Новыя кнігі * Рэцэнзіі
Алесь МАРА Аўтаманаграфія
Менск. 2002. Дызайн: Ігар Марачкін. Рэдактар: Міхась Скобла. E-mail: artadzej@yahoo.com
Аўтар назваў гэтую багата ілюстраваную кнігу-альбом аўтаманаграфіяй, кніжкай пра сябе, паясьніўшы свой выбар жанру: "Ніхто ня ведае сябе так, як ты сам". Сапраўды, шмат хто ня ведае, прыкладам, што Алесь Мара, ён жа Аляксей Марачкін - ня толькі выдатны мастак, гарачы патрыёт, але й цікавы паэт. Талент мастака-паэта ўгрунтаваны на глыбінным адчуваньні гістарычнай і культурнай самабытнасьці Бацькаўшчыны. Аляксей Марачкін выявіў гэта ў фарбах, формах і словах, прасякнуты жаданьнем спрычыніцца да адраджэньня і ўзбагачэньня Роднага Краю, абараніць ягоную дзяржаўнасьць.
Пачынаючы з канца 1980-х гадоў, велічную постаць мастака можна было часта пабачыць на шмат якіх грамадзкіх форумах сталічнага Менску. Пражыўшы 62 гады, Аляксей Марачкін-Мара сабраў у адну вялікага фармату ёмістую кнігу (у якой чамусьці старонкі не панумараваныя) найлепшае са свайго мастацкага і паэтычнага набытку. "Гэтая кніга, - кажа ён, - адмысловая аўтаманаграфія майго жыцьця. Своеасаблівы АРТ-раскоп. Адзін пласт жыцьця накладаецца на другі. Эклектызм становіцца сутнасьцю сёньняшняга часу, і я не саромеюся зьмясьціць на балонках альбому мае сучасныя мэтафізычныя мастацкія экспэрымэнты, запісы, вершы, фотаздымкі з уласнага архіву... Гэта спроба асэнсаваць сябе як творцу на памежжы ХХ-ХХІ стагодзьдзяў, зірнуўшы на пройдзены шлях ня толькі праз каляровыя мроі жывапісу, але і праз магічны крышталь паэзіі... Альбом складзены па прынцыпе экспазіцыі мастацкай выставы, дзе галоўнае не храналёгія, а рэжысура... Мой альбом-выстава гэта слоўныя і жывапісныя водгаласы маіх захапленьняў.. "
Найбольшае захапленьне Алеся Мары - родная Беларусь зь ейнымі краявідамі, легендамі, традыцыямі, духовай і матар'яльнай культурай, аддаленымі гістарычнымі постацямі ды бліжэйшымі да сучаснасьці людзьмі-адраджэнцамі. А таксама са смылячым чарнобыльскім болем. Пра Алеся Мару можна было-б сказаць радкамі вершу Анатоля Сыса ("Каля твайго парога"): "Вясёлка над Белай Русьсю - гэта мая мара"... На вясёлку гэтую рупліва і таленавіта папрацаваў мастак і паэт Аляксей Марачкін ад часоў свае раньняе маладосьці. Гэта задакумэнтавана ў чорна-белых і карычнева-белых фатаздымках, адлюстравана ў калярытных, рэалістычных, стылізаваных і абстрактных малюнках, напоўненых гістарычнымі падзеямі й таямнічай прыродай роднае зямлі, выказана ў лірычных, часамі эратычных вершах. Марачкінава аўтаманаграфія поўніцца духам салідарнасьці з паплечнікамі-абаронцамі беларушчыны. Яна - ня толькі шматгранны вонкавы й нутраны партрэт вялікага патрыёта Беларусі, але й люстра дынамічнае эпохі, калі Бацькаўшчына стаяла перад выбарам кірунку свайго далейшага разьвіцьця, выйшаўшы з "турмы народаў" на шлях сувэрэнітэту. Кніга гэтая так, як гэта рабіў сам ейны аўтар сваёй дасюлешняй дзейнасьцяй, будзе пазытыўна ўплываць на далейшы рух Беларусі да свае запаветнае мары - свабоды й незалежнасьці.
