Беларусіка ў Ратгерскім унівэрсытэце
З амэрыканскіх вышэйшых вучэльняў Ратгерскі ўнівэрсытэт бадай самы старэйшы. Заснаваны напрыканцы XVIII-га стагодзьдзя, ён і сёньня актыўна служыць разьвіцьцю амэрыканскай ды сусьветнай навукі. Паводле акадэмічнага ўзроўню гэты ўнівэрсытэт займае сёньня 8-9-е месца сярод усіх вышэйшых вучэльняў у ЗША. Варта адзначыць, што на ягоны навуковы прэстыж працавалі, між іншым, і беларусы. Адным з найбольш выдатных трэба лічыць Аўгена Вярбіцкага, які закончыў тут біялягічны факультэт, а пазьней зрабіў дактарат. Дарэчы, яго навуковым кіраўніком быў ведамы амэрыканскі вучоны Ваксман, які ў першай палове 40-х гадоў вынайшаў пэніцылін. Пасьля абароны дактарату Аўген Вярбіцкі пераехаў у штат Аёву і пачаў сьпэцыялізавацца на хіміі мясной прадукцыі. Пазьней атрымаў пасаду галоўнага навукоўца ў ваеннай лябараторыі дасьледаваньняў ежы ў ЗША. Ен - адзін з выдатных навукоўцаў, вынікі працы якога былі выкарыстаныя ў касьмічных палётах амэрыканскіх астранаўтаў. Выдатнасьць навукоўца-беларуса была адзначаная, калі амэрыканскія астранаўты вярнуліся зь Месяца і прывезьлі адтуль месяцавую пароду - кавалачак яе быў ўручаны таксама і др. А. Вярбіцкаму.
Зь іншых ведамых беларусаў у Ратгерскім унівэрсытэце студыявалі сп-ня Зора й сп. Вітаўт Кіпелі. З маладзейшага пакаленьня - Юрка і Ірэна Азаркі, Нона Махнюк, Павал Рамана, Ліля Касьцюк, Людміла й Натальля Русак, Кастусь, Валянтына й Галіна Вайцяхоўскія, Натальля Кіркевіч ды іншыя. Дарэчы, у Ратгерскім унівэрсытэце беларусы ня толькі вучыліся. Тут працавалі ў бібліятэцы Галіна Русак і Людміла Махнюк. Як вынікае з падлікаў доктара мэдыцыны Юркі Кіпеля, для якога тутэйшы ўнівэрсытэт - таксама Alma Mater, гэтую вучэльню закончыла каля 120 беларусаў. Дарэчы, у Ратгерскім унівэрсытэце напрыканцы 90-х гадоў была зарганізаваная беларуская канфэрэнцыя, на якую меўся прыехаць ведамы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Нажаль, здароўе не дазволіла яму адведаць землякоў у ЗША і прыняць удзел у гэтым навуковым форуме.
Добрым знакам часу сталася тое, што менавіта Ратгерскаму ўнівэрсытэту др. Янка Запруднік не так даўно перадаў сваю багатую калекцыю беларусікі - каля пяці тысячаў кнігаў. Паасобныя беларускія кніжкі, безумоўна, тут былі й раней. Сярод іх - фундамэнтальная праца Я. Карскага "Беларусы", некалькіх тамоў беларускай энцыкляпэдыі першага выданьня. Пры ўнівэрсытэце ўжо некалькі дзесяткаў гадоў існуе таксама і аддзел славянскіх студыяў. Але беларусіка да нядаўняга часу фігуравала тут разрозьнена, а не як камплектная бібліяграфічная адзінка. Таму кніжную калекцыю др. Я. Запрудніка прынялі зь вялікай прыемнасьцю. Гэткім чынам кнігазбор беларускага навукоўца фактычна распачынае сыстэматычную разбудову беларускай калекцыі ў Ратгерскім унівэрсытэце. На думку др. Вітаўта Кіпеля, дырэктара Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью Ерку, гэтая кніжная калекцыя якраз "трапіла ў належнае месца, дзе беларусіка з часам пачне разьвівацца".
