СЬВ. ПАМЯЦІ
ГАЛІНА РУСАК (24.05.1928 - 14.09.2000)
ВАСІЛЬ РУСАК (14.11.1923 - 20.10.2000)
Галіна й Васіль Русакі былі маімі знаёмымі, сябрамі й супрацоўнікамі ад 1953-га году, а пасьля нашага з Надзеяй Кудасавай шлюбу ў 1995-м годзе - жылі побач з намі, дом каля дому. Надзя ведала іх шмат раней і была іхнай суседкай цягам дзесяцігодзьдзяў: бачыла, як гадаваліся, вырасьлі ды павыходзілі замуж іхныя дочкі Люда й Натальля; як падрасталі ўнукі Васіля й Галіны. Самымі апошнімі гадамі, калі Васіль быў ужо на пэнсіі, а Галіна яшчэ працавала дырэктарам мастацкае бібліятэкі Ратгерскага ўнівэрсытэту, у нас зь імі адбываліся амаль штодзённыя гутаркі-сустрэчы - цёплыя чалавечыя кантакты, зь якіх складаецца солад жыцьця й сяброўства. Мы ня толькі жылі побач адны адных, але падзялялі тыя самыя прынцыповыя вартасьці, тое самае перажывалі ў сувязі з падзеямі ў Беларусі. Прывыкшы да штадзённых спатканьняў, адчуваем і дасюль вялікую страту сяброў і суразмоўнікаў. Часта, калі выходзіш надвор або ідзеш па вуліцы, так і здаецца, што вось-вось зьявіцца насустрач знаёмая постаць, і адбудзецца адзін з тых прыемных мамэнтаў кароткага абмену словам-другім. Застаўся стаяць знаёмы дом, але заселены ўжо іншымі людзьмі...
Васіль і Галіна былі гарачымі патрыётамі Беларусі, нястомнымі працаўнікамі на палітычнай, навуковай і грамадзкай ніве. Іхны беларускі сьветагляд, глыбіня й трывучасьць нацыянальна-культурных перакананьняў найвыразьней выявіліся ў тым, што іхныя дочкі й унукі валодаюць беларускай мовай і перахоўваюць зацікаўленасьць да беларушчыны. Частка заслугі ў гэтым, безумоўна, і Галініных бацькоў, якія зрабілі свой вялікі ўклад у гадаваньне Люды й Натальлі.
Васіль родам з-пад Баранавічаў, а Галіна - з-пад Наваградка, сваёй грамадзкай працай сталіся прадаўжальнікамі багатае патрыятызмам бацькоўскае традыцыі.
Васіль з Галінаю яшчэ са студэнцкіх часоў у канцы 1940-х гадоў у Заходняй Нямеччыне, а пасьля ў ЗША, былі актыўнымі сябрамі ў Згуртаваньні Беларускае Моладзі, Беларускім Студэнцкім Таварыстве ў ЗША ды Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньні, а далей - у Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва, у Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве ды ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі.
Васіль улажыў шмат працы й здольнасьцяў у арганізацыю рэлігійнага жыцьця, ў штадзённыя патрэбы парафіі ў Гайлянд-Парку, у распрацоўваньне статуту ды іншых дакумэнтаў БАПЦ. Вартасны ягоны ўклад у справу судовае абароны інтарэсаў прыходу й усяе БАПЦ.
Галіна прыклала нямала намаганьняў для рэклямаваньня імя Беларусі шляхам мастацкае творчасьці ды арганізаваньня выставак як сваіх малюнкаў, гэтак і твораў мастакоў, у тым ліку чарнобыльскіх дзяцей зь Беларусі. Выстаўкі ейных твораў адбываліся ў Нью Ерку, Нью Брансўіку, Саўт-Рывэры, Вашынгтоне ды іншых гарадох, а таксама ў Беларусі пасьля абвешчаньня незалежнасьці.
Васіль зрабіў удалую кар'еру ў сваёй прафэсіі інжынера, спэцыяліста дынамікі помпаў, друкаваўся ў прафэсійных часапісах, а таксама меў патэнты.
Галіна з посьпехам працавала ў мастацкай бібліятэцы Ратгерскага ўнівэрсытэту на працягу доўгага часу на становішчы дырэктара. Шмат часу прысьвяціла зьбіранью матэрыялаў пра полацкую князёўну Прадславу, ведамую нам як Сьв. Еўфрасіньня Полацкая. Галіна сабрала вялікі бібліяграфічны й дакумэнтальны матэрыял, знаходзіла ў ім цікавыя асаблівасьці, шукала гістарычных сувязяў паміж тымі аддаленымі часамі й сучасным разьвіцьцём Беларусі. Частковыя вынікі ейных досьледаў апублікаваныя ў навуковых выданьнях. Шкада, што раптоўная сьмерць не дазволіла ёй давесьці да канца гэты цікавы экскурс у нашу мінуўшчыну.
Васіль, які апошнімі часамі актыўна працаваў у рэдкалегіі апрацоўванага ў Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва ангельска-беларускага слоўніка, меў намер напісаць мэмуарны нарыс пра жаўнераў чужых арміяў у ягоным бацькоўскім доме. Стан здароў'я не дазволіў яму зрэалізаваць гэты праект. Зь ягонай пісьмовай спадчыны засталіся частыя допісы ў газэце "Беларус" пра беларускае рэлігійнае жыцьцё ў Нью Джэрзі, розныя палітычныя й культурныя падзеі, як фэстывалі, зьезды, сустрэчы з урадавымі асобамі, сьвяткаваньні ды інш.
Васіль і Галіна Русакі - сьветлы прыклад людзей, якія на сваім зямельных шляху кіраваліся высакароднай мэтай: выгадаваць дзяцей і ўнукаў, даць ім добрае ўзгадаваньне, быць плённымі сябрамі свае беларускае грамады й пакінуць ёй у спадчыну плады свайго шчодрага жыцьця.
Вечная ім удзячнасьць, вечная памяць.
Янка Запруднік