Азнаёміўшыся з кнігаю, хочацца паўтарыць за Янкам Купалам: "Не загіне Край Забраны покуль будуць людзі!.."
Янка Запруднік
Новая кніга пра ГУЛАГ
Ан АПЛБАЎМ. ГУЛАГ: Гісторыя. Выд. "Даблдэй", Нью Ерк - Лёндан, 2003.
Гэта кніга, што зусім нядаўна выйшла ў сьвет, на першы погляд не зьвязаная з беларускай тэматыкай. Акрамя таго, здавалася-б, што новага можа напісаць пра ГУЛАГ маладая амэрыканка пасьля такіх прызнаных аўтарытэтаў па гэтай тэме, і відавочцаў, як Аляксандар Салжаніцын, Густаў Герлінг-Грудзіньскі або Варлам Шаламаў. Сотні, калі ня тысячы, былых вязьняў ГУЛАГу апублікавалі ў той ці іншай форме свае ўспаміны, навукоўцы кшталту Р. Конкўэста й Р. Пайпса прааналізавалі палітычныя й сацыяльныя пытаньні савецкай карнай сістэмы, аднак разуменьня сутнасьці камуністычнага татлітарызму, ягоных прычынаў, ягоных вынікаў на ўзроўні штодзённай сьведамасьці--паболела не нашмат. Дагэтуль грамадскасьць як на Ўсходзе ("Сталін навёў бы парадак", гэтак і на Захадзе жыве пэўнымі міфамі пра камуністычны час. Наконт Захаду асобная размова. Альбэр Камю, выбітны францускі філязоф і пісьменьнік, напісаў: "Як і вы, я лічу ўсе гэтыя [савецкія] лягеры нязноснымі, але гэтак-жа нязносным ёсьць для мяне тое, як карыстае з гэтага буржуазная прэса". Такія й падобныя погляды адчула на сабе і аўтарка кнігі, пішучы ва ўступе, як адзін з яе артыкулаў быў адхілены (у 1994 г.!) брытанскім рэдактарам як "занадта анты-савецкі", а другі артыкул (у рэспэктабэльным часапісе "Таймз Літэрары Саплымэнт") выйшаў у абрэзаным выглядзе. Нажаль, альянцтва ў часы змаганьня з нацызмам і папулярная падчас вайны выява "Дзядзькі Джо" Сталіна дагэтуль часам не даюць аб'ектыўна прааналізаваць існасьць расейска-камуністычнай тыраніі. Чым адрозьніваецца камунізм ад нацызму - гэтае простае, на першы погляд, пытаньне аўтарка задала сабе ў Празе, бачачы, як сотні турыстаў з ахвотай куплялі значкі й саколкі з сярпом і молатам. "Ці сталі-б яны гэтак-жа ахвотна, зь весялосьцю, купляць свастыкі? Напэўна не. Чаму-ж адзін сымболь масавага вынішчэньня людзей выклікае ў нас жах, а другі-толькі сьмех?" Вынікам адказу на яго стала гэтая кніга. Гэта ня ёсьць проста лёгкі экзэрсыс цікаўнага розуму-аўтарка, журналіст і аўтар кнігі пра Ўсходнюю Эўропу, мае дастаткова і журналісцкага, і дасьледчыцкага, і ўласнага падарожнага досьведу, каб брацца за тэму. Пісала яна і пра Беларусь, як у асобных артыкулах у выданьнях кшталту лёнданскага "Спэктэйтара", гэтак і ў разьдзелах сваёй папярэдняй кнігі (адзін зь якіх, дарэчы, быў перакладзены ў 1995 г. у "Нашай Ніве").
