"Самаліквідуйцеся, і з вамі нікому ня будзе праблемаў"
Што і казаць: беларуская ўлада замест таго, каб працаваць на карысьць краіны й яе грамадзянаў ды адпрацоўваць далёка не стадаляравыя заробкі, займаецца ўсім, але ня тым, чым трэба. Гэтая ўлада "бьецца" за ўраджай, "прымае" ўступныя іспыты ва ўнівэрсытэты, "выпрацоўвае" ідэалёгію, якая патрэбная простаму беларусу як казе гармонік. Гэтая ўлада, як той Фігара: і тут яна і там. "Пабьецца" за ўраджай, а тады "адцягваецца" на Дажынках. Праз год выяўляецца, што пераможцы жніва ліпавыя, што паказчыкі прыпісаныя, і што тая бітва "падмёткі сьцёрла, лыка надзёрла і пшыкам накрылася". І так атрымоўваецца паўсюды, куды лезе ўлада. І гэта заканамерна, бо калі за справу бярэцца спэцыяліст, то і з гліны, як той казаў, золата можна атрымаць. А калі справаю загадвае бязграматны лох з завышанаю самаацэнкаю, то і золата ў ягоных руках ператворыцца ў чарапкі.
У Беларусі сытуацыя якраз такая. Усе працуюць, усё ідзе больш-менш някепска пакуль разумнікі з улады не ўмяшаюцца і не пачнуць кіраваць. Гэтыя разумнікі лепш прыцягвалі-б у краіну інвэстыцыі, наладжвалі стасункі з цывілізаванымі краінамі, вучыліся-б у іх як жыць, ня дурачы людзям галавы ідэялёгіяй.
Фактычна інвэстыцыямі ў краіну ў нас займаюцца грамадзяне, едучы ад радні, знаёмых,якія жывуць замяжою. А тут улада: "Аддавай мне барышы, а не - мы знойдзем на цябе ўправу!"
Захацеў прадаць кватэру - плаці дзяржаве-рэкеціру. "Не заплоціш - знойдзем якім дэкрэтам цябе ляснуць па патыліцы, аж горка стане. Прадпрымальнікам стаў - тады плаці ўтрая, можна, у чатыры разы. Плаці за самастойнасьць, плаці за незалежнасьць сваёй дзейнасьці."
Я таксама ўволю "паела" хлеба прадпрымальніка і кажу шчыра: "калі ты працуеш не пад "страхою" ўлады, не прагінаешся перад ёю, не глядзіш у рот, а працуеш сумленна і спрабуеш быць незалежным, то дарога наперад табе будзе перагароджаная надзейна і надоўга. Пры гэтым на кожны рубель твайго прыбытку, калі ён будзе, знойдзецца два-тры дэкрэты, якія абдзяруць цябе, што ліпку, і пакінуць у даўжніках дзяржавы.