Беларусіку сваю др. Я. Запруднік зьбіраў праз цэлае жыцьцё, пачынаючы яшчэ ад студэнцкіх гадоў. У кнігазборы навукоўца і грамадзкага дзеяча ёсьць кніжкі зь Лювэну і з часоў славутай "Дванаццаткі". Вось як пра гісторыю кніжнай калекцыі распавядае яе былы ўладальнік:
"У сувязі з журналістычнай і навукова-дасьледніцкай працай я заўсёды хацеў мець кніжкі "пад рукой". Прыехаўшы ў 1957-м годзе ў Нью Ерк, рэгулярна наведваў кнігарню 'Чатыры кантынэнты', дзе прадаваліся таксама і кніжкі зь Беларусі. Мяне ў асноўным цікавіла беларусіка. Кніжкі гэтыя былі даступныя сваёю цаною і так вось я "аброс" сваімі кніжкамі. У той маёй хаце, дзе я раней жыў, увесь падвал быў застаўлены кніжнымі паліцамі, і там мне хапала месца, бо хата была вялікая. Поруч з кнігамі там былі камплекты часапісаў з Бацькаўшчыны - такіх як "Полымя", "Маладосць", "Весці Акадэміі Навук", "Нёман" ды іншыя. У сувязі з маім пераездам у 1995-м годзе ў Самэрсэт паўстала патрэба перагледзець сваю хатнюю бібліятэку. Тамчасам "канчына" Савецкага Саюзу ператварыла частку набытага кніжнага матар'ялу ў макулятуру і ў нейкай ступені падказала, што рабіць з усім гэтым. Аднак большасьць выданьняў, асабліва беларусіка, ня страціла сваёй вартасьці і па сёньня. Мяне заўсёды турбавала думка, калі ня знойдзеш таго або іншага выданьня ў сябе ўдома, то трэба будзе бегаць і шукаць па бібліятэках. Таму я трымаў пад рукою максымальную колькасьць кніжак, а перш-наперш перыядычныя выданьні. Пасьля, адсартаваўшы тое, што на маю думку, было патрэбнае, я перавёз яго ў Самэрсэт. Ну, і тут надалей "абрастаў" кніжкамі, бо кожны год і кожныя адведзіны Беларусі суправаджаліся вялікім багажом кніжак. І вось, нарэшце, дасягнуўшы "сталага веку", я пачаў думаць, што будзе далей з гэтай калекцыяй. І так зрадзілася думка перадаць яе ў Ратгерскі ўнівэрсытэт. Зь некаторымі рэчамі прыйшлося разьвітвацца з болем у сэрцы. Напрыклад, з калекцыяй тых жа часапісаў "Полымя", "Маладосьць" і "Нёман". І гэта лёгка вытлумачыць, бо ў кожным зь іх было нешта карыснае, нешта цікавае. Нью Джэрзі, як ведаем, штат шматэтнічны. Нямала жыве тут і беларусаў. Супрацоўнікі бібліятэкі Ратгерскага ўнівэрсытэту прыйшлі, паглядзелі, прыгледзеліся. Пабачылі, што гэта вартасны матар'ял і сказалі "окэй". Ну, і я тады пачаў калекцыю пакаваць. Атрымалася дзесьці каля сотні скрынак. Пры перадачы кніжнай калекцыі быў падпісаны кантракт з унівэрсытэтам. Мне паабяцалі ня толькі ўпарадкаваць кніжкі, але і пусьціць іх на міжбібліятэчны абмен, а таксама паставіць кніжныя выданьні на інтэрнэт. Ну, і гэта мяне задаволіла. Я зь вялікай удзячнасьцю аддаў калекцыю і з палёгкаю, што можа там яна ня толькі захаваецца, але і яшчэ паслужыць беларускай эміграцыі."
Трэба адзначыць і тое, што на ўпарадкаваньне беларускай кніжнай калекцыі др Я. Запруднік ахвяраваў пэўную суму грошай. Цяпер на ўнівэрсытэце робіцца каталягізацыя ўсяго перададзенага матар'ялу.
Кніжную калекцыю навукоўца складаюць у асноўным выданьні, зьвязаныя зь літаратурай, гісторыяй і культурай Беларусі. Сюды таксама ўвайшоў бадай што ўвесь англамоўны матар'ял пра Беларусь. Есьць там кніжкі ў нямецкай мове, ёсьць у французкай, і нават у гішпанскай ды італійскай, хоць такіх там няшмат. Англамоўная сэкцыя перададзенай кніжнай калекцыі даволі вялікая. Бальшыня перададзеных кніжак пазначана своеасаблівымі "аўтографамі", якія сьведчаць аб тым, што навуковец ня проста чытаў кніжку, але працаваў зь ёю - раскрэсьліваў, падкрэсьліваў, рабіў на старонках выданьня свае заўвагі й пазнакі.
Апрача гэтага, вельмі шмат у калекцыі кніжак з аўтографамі аўтараў ды прысьвятаю др. Янку Запрудніку. З англамоўных дэдыкацыяў варта згадаць аўтографы праф. Арнольда Макмілліна, Джэймса Дынглі, а таксама ведамай ангельскай перакладчыцы Веры Рыч. Зь беларусаў добрыя словы-прысьвячэньні пакінулі пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, навукоўцы праф. Аляксандар Баршчэўскі, др. Генадзь Кісялёў, др. Адам Мальдзіс ды іншыя.
Можна з упэўненасьцю сьцвердзіць, што кніжная калекцыя др. Янкі Запрудніка ня згубіцца ў Ратгерскім унівэрсытэце і яшчэ дзейсна паслужыць новым пакаленьням беларускай эміграцыі ды прапагандзе беларусікі ў англамоўным сьвеце. Як і ўсё тое, што гэты выдатны гісторык і грамадзка-палітычны дзяяч зрабіў і напісаў на працягу ўсёй сваёй навуковай ды грамадзка-палітычнай дзейнасьці на эміграцыі.
Ю. КАМІНСКІ

На здымку: др. Янка Запруднік на сваім працоўным месцы ў Беларускай рэдакцыі радыё"Свабода" на Брадвэі. Нью Ерк, пачатак 80-х гадоў.