На падставе колькігадовай працы ў архівах, інтэрвію з былымі вязьнямі, наведваньня мясьцінаў былых лягераў зьявілася праца, якая сыстэматычна аналізуе ўнутраную лёгіку працы савецкай таталітарнай машыны, адсочвае механізмы гэтай працы, дае адстаронены, і таму больш аб'ектыўны погляд на досьвед штодзённага жыцьця людзей па абодва бакі калючага дроту, шырока цытуе з публікаваных і непублікаваных матар'ялаў у падтрымку сваіх тэзаў. З 1929 па 1953 год праз сыстэму савецкіх канцлягероў прайшло каля 18 мільёнаў чалавек, зь якіх 4.5 мільёны загінулі. У сьціслым сэнсе слова, нацыстоўскае вынішчэньне людзей па расавай прыкмеце ня мела дакладнага савецкага адпаведніка, у сэнсе індустрыялізаваных лягераў зьнішчэньня з газаввымі каморамі й крэматорыямі. Саветы знаходзілі іншыя спосабы, у якіх, дарэчы, вязьні гінулі ня ў выніку мэтанакіраванай жудаснай эфэктыўнасьці ў асягненьні мэты зьнішчэньня, як было ў нацыстаў (Асьвенцім, Трэблінка), а наадварот, у выніку неэфектыўнасьці й занядбаньня ў лягернай сыстэме (капальні Калымы й Варкуты). Згодна з аўтаркай, савецкія лягеры былі адмыслова створаныя не для зьнішчэньня, а для рабскай працы. І жыцьцё вязьняў датуль мела для адміністрацыі й усёй сыстэмы ГУЛАГу нейкую вартасьць, дакуль гэтыя вязьні маглі працаваць. Але жахлівы вынік функцыянаваньня нацыстоўскай і камуністычнай лягерных сыстэмаў вельмі падобны - мільёны страчаных у пакутах чалавечых жыццьцяў.
Нажаль, Беларусь засталася збольшага па-за ўвагай дадзенай кнігі. Не ўзгаданыя нават у абшырнай бібліяграфіі сьведчаньні пра ГУЛАГ, якія пакінулі Ф. Аляхновіч, Я. Германовіч, Л. Геніюш. Менавіта зь Беларусі пачаліся масавыя дэпартацыі людзей (палякі ў канцы 1920-х), у Беларусі ўпершыню былі знойдзеныя месцы масавых расстрэлаў ГПУ-НКВД. Курапаты не ўспамінаюцца, хоць аўтарка дакладна ведае пра іх існаваньне - гэта можна вытлумачыць скіраванасьцю кнігі менавіта на "лягерны" аспэкт. Але кніга гэтая, што перакладаецца ўжо, дарэчы, на шэраг іншых моваў, вельмі патрэбная ў Беларусі, дзе, хіба як у ніякай іншай пост-савецкай краіне, спадчына ГУЛАГу засталася амаль нязьмененай і незакранутай. Сёнешні кіраўнік Беларусі ня раз пранікнёна казаў пра Сталіна і савецкую сыстэму, як, дарэчы, знайшліся ў яго добрыя словы й пра Гітлера. Дарэчы, учынкі гэтага дзеяча сёньня ў нечым нагадваюць дзеяньні Сталіна напачатку душагубчай кар'еры, і застаецца толькі спадзявацца, што кар'ера гэтая не адбудзецца. Так будзе лепей і для самаго дзеяча, і для беларускага народу. Нязручнасьці й нястачы пасьлясавецкага часу ня мусяць засланіць ад нас усіх жахаў, страт і пакутаў, задушэньня нацыянальнай культуры, вынішчэньня эліты беларускага грамадства, якія прынёс камунізм. Мы мусім, мы павінныя памятаць. "Сталін навёў бы парадак"? Ня дай Бог такога парадку ані нам, ані ворагам нашым.
Віталь ЗАЙКА
Ліст з рожкамі
Firm persuasion that a thing is so make it so.
