ТРАВЕНЬСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
Чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА адбыўся 10-га траўня. Напачатку была лекцыя прафэсара Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту ў Менску др. Алены Гапавай на тэму "Нацыянальная праблематыка і гендэрныя (жаночыя) досьледы ў Беларусі". Прамоўца выклала сваё бачаньне працэсаў фармаваньня нацыянальнай сьведамасьці беларусаў, пераўвасобленых ва ўспрыняцьці жаночай часткі насельніцтва Беларусі, а таксама розныя аспэкты палітычных і сацыяльных падзеяў, якія адкрываюць іх "жаночае" (гендэрнае) вымярэньне і праз гэта даюць магчымасьць да лепшага зразуменьгня іх, кідаюць сьвятло на тлумачэньне таго становішча, якое сёньня маем ў справе нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Не з усімі выказваньнямі прамоўцы маглі-б пагадзіцца нацынальныя дзеячы, як сп. Зянон Пазьняк, які быў прысутны на гэтым выкладзе, але шмат цікавага і дагэтуль незаўважанага можна было пачуць ад прамоўцы. Стартавай тэзаю выступу было тое, што беларусы маюць недааформленую нацыянальную сьведамасьць, якая рэальна пачала ўтварацца толькі пасьля Другой Сусьветнай вайны, і фармавалася вакол перамогі над нямецкім фашызмам. Таму сёнешнія заклікі апазыцыі да вяртаньня "назад у Эўропу" знаходзяць няшмат прыхільнікаў сярод насельніцтва, якое больш схільнае падтрымліваць лёзунгі Лукашэнкі, які моцна карыстае з грамадзкага ўяўленьня аб перамозе т. зв. "савецкага народу". Такім чынам, на думку прамоўцы, існуюць два канкуруючыя міты, адзін - пра эўрапейскае мінулае і даўнія карані гісторыі, другі - пра тое, што беларусы галоўнаю падзеяю гісторыі маюць партызанскі рух падчас Другой Сусьветнай вайны.
Ахарактэрызаваўшы абодва міты, др. Гапава праз вобраз сярэднестатыстычай беларускай жанчыны Аўдоцьці з калгасу "Новы Шлях" паказала, што для большасьці насельніцтва шлях "вяртаньня ў Эўропу" непрыймальны дзеля таго, што Эўропа і Захад асацыююцца, з дапамогаю сёнешніх ідэолягаў пры ўладзе, з вайною і фашыстоўскімі зьверствамі, а "яднаньне з Расеяй" (выніковы лёзунг савецкага міту), нібыта, цалкам адпавядае патрэбам беларусаў і ёсьць працягам таго, за што змагаліся бацькі й дзяды ў 1941-45 гг. Прамоўца падкрэсьліла, што яна не падтрымлівае афіцыйную ідэалёгію ў Рэспубліцы Беларусь, але такой ёсьць сумная рэальнасьць.
Далей прамоўца сканцэнтравалася на асноўнай тэзе свайго дакладу, а менавіта, што нацыянальная ідэя ёсьць шыльдаю для клясавых, сацыяльных працэсаў, прагі да "зьменаў пазыцыі ў сацыяльнай іерархіі". Нажаль, брак часу не дазволіў прамоўцы зрабіць поўны выклад сваіх аргумантаў, асабліва ў жаночым (гендэрным) аспэкце.
Даклад выклікаў эмацыйную рэакцыю з боку прысутных, і шэраг выступоўцаў запярэчылі прамоўцы па некалькіх пазыцыях, асабліва ў тым сэнсе, што непрыняцьце нацыянальнага шляху характэрнае для старэйшай групы жыхароў Беларусі, і што сацыяльныя апытаньні паказваюць на папулярнасьць ідэі ўваходжаньня, або вяртаньня, Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць расьце, асабліва сярод моладзі й людзей сярэдняга веку, а папулярнасьць Лукашэнкі падае. Акрамя таго, варта ўлічыць моц узьдзеяньня афіцыйнай прапаганды, пры амаль поўнай адсутнасьці альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