Крамлёўскі газавы шантаж
Сярэдзіна зімы. У Беларусі вялікія маразы. І тут здарылася такое, чаго ніколі нідзе ні з кім у міжнародных адносінах не было. Па надуманых прычынах Масква аб'явіла аб рашэньні адключыць падачу газу ў Беларусь.
Каб была больш зразумелая ўся подлая нізасьць расейскага шантажу, нагадаю, што па прынятых міжнародных правілах, у выпадку канфліктнай сітуацыі паміж бакамі, падача газу ня можа быць адключаная пасярод зімы. Бо гэта раўназначна раптоўнаму ваеннаму ўдару, ужываньню зброі масавага зьнішчэньня супраць мірнага насельніцтва.
Рашэньне Масквы не вынікае з рэальнай эканамічна-фінансавай сітуацыі, якая склалася ў дачыненьнях. Цынічнае і нахабнае вымагальніцтва Расеі абумоўлена толькі палітычнымі меркаваньнямі Крамля і накіраванае на стварэньне цяжкасьцяў у эканоміцы Беларусі, на разбурэньне яе сыстэмаў дзяржаўнага функцыянаваньня, што мусіла-б аблегчыць Маскве магчымасьць захопу беларускай нацыянальнай маёмасьці, тэрыторыі й інкарпарацыі нашай краіны ў Расею. Гэтая агрэсіўная палітыка супраць Беларусі аб'яўленая прэзыдэнтам Расеі Пуціным летам 2002 году пры нікчэмным маўчаньні краінаў АБСЭ.
Газавая агрэсія Масквы на беларускае грамадзтва і беларускі народ выклікана жаданьнем націснуць на Лукашэнку і прымусіць яго не гандлявацца, а здаць беларускую нацыянальную маёмасьць расейцам задарма. Тут выяўляецца крымінальны характар дачыненьняў паміж хаўрусьнікамі. Газавая атака на Беларусь ёсьць дакладным зьлепкам (што да прынцыпу) газавай атакі расейскага КГБ у тэатры на Дуброўцы ў Маскве, калі забілі 130 чалавек, і ніхто не панёс пакараньня. Прынцып расейскай энкавэдысцкай палітыкі заўсёды аднолькавы: галоўнае - мэта, жыцьці людзей значэньня ня маюць.
Расейцы разам з Лукашэнкам рыхтавалі шантаж Беларусі ўжо з 1994 году. Менавіта ў 1994-95 гадох па загаду Лукашэнкі й змове яго з Газпрамам былі пераведзеныя на газ усе беларускія кацельныя цеплацэнтраляў, што раней працавалі на салярцы, якую выпрацоўвалі два нашыя вялікія нафтакамбінаты. Пераход на расейскі газ уздаражыў усё на 30% (салярка была нам таней і выгадней). Лейцы газавага шантажу аказаліся ў Маскве, бо рэжым Лукашэнкі спэцыяльна не стараўся аб іншых крыніцах рэсурсаў энэргіі для дзяржавы.
Энэргетычная прывязка да Газпраму, як да адзінай крыніцы, супярэчыла стратэгічным інтарэсам Беларусі. Такія дзеяньні магчымыя толькі ў выніку карупцыі на дзяржаўным узроўні, альбо ў выніку нацыянальнай здрады й дзейнасьці супраць нацыянальных інтарэсаў Беларускай дзяржавы.
На фоне грубай агрэсіўнай палітыкі Крамля супраць Беларусі вялікі жаль выклікае згодніцкая пазыцыя караўніцтва АБСЭ і Эўразьвязу, якая паддаецца націску нямецкай дыпляматыі й практычна спрыяе расейскай агрэсіі.
Ні пра якую "дэмакратыю" тут ужо няма і гаворкі, справа йдзе толькі пра інтарэсы.
У той-жа час, гэта вельмі памылковая пазыцыя, якая ня ўлічвае небясьпекі для Эўропы з боку дыктатарскай кагэбоўскай Расеі, якую па фальшывай звычцы й насуперак фактам працягваюць называць "дэмакратычнай".
Відаць, здача Чэхаславаччыны Гітлеру ў 1938 годзе нічаму эўрапейскую палітыку не навучыла. Тым часам здача Беларусі пад гэбоўскі рэжым Масквы можа мець для Эўропы ня менш разбуральныя наступствы, чым аншлюс Чэхаславаччыны.
Расейскі газавы шантаж павінен наглядна ў тысяча-каторы раз паказаць беларусам, што такое для нас ёсьць імпэрская аўтарытарная Расея. Шантаж нам ня страшны. Але для прадухіленьня яго - у Беларусі павінен быць беларускі гаспадар, беларускі прэзыдэнт і беларуская незалежная ад Масквы ўлада.
Зянон ПАЗЬНЯК