Ў. Блэйк "Унія Нябёсаў і Пекла"
Юры СТАНКЕВІЧ Ліст у Галактыку Млечны шлях. Дзеяслоў 1-2002
Сьвет Станкевічавых твораў заўсёды пазнавальны. Настаўнік фізыкі й астраноміі перадае земляку - астранаўту В. ліст, дзе выкрывае памылковасьць шляху чалавецтва і заклікае магутных жыхароў космасу ачысьціць плянэту ад пошасьці. Сэксотка-вычварэнка Ася выкрадае крамолу для ворганаў бясьпекі. Паклёпніка арыштоўваюць, але вызваляюць пад ціскам астранаўта зь цьвёрдым намерам хутка патаемна забіць. Забойству перашкаджае адна з анёлападобных звышістотаў, меркаваных адрасантаў Корбата. Настаўнік нават чуе незразумелы сьпеў, але ягоны далейшы лёс выглядае гэткім-жа безнадзейным, якім яму самому падаецца лёс чалавецтва.
Галоўным героем новай аповесьці Юрыя Станкевіча ня стаў, насуперак прароцтву Генадзя Туровіча ("Зьбіральнік жахаў", ARCHE/ Скарына 4-2001), "звар'яцелы карыстальнік разбэшчанага Інтэрнэту". Андрэй Корбат са згаданых тым-жа рэцэнзэнтам "шараговых настаўнікаў і навукоўцаў, апантаных звышкаштоўнымі ідэямі".
Але фірмовы пачак чорнай фарбы запоўнены гэтым разам фарбаю шэрай і няякаснай. Сугестыўны стыль, які адзначалі нават непрымірымыя крытыкі поглядаў пісьменьніка, адчуваецца на першай старонцы, калі вызваленага Корбата супрацоўнік спецслужбаў праводзіць да цягніка. Далей - сухі пераказ таго, што Юры Станкевіч меў намер апісаць. Акрамя падрабязнасьцяў сэксуальнага жыцьця сэксоткі Асі, жмені фактаў пра Млечны шлях ды паўтарэньня песымістычных тэзісаў Корбатавай філязофіі чытач нічога больш ня знойдзе.
Апісаньні настолькі невыразныя, што гэта напачатку выглядае адмысловым аўтарскім прыёмам. Безаблічныя істоты гавораць ненатуральна правільнай, стэрыльна-кніжнаю моваю. Астранаўт В. апісвае важную размову з Генэральным так, быццам яны размаўлялі, прасоўваючы друкаваныя паперкі пад зачыненыя дзьверы - няма эмацыйных абертонаў, прысутных у сапраўднай размове.
Канцылярска-справаздачны стыль захоўваецца ў поўнай напружаньня (пра што можна адно здагадвацца) сцэне, дзе спэцслужбоўцы абмяркоўваюць вызваленьне Корбата пад ціскам нацыянальнага героя, і старэйшы падштурхоўвае малодшага забіць настаўніка, ратуючы гонар мундуру: "Сьвядома зьмяншаючы віну Корбата, што нам зразумела, ён (астранаўт), хацеў таго ці не, зрабіў замах на ўсіх нас, спробу дыскрэдытаваць нашу працу." Малодшы-ж нават у думках не рэагуе на паток начальніцкага канцэлярыту і дэмагогіі, быццам за апавядальніка - непасрэднага ўдзельніка размовы, яе пераказвае нехта іншы.
Пытаньне "хто гаворыць?" замінае чытаць на працягу ўсяго тэксту. Аўтар ня дбае аддзяліць сябе ад персанажа. Калі Корбат ідзе празь лес і разважае пра свой лёс, аўтар зноў перахоплівае ініцыятыву:
"Ен ішоў дамоў, да сям'і... і разважаў: тое, што здарылася - можа, толькі прыгода, ня больш, на якую і ён, і ягоныя блізкія хутка забудуцца. Напісаўшы ліст, меркаваў настаўнік, сам ён не набыў аніякіх гарантыяў, каб пазбавіцца ад сваіх комплексаў, страху і адзіноты. Яны будуць зь ім назаўсёды, і тут нічога ня зробіш. Але-ж камусьці трэба было напісаць..."
