СЬВЯТКАВАНЬНЕ 25-га САКАВІКА Ў БЕЛАРУСКІХ АСЯРОДКАХ

ПРАГА
Беларуская дыяспара Чэхіі адсвяткавала 84-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 23-га сакавіка. Урачыстасьць, прысьвечаныя гэтаму сьвяту, прайшла ў Празе, у Люстраной залі Нацыянальнай бібліятэкі.
Угодкі БНР, што прыпадаюць на 25-га сакавіка, "дагэтуль застаюцца важнай падзеяй для апазыцыі, а не для беларускіх уладаў". Гэта падкрэсліў, выступаючы на ўрачыстым паседжаньні ў Празе, Сяргей Навумчык, намесьнік Старшыні Рады БНР. Рада да сёньня функцыянуе ў замежжы й, паводле свайго Статуту, можа выконваць функцыі ўраду ў выгнаньні. "Дзесяцігодзьдзямі ідэалы БНР захоўваліся ў большай ступені па-за межамі Беларусі, носьбітам іх была нашая дыяспара, - адзначыў Сяргей Навумчык. - І цяпер яна бачыць сваю місію ў дапамозе тым патрыётам, якія змагаюцца за незалежнасць Беларусі на Бацькаўшчыне".
Культурная частка ўрачыстасці складалася з выступу паэта Славаміра Адамовіча, які дэклямаваў свае вершы, і выступу сьпевакоў Касі Камоцкай і Лявона Барткевіча.
Удзельнікі сьвяткаваньня ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды Франьцішка Скарыны, усталяванай на сьценах Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, наведалі Альшанскія могілкі Прагі, дзе ўшанавалі памяць пахаваных там прэзыдэнтаў Рады БНР Пётры Крэчэўскага й Васіля Захаркі, а таксама славутага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага.
Нагадаем, што ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя Прага, тады сталіца Чэхаславаччыны была адным з найбольшых цэнтраў палітычнага й культурнага жыцьця беларускай эміграцыі. А з 1923-га году ў Празе месьціўся Прэзыдыюм Рады БНР, які змушаны быў пакінуць Радзіму ў 1920-м годзе ў выніку рэпрэсіяў польскіх акупацыйных уладаў. Зараз Чэхія - адна з дванаццаці краінаў сьвету, якія даюць прытулак палітычным уцекачам зь Беларусі.

Алесь КНЯЗЮК

Л Ё Н Д А Н
Сябры Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі абыходзілі 84-ю гадавіну агалошаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 23-га сакавіка 2002-га году. Сьпярша айцец Надсон адслужыў набажэнства і малебен за беларускі народ у царкве Сьв. Пятра і Паўла ў Marian House, а пасьля адбылася ўрачыстая акадэмія ў залі беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру. Акадэмію адкрыла Старшыня Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі сп-ня Л. Міхалюк, прывітаўшы ўсіх прысутных, і асабліва госьця зь Беларусі сп. Зьміцера Санько, галоўнага рэдактара выдавецтва "Тэхналёгія".
Сп. Пяткевіч зачытаў прывітаньні ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы з Канады й беларускіх арганізацыяў з ЗША, Аўстраліі й эўрапейскіх краінаў.
Сп. Санько, вітаючы прысутных, расказаў пра дзейнасьць кіруемага ім выдавецтва "Тэхналёгія". Ен прывёз з сабою шмат кніжак, некаторыя зь іх былі выдадзеныя зь фінансавай дапамогай Харытатыўнай сэкцыі пры ЗБВБ. Асабліва госьць зь Беларусі дзякаваў айцу Насону за яго ініцыятыву ў выданьні кнігі з матэматычнай тэрміналёгіяй, якая выйшла ў беларускай мове ўпершыню.
Сп. Мікола Пачкаеў зрабіў вельмі зьмястоўны й цікавы даклад па гісторыі агалошаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-м годзе.
Наступную частку акадэміі правялі сп-ня Вера Рыч і сп. Павал Шаўцоў. Яны дэклямавалі вершы па-ангельску і па-беларуску.
Прыгожа ўбраныя дзеткі зь нядзельнай школкі, якою кіруе сп-ня Караліна Мацкевіч, зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі раздавалі гасьцям імі зробленыя букецікі кветак.
Акадэмія закончылася адсьпяваньнем беларускага нацыянальнага гімну гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", і затым ўсе прысутныя былі запрошанныя да багата застаўленых стравамі сталоў прыняць удзел у пачастунку.
З нагоды ўродзінаў прафэсара Дынглі прысутныя прасьпявалі яму "Happy Birthday" і пры чарцы віна весела правялі час у гутарках і дыскусыях паміж шматлікімі сябрамі й знаёмымі.

М. Баяроўскі

КЛІЎЛЕНД
Сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ў Кліўленьдзе было, як заўсёды, пасьля службы ў царкве. Заля грамадзкага цэнтру "Полацак" была запаўненая беларусамі ўсіх узростаў. Адкрыў імпрэзу арганізатар сп. Пол Васілеўскі, які ў кароткім прывітальным слове заклікаў суродзічаў згуртавацца для новых намаганьняў па адраджэньню й пашырэньню беларускага жыцьця ў Агаё.
Потым са зьмястоўным дакладам выступіў Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня сп. Сямён Шарэцкі, прыезд якога на сталае жыцьцё ў Кліўленд дазваляе спадзявацца, што ў хуткім часе "правінцыйны" Кліўленд можа стаць адным з палітычных цэнтраў беларускага замежжа. Выдатны даклад сп. Шарэцкага выклікаў шматлікія пытаньні ў прысутных. Потым усе ўдзельнікі сьвяткаваньня разам адсьпявалі гімн "Магутны Божа". Галасы сьпевакоў царкоўнага хору, якім кіруе сп. Аляксандар Яноўскі, гучалі як гімн незалежнай Беларусі.
Пасьля афіцыйнай часткі клопатамі сяброў сп. Пола Васілеўскага быў наладжаны добры пачастунак. Ня гледзячы на пачатак вялікага посту, апетыт у нашых беларусаў быў выдатны, а настрой па-сьвяточнаму ўзьняты.
У канцы красавіка адбыліся перавыбары кіраўніцтва беларускага грамадзкага цэнтру "Полацак". Камітэт, як і раней, узначаліў адзін з самых актыўных беларусаў у Амэрыцы сп. Анатоль Лук'янчык. Добраю дапамогаю старшыні будуць сябры камітэту, маладыя беларусы, якія маюць магчымасьць й жаданьне прынесьці як мага больш карысьці беларускай справе.
Карыстаючыся нагодаю, хацелася-б праз газэту павітаць аднаго з заснавальнікаў беларускай грамады ў Кліўленьдзе сп. Кастуся Калошу, які зараз знаходзіцца ў Беларусі. Ня гледзячы на свой сталы ўзрост і хваробы, ён знайшоў сілы наведаць Бацькаўшчыну. Здароў'я табе і моцы, дарагі Кастусь, ад усіх беларусаў Кліўленду.

Сяргей Васільеў