За прыкладам хадзіць далёка ня трэба, бо будзе ён з маёй прадпрымальніцкай практыкі. З 1-га лютага 2003-га году, згодна чарговага "разумнага" дэкрэту ўсе прадпрымальнікі абавязаныя рабііць штомесячныя ўплаты ў фонд сацыяльнай абароны. Такі "клопат" праявіла дзяржава пра сваіх грамадзянаў, страхуючы ў абавязковым парадку, лічы пад прымусам, іхную прадпрымальніцкую дзейнасьць. І нікога не цікавіць, ёсьць у цябе прыбытак ці няма, працуеш ты ці спыніўся на нейкі час. Плаці й тады, нібыта, табе пры дасягненьні пэнсыйнага ўзросту будуць выплочваць пэнсію. Усё гэта пустыя абяцанкі бо закону, які-б гарантаваў ахову нашых выплатаў няма, а якая інфляцыя ў Беларусі, і што атрымаецца з гэтых уплатаў праз 10-15 гадоў, нам зразумела. Я адпрацавала тры месяцы. Паколькі з сумы продажу газэты ніяк не магла аплаціць выдаткаў, то прыйшлося спыніцца. Напісала паперу ў падатковую інспэкцыю, яны зь мяне грошы браць ня сталі. А вось у раённым фондзе сацыяльнай абароны адказалі: "А нам усё роўна працуеце вы ці не. Лічыльнік уключыўся, і пакуль не здадзіце паперы аб прадпрымальніцкай дзейнасьці ваш доўг нам будзе расьці." На сёньня гэтая сума перавысіла 200 тыс. рублёў. Калі заплачу, то ў працоўнай кніжцы зробяць запіс аб працоўнай дзейнасьці. Гэта значыць, заплаціўшы суму, устаноўленую дзяржаваю, я нават не працуючы купляю сабе працоўны стаж! Скажыце, дзе ў якой яшчэ краіне дзяржава нажывае сабе капітал, спэкулюючы працоўным стажам? Ды гэта-ж крымінальная адказнасьць! Дзяржава, як той рэкецір-вымагальнік накручвае працэнты. Зь іх выплочваюцца пэнсіі, робяцца іншыя выплаты. Вось вам і ўся палітыка. Вось вам і "свой асабісты шлях разьвіцьця".
Я спрабавала высьветліць сытуацыю ў кіраўніка аддзелу мэтадалёгіі й збору страхавых узносаў фонду сацыяльнай абароны, у аўтара "Камэнтароў" да Дэкрэта № 3 Алены Хлус. Я не спадзявалася, што даб'юся нейкага выніку. Хацела лішні раз пераканацца, што кіруюць намі пустыя месцы, умела замаскіраваныя добрымі акладамі. Ім па сутнасьці за гэта і плоцяць. Чыноўніца адказала, што яна нічога зрабіць ня можа, бо ня мае права абмяркоўваць загады й указы.
- Але-ж мы з вамі грамадзяне гэтай краіны й маем права выказваць свае думкі, - сказала я.
- Мы маем справу зь дзяржаваю і яе законы павінны выконваць, - быў адказ.
- Але гэтыя ўказы не адпавядаюць ніякім законам лёгікі. Хто аддае такія загады? - пыталася я.
- Сёньня ў большасьці законаў няма аўтараў, - зьдзівіла мяне да немагчымасьці жанчына.
- Гэта значыць, што адказваць няма каму? Як такое можа быць: закон ёсьць а аўтараў няма, - не стрымала я свайго зьдзіўленьня.
- Аўтары, вядома-ж, ёсьць, - паправілася яна, - гэта юрысты, спэцыялісты з адміністрацыі прэзыдэнта...
- І ў гэтых людзей, напэўна, ёсьць прозьвішчы, - спытала я.
- Вядома-ж.
Усё аказваецца ёсьць, толькі засакрэчана. Затое ведама, хто падпісвае падобныя загады, нашынкаваныя тымі спэцыялістамі. А на заканчэньне размовы, відаць, каб адчапіцца, спэцыяліст з фонду параіла: "Ня можаце працаваць - самаліквідуйцеся. І вам, і нам будзе менш праблемаў."
Вось вам і ўся ідэалёгія: самаліквідуйся і не стварай праблемаў. Ці зачыняйся, ці пятлю на шыю - абы нікога не абцяжарваў сабою.
Жыць у такой краіне было-б немагчыма. Слухаць такое ад дзяржаўных асобаў было-б невыносна. Адчуваць такі "клопат" дзяржавы пра чалавека не хапіла-б сілаў, каб не было Веры ў Бога, у Ягоную мудрасьць, каб не было Веры ў нашую Беларусь. Гэтая вера мацней за ўсе загады й дэкрэты разам узятыя. Гэтая Вера пануе і пераможа над пустымі месцамі, якія кіруюць намі. Гэтая Вера дае сілы й духоўную моц, бо перасячы карэньне гэтае Веры дзяржаўныя "разумнікі" ня змогуць ніколі.
Галіна СУТУЛА,
Глыбокае