"Вось і скончылася мая Прыгода, - думаў ён, - стала асобным фрагментам у мазаіцы пакутаў, што завецца жыццём. Навошта я напісаў той ліст, - думаў нядаўні паддоследны. - Хіба меў якую скрайнюю ў тым патрэбу?
Гэтыя скачкі ад нутранага маналёгу да аўтарскага пераказу выклікаюць уражаньне падваеньня асобы - ці то апавядальніка, ці то героя.
Споведзь даносчыцы Асі крыху адрозьніваецца ад рэшты тэксту: Станкевіч перасыціў яе апісаньнямі палавога жыцьця, і нагэтулькі перасыпаў мову медыцынскай тэрміналёгіяй, што бязглузды натуралізм апісаньня перабівае, хаця і не адмяняе, ненатуральнасьць стылю. Дастаткова было згадаць лёгкія паводзіны Асі як зачэпку для вярбоўкі. Фізыялягічныя падрабязнасьці не спрацоўваюць: кардонныя пэрсанажы не дапасоўваюцца да сэксапаталягічных успамінаў. Замест герояў чытач бачыць прымітыўныя маскі, і з-пад кожнай чуецца ўсё той-жа голас. Што ні рабі з пап'е-машэ, яго ня зблытаеш з жывым целам.
Тэкст не пераконвае. І раней зьвярталі ўвагу, што Станкевіч шчыра верыць у прыдуманы ім сьвет. Але ніколі яшчэ вера не была такою поўнаю. На свой лад можна прызнаць рацыю Андрэю Корбату: калі існуе такая рэчаіснасьць, пушчаны вышняю рукою астэроід сапраўды быў-бы вырашэньнем пытаньня. Вось толькі гэтае "калі"...
Стаўшы палоньнікам стварэнняў уласнае думкі аўтар паціху робіцца падданым прыдуманай дзяржавы, якая, паводле ягонага перакананьня, не прызнае падвойнага грамадзянства. Заглыблены ў сузіраньне гэтай змрочнай фантазіі ён часам прачнецца ды ўставіць нейкую дэталь, якая нагадае пра ранейшага Станкевіча ("У космасе ўсё хутка старэе і псуецца," - кажа ён вуснамі астранаўта В.) ды зноўку заглыбіцца ў мэдытацыю. Чытачу дастаюцца таропкія невыразныя канспэкты, з чыіх старонак на нас глядзіць жыхар краіны, вартай добрага астэроіда.
Расчараваны чытач замест змрочнае, але верагоднае візіі знаходзіць у творы няўклюдную выдумку, быццам з-пад пяра адурманенага таталітарызмам "шрубочка"-чыноўніка, шараговага правадніка Адзінага курсу. З пэўнага гледзішча Юры Станкевіч дасягнуў дасканаласьці: калі ў ягонай рэчаіснасьці засталася літаратура, яна па мастацкіх вартасьцях будзе падобнай да "Ліста ў Галактыку ...": гранічна тэндэнцыйнай, эмацыйна пустой і пазбаўленай нармальнага чалавечага погляду, які выцесьнены прымітыўнымі ідэалагічнымі клішэ. Засваеньне гэтае ўласьцівасьці ў аўтара пакуль наперадзе, і будзем спадзявацца, ён ня пойдзе ў сваім прыпадабненьні да ўласных персанажаў аж так далёка. Тым больш, наўрад ці гэткае гледзішча знойдзе разуменьне ў чытацкіх масах нашай сусьветнай лініі, пры ўсіх ейных недахопах.
Да таго-ж, варта ўлічваць, што нешта падобнае ўжо здаралася, і мела досыць непрыемныя наступствы. "Маг Лі То спакушаў натоўп пісаньнямі нячысьцікаў, якія сам і напісаў. Яму адсеклі галаву на кірмашовай плошчы Цзянькану" ("Гісторыя дынастыі Цзінь", 324 год).
Д. ЖУКОЎСКІ