя й хвалі паваеннай, разуменьне каштоўнасьці даробку Янкі Юхнаўца - факт бясспрэчна станоўчы, за якім хочацца бачыць плённы працяг.

Чытач

The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569-1999


by Timothy Snyder
Зусім нядаўна ў выдавецтве Ельскага Ўнівэрсытэту выйшла кніга Тыматы Снайдара "Адбудова нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь, 1569-1999." Кніга складаецца з трох частак, у якіх аўтар адпаведна дасьледуе ўзьнікненьне і разьвіцьцё нацыянальных рухаў на абшары гістарычнай Літвы (сёнешнія Беларусь і Летува) і Галіцыі й Валыні (Заходняя Ўкраіна), а затым дае агляд сёнешняга стану й перспэктываў нацыянальна-дзяржаўнага разьвіцьця Беларусі, Летувы, Украіны, Польшчы, а таксама закранае пытаньні ўзаемадзеяньня паміж імі.
У першым разьдзеле, напасрэдна зьвязаным з Беларусьсю, Т. Снайдар разглядае ўзьнікненьне й разьвіцьцё нацыяналізмаў летувіскага, беларускага і польскага праз прызму спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і праз творчасьць Адама Міцкевіча, будуючы аповед вакол лёсу Вільні. Ен адзначае, што беларускі рух заставаўся найбольш прыхільным да гэтай гістарычнай спадчыны, меў усе падставы называцца спадкаемцам і, здавалася-б, як найбольш лічэбна вялікі этнас на разглядаемым абшары, мусіў прэтэндаваць на першынство сярод іншых народаў. Аднак адбылося дакладна наадварот, і ў сваёй працы аўтар дае спробу аналізу прычынаў "беларускай нацыянальнай паразы" - як ён называе праблемы беларускага нацыянальнага руху - у параўнаньні да посьпехаў польскага й летувіскага нацыянальных рухаў, далучаючы сытуацыю на сёнешні дзень.
Снайдар дае найбольш цікавы мэтадалягічна пункт гледжаньня на беларускія справы й закранае праблему значна глыбей, чымся ўсе ведамыя аўтару гэтых радкоў інтэрпрэтацыі замежных ды, бадай што, і беларускіх гісторыкаў ды палітолягаў. Жыва й зацікаўлена напісаная, кніга добра чытаецца. Аўтар прыцягвае для свайго аповяду, акрамя гістарычных фактаў, таксама факты культурніцкія, што ў сымбалічны спосаб адбіваюць гістарычныя падзеі й цудоўна ілюструюць аўтарскую тэзу - як, прыкладам, гісторыя з пабудоваю помніка Міцкевічу ў Вільні. Снайдар дае кароткія, але выразныя партрэты ключавых асобаў беларускай гісторыі й беларускага руху - Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, А. Луцкевіча, Б. Тарашкевіча. Шмат зь якімі высновамі аўтара ня можна пагадзіцца, як, прыкладам, цьвержаньнем, што сучасная беларуская нацыя яшчэ не паўстала (у заходнім, дзяржаўніцкім, сэнсе). Аднак аўтарская пазыцыя прыхільная да беларускай справы й трактуе яе са стрыманым аптымізмам: "Ня гледзячы на тое, што Лукашэнка быў эксцэнтрычным дыктатарам, які ненавідзеў беларускі патрыятызм і абяцаў зьяднаць свой край з Расеяй, ягонае кіраваньне фактычна захавала суверэнную беларускую дзяржаву. Упершыню пакаленьне маладых беларусаў вырасла ў незалежнай Беларусі, а падарожнікі езьдзілі з беларускімі пашпартамі. Упершыню беларускія нацыянальныя актывісты бачаць дзяржаву, якую яны могуць прыстасаваць для нараджаючайся нацыі. Незалежныя Летува, Польшча і Ўкраіна прыхільна ставяцца да беларускай дзяржаўнасьці й пры адсутнасьці рашучага ўмяшаньня Расеі, зьяўленьне беларускай нацыі зусім ня выключанае".
І яшчэ: "Сучасны беларускі нацыяналізм, калі ён зьявіцца, напэўна, уключыць у сябе мітычную канцэпцыю Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая старая ідэя мусіць быць рэканструяваная з улікам праваслаўнай веры й савецкай гістарычнай памяці, што існуюць сярод большасьці беларускага насельніцтва. Гэткі сынтэз, як і зьяўленьне Адама Міцкевіча ў ролі беларускага нацыяналістага, будуць знакам таго, што беларуская нацыянальная ідэя павярнулася тварам да сучаснасьці".
Безумоўна, гэтая кніга ня ёсьць і ня можа быць першым чытаньнем для людзей, зацікаўленых пытаньнямі гісторыі й нацыянальнага разьвіцьця Беларусі. Але для крытычнага і ўважлівага чытача яна можа даць шмат матэрыялу для роздуму, а можа - хто ведае - і новых ідэяў.
Віталь ЗАЙКА

БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ НАВУКІ й МАСТАЦТВА

ЗВАРОТ ДА ГРАМАДЗТВА

Высокашаноўнае спадарства!
Гэтым Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва даводзіць да ведама, што рэдакцыйная праца над беларуска-ангельскім слоўнікам знаходзіцца ў апошняй стадыі перагладу/карэкты.
Слоўнік налічвае каля 60 000 лексычных адзінак (каля 1000 старонак), што робіць яго вызначальным у беларускім слоўніцтве. Укладальніца слоўнікавае картатэкі спадарыня Валянтына Пашкевіч, а таксама рэдакцыйная камісыя БІНіМу ў складзе Зоры Кіпель, Янкі Запрудніка, Міхася Бахара, Томаса Бэрда, Вітаўта Кіпеля, Аллы Орса-Романо, пастыра Юры Рапэцкага, Алекса Сільвановіча, Васіля Русака (ужо нябожчыка), Юры Станкевіча, Зьміцера Саўкі, Джона Станлей, Антона Шукелойця ды Сяргея Шупы з прыемнасьцю і гонарам гатовыя перадаць вынік блізу дваццацігадовае працы ў карыстаньне грамадзтву.
Наперадзе цяпер - друк слоўніка. Зробленыя запытаньні ў некалькі выдавецтваў у ЗША, Беластоку і ў Беларусі аб коштах друку. Паколькі мяркуецца вялікі тыраж слоўніка, каб шырока распаўсюдзіць яго ў Беларусі, відавочна, будуць і вялікія выдаткі на друк. Наклад плянуецца ў некалькі тысячаў, а друк, паводле пачатковых ашацункаў, будзе па­рад­ку некалькі дзесяткаў тысячаў даляраў. Выданьне слоўніка мяркуецца ажыцьцёвіць коштам падпіскі й ахвяраваньняў беларускай грамадзкасьці ды дапамогі беларускіх арганізацыяў.
Дадзены ліст-зварот да грамадзтва аб фінансавай дапамозе на друк-выданьне слоўніка. Відавочна, што ўсім зразумелая важнасьць гэтага выданьня ды інтэлектуальная трагедыя Бацькаўшчыны, якая да гэтага часу ня мае гэтак патрэбных вялікіх замежна-беларускіх слоўнікаў.
Да рэчы, як аднадушна ўважаюць ініцыятары й арганізатары гэтага выданьня, сьпіс спонсараў і ахвярадаўцаў, як асобаў, гэтак і арганізацыяў-ахвяравальнікаў панад 250 даляраў будзе выдрукаваны ў адпаведным месцы ў слоўніку.
Дык у чародны раз Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва спадзяецца на грамадзкую шчодрасьць. Прысылайце, калі ласка, Вашыя ахвяраваньні на друк ангельска-беларускага слоўніка.
Ахвяраваньні на выдавецкі фонд Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва:
Вольга Качан у памяць мужа Аркадзя Качана 15 000 дал.
Міхась Лужынскі 1 000 дал.

Управа БІНіМу

Ахвяраваньні на выданьне слоўніка дасылайце на адрас:

Belarusan Institute of Arts and Sciiences
1797 Buttonwood Ave
Toms River, NJ 08755 Attn: Vitaut Kipel