У ДАЛЕЙШЫ ШЛЯХ!
Рэдакцыйная перадавіца першага нумару газэты "Беларус" за 20-га верасьня 1950-га году акрэсьліла заданьні беларускае палітычнае эміграцыі гэтак: дакумэнтаваць і аналізаваць прычыны эміграцыі зь Беларусі, выкрываць камуністычную палітыку Крамля ў Беларусі, як і ўсіх акупантаў краіны, спрыяць кансалідацыі беларускае эміграцыі ды адлюстроўваць усе аспэкты ейнае дзейнасьці й жыцьця як у Злучаных Штатах, гэтак і ў заходнім сьвеце.
Палітычнае крэда газэты "Беларус", БАЗА ды шырокага нацыянальнага грамадзтва, якія запачаткавалі газэту было: аднаўленьне вольнае незалежнае дэмакратычнае беларускае дзяржавы ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гэткае праграмы й гэткіх прынцыпаў "Беларус" прытрымліваўся дзесяцігодзьдзямі. Паўстагодзьдзя - даўгое жыцьцё і для газэты, і для чалавека. Мяняліся пакаленьні рэдактараў - Лявон Галяк, Лявон Савёнак, Натальля Арсеньнева, Міхась Міцкевіч, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Зора Кіпель, Антон Шукелойць, Вітаўт Кіпель - мяняўся склад рэдкалегіяў, адміністрацыйны пэрсанал, дзесяткі дапісчыкаў, а газэта жыла. Праўда, былі ў нас і перапынкі. Як было сказана ў заяве ў апошнім нумары "Вестак і Паведамленьняў" нью ёрскага аддзелу БАЗА: "У 50-ці гадовым стажы "Беларуса" быў гэта ня першы вымушаны перапынак. Гэтым разам застой-перапынак быў выкліканы прычынай фінансавай насамперш - трэба было расплаціцца з запазычанасьцяй, дапасавацца да новае тэхнічна-адміністрацыйнае рэальнасьці ды ашацаваць нашую пісацка-пісьменьніцкую базу. Не забывайма, што ні заснавальнікаў газэты, ні шматлікіх іх наступнікаў ужо няма, газэта блізіцца да 500 нумару, ды жыцьцё беларускае крочыць наперад.
Дык вось! З задавальненьнем паведамляем, што пэрыяд затрымкі газэты перажыты. Аднаўляецца выданьне "Беларуса" з памаладзеўшай рэдакцыяй, у адноўленым стане, з улучаным у газэту бюлетэнем "Весткі й Паведамленьні".
Праўда, мусім адразу выказаць папярэджаньне - калі мы ў Нью Ёрку памаладзілі рэдакцыю, знайшліся маладыя супрацоўнікі, якія ўзялі на сябе адказнасьць вядзеньня адзінага воргану-люстра беларускае дзейнасьці ў дыяспары - фінансавая адказнасьць за выданьне газэты ляжыць на Беларускай грамадзкасьці. Выдаўцы й супрацоўнікі чакаюць ад Вас - грамады - фінансавага высілку, каб сфармаваць Фонд "Беларуса" ды забясьпечыць газэце жывучасьць. Падтрымкі гэтае ад грамадзтва мы чакаем неадкладна.
Плянуем выдаваць газэту месячна, як і раней, па мажлівасьці на 8-мі бачынах, і дзеля гэтага заклікаем асяродкі й прыватных сяброў дасылаць нам хроніку, агляды беларускае дзейнасьці й артыкулы."
Рэдакцыя