Рэцэнзіі

Сонца Святое - Хрыстос: Зборнік беларускай духоўнай паэзіі. - Мінск. Біблейнае таварыства, 2001, 191 с.
Магчыма пра такую кніжку марыў на эміграцыі Юрка Віцьбіч, зьбіраў матар'ял, каб падрыхтаваць кнігу-хрэстаматыю пра хрысьціянскі элемэнт у беларускай літаратуры. Нажаль, зьдзейсьніць задуманае пісьменьнік не пасьпеў. У падсавецкай Беларусі на той час выходзілі іншыя кнігі. "Зборнік беларускай духоўнай паэзіі", які ў 2001 годзе ў Менску выдала Біблійнае таварыства, ды яшчэ анталёгію беларускай хрысьціянскай паэзіі "Насустрач Духу" (Мінск 2001), можна лічыць ці ня першымі ластаўкамі ў гісторыі беларускага друку. У пэўнай ступені яны запаўняюць прагал сярод сьвецкіх выданьняў рэлігійнага характару, у якіх на Бацькаўшчыне поруч з адмысловымі малітоўнікамі й катэхізмамі заўсёды мелася патрэба.
Зборнік складаецца з прадмовы й двух разьдзелаў. Кожны зь іх распачынаецца фрагмэнтамі псальмаў. У першы разьдзел пад назваю "Ад прадзедаў спакон вякоў..." увайшлі фрагмэнты з паэтычных твораў Кірылы Тураўскага, Рыгора Цамблака, Яна Вісьліцкага, а таксама творы Францішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага. Заключную частку разьдзелу склалі вершы пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Зосі Манькоўскай і Францішка Багушэвіча. З твораў славутых "нашаніўцаў" Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Гаруна, Максіма Багдановіча, Цішкі Гартнага пачынаецца другі й асноўны разьдзел з назваю "Хрыстос Уваскрос!". Беларускую эміграцыю рэпрэзэнтуюць вершы Натальлі Арсеньневай зь яе славутым гімнам-малітваю "Магутны Божа", лірычныя імпрэсіі Алеся Салаўя, Масея Сяднёва, Янкі Золака, Ларысы Геніюш. Мясцовы паэтычны Парнас прадстаўлены імёнамі Ўладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Сяргея Грахоўскага, Пятруся Макаля, Сяргея Законьнікава, Мар'яна Дуксы, Артура Вольскага ды інш. З маладзейшых зьмешчаныя творы Ірыны Багдановіч, Ігара Пракаповіча, Андруся Дылюка, Анатоля Кудласевіча, Паўла Саковіча, Сяргея Давідовіча і інш. З мастацкай творчасьці паэтаў-сьвятароў ёсьць вершы Якуба Мартусэвіча, архібіскупа Полацкага, Казіміра Сваяка (псеўданім кс. Канстанціна Стэповіча), а таксама паэтычныя творы нашых сучасьнікаў - пратаярэяў Леаніда Чэрняка, Іаана Міцько і манаха Мікалая (Алега Бембеля). Кожны ўзяты верш, як і ўся кніга ў цэлым гучыць і ўспрымаецца як велічная малітва-сымфонія за нашую Бацькаўшчыну-Беларусь.
Варта адзначыць экумэнічны характар і самога выданьня, і ягоных аўтараў, сярод якіх прадстаўнікі праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў. Можна пашкадаваць, што зборнік выйшаў невялікім накладам - 2500 асобнікаў, і верыць у інтэнцыі ўкладальнікаў гэтай карыснай і патрэбнай кніжкі, што яна апраўдае сваё прызначэньне-пакліканьне - выкліча на роздум, а перад усім абудзіць ў людзкіх душах добрае і паставіць нас, чытачоў, тварам да Бога. Каб у зваротах і малітвах да Усемагутнага і мы, слухаючы, змаглі пачуць.
Юры КАМІНСКІ

"Новае Жыцьцё"

У 90-х гадох мінулага XX ст. у Беларусі пачалі ўзнаўляцца легэндарныя выданьні: "Наша Ніва", "Свабода", "Калосьсе", "Хрысьціянская Думка" ды іншыя. Было ў тым імкненьне ня проста далучыцца да чужое славы, а працягнуць традыцыі, павязаць пакаленьні. Падобныя інтэнцыі, верагодна, валодалі й Віктарам Кавалеўскім, які выдаў чарговы, №2 (26), 2004 нумар часапісу "Новае Жыцьцё", штo друкаваўся ў Мэльбурне-Сыднэі ў 1950-59 г.г.
На 92 бачынах нямала матар'ялаў, арыгінальных і перадрукаў: "Разьвітаньне зь Сьв. п. Паўлам Гузам", "Памяці Вольгі Бурнос", "Вялікасьць ролі духоўных лідэраў на эміграцыі" (пра а. М. Бурноса), вытрымкі з кнігі Г. Сагановіча "Нарыс гісторыі Беларусі", навіны Беларускага Аб'еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі й Беларускага Гістарычнага Згуртаваньня, байка "Як пеўніка півам аблілі", пераклад апавяданьня Артура Кларка "Нянавісьць", артыкулы "Лібэральная дэмакратыя", "Пераступіць мяжу", верш А. Салаўя "Беларусі", "Марш Беларускай Краёвай Абароны", "Ліст Беларускага народу таварышу Лукашэнку" ды іншае. Перадрукаваны таксама з нашае газэты артыкул Н. Гардзіенкі "Беларусы й беларускі Аўстраліі", суправаджаны "Карэкцыямі" В. Кавалеўскага, якім напісаная большасьць старонак выданьня.
З улікам вялікай колькасьці якасных здымкаў трэба пагадзіцца з сказаным у прадмове: "Праблемы жыцьця беларускай эміграцыі патрэбна будзе дасьледваць. Для гэтай працы такое выданьне як гэты часапіс будзе вельмі спадручным". Сапраўды, першы нумар адноўленага выданьня дае інфармацыю да стварэньня падобнае гісторыі. Цікавыя рэлігійнаыя зьвесткі, якія насьвятляюць нутраныя канфлікты й робяць зразумелымі падзеі мінулага. Наагул, у дыяспары й мэтраполіі заўважаецца рост цікавасьці да гісторыі эміграцыі: у апошнім нумары канадыйскага "Беларускага Слова" распачатая публікацыя пра гісторыю ЗБК, а ЗБС "Бацькаўшчына" рыхтуе кнігу пра парыскую "Моладзь". Дай, Божа, ім усім і сп. Кавалеўскаму, які ўзваліў на сябе патрэбную, але няпростую справу ды якую мо працягнуць іншыя, адрадзіўшы "Божым Шляхам", "Шыпшыну" ці "Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі".
Кожны, хто зацікавіўся часапісам "Новае Жыцьцё", хацеў-бы падпісацца ці дапамагчы - відавочна патрэбныя карэктары, стыль-рэдактары, - можа зьвязацца з В. Kавалеўскім: viktor@picknowl.com.au.
Ант. ЯСЕВІЧ