"САКАВІК" - новая беларуская радыёпраграма ў Ангельшчыне
Мы назвалі нашую радыёпраграму "Сакавік", таму што гэтае слова ня новае для тых, хто жыве ў Брадфардзе. Доўгі час у клюбе з такою назваю зьбіраліся беларусы, каб за кубкам кавы ці добрага піва паразмаўляць, пасьпяваць ці абмеркаваць нешта важнае ці ня надта. Зараз клюб ня дзейнічае, няма на гэтым сьвеце шмат каго з тых, хто закладаў пачаткі беларускіх традыцыяў у Брадфардзе. Амаль немагчыма пачуць беларускую гаворку на вуліцах гораду. Але зьявілася надзея, што беларускую мову зараз можна будзе чуць на хвалях мясцовага радыё ВСВ (Bradford Community Broadcasting). Гэта мясцовая радыёстанцыя, якая працуе на 96.7 FM.
Брадфард сёньня - шматкультурны горад, таму мінулым летам у кіраўніцтва ВСВ зьявілася думка даць магчымасьць жыхарам гораду паслухаць розныя галасы на розных мовах. Ідэю ўпершыню ажыцьцявілі ў жывым эфіры цягам Тыдню Ўцекача ў сярэдзіне чэрвеня. У мінулым чэрвені ўпершыню прагучала і перадача на беларускай мове.
Затым цягнуліся доўгія перамовы, якім чынам нам працаваць далей. Нашая другая і трэцяя праграма прагучалі ў чэрвені сёлета, таксама цягам Тыдню Ўцекача. Але зараз мы маем магчымасьць рэпрэзэнтаваць нашыя перадачы раз на тыдзень працягласьцю на паўгадзіны. Мы - гэта Лілія й Зьміцер Сазанавец. Мы ня мелі вялікіх праблемаў з пошукам станцыі, таму што нашыя перадачы - гэта частка ўжо ўсталяванага радыё. Нашая праблема была ў іншым. Мы павінныя былі даказаць, што мы - не расейцы, мы - прадстаўнікі асобнага народу, які мае сваю адмысловую культуру, якая далёкая ад культуры расейскай. Паколькі няшмат хто разумее нашую мову, мы асаблівую ўвагу надзяляем выбару музыкі. Музыка, якую мы перадаем на радыё, вельмі беларуская, і мы спадзяемся, надзвычай выкшталцоная.
Пакуль што мы перадавалі навіны зь Беларусі ды ўвогуле інфармацыю, зьвязаную зь Беларусьсю. Мы зьбіраемся працягваць так і наладей. Але ў нашых плянах ёсць стварэньне цыклю перадачаў пра беларусаў, хто жыве ці жыў за мяжою, найперш у Брытаніі, а таксама пра тых, хто меў нейкае дачыненьне да Брадфарду. Таму мы просім усіх, хто мае нейкую інфармацыю, пісаць нам на адрас:
Mrs. Liliya Sazanavets
136 Park Lane
Bradford
West Yorkshire
BD5 0LN
UK
Альбо дасылаць на наш e-mail: lsazanavets@yahoo.com
Іншы цыкль перадачаў, які мы плянуем стварыць, - гэта перадачы пра беларускіх пісьменьнікаў, якіх лёс закінуў далёка ад Беларусі. У гэтым выпадку ня мае значэньня, у якой краіне апынуўся пісьменьнік. Мы просім дасылаць нам інфармацыю, а таксама творы.
Будзем спадзявацца, што нашыя беларускія перадачы будуць мець доўгае жыцьцё. Пазьней мы паведамім, дзе і калі нашыя перадачы можна слухаць праз інтэрнэт.
Лілія й Зьміцер САЗАНАВЕЦ

На здымках: Л. і З. Сазанавец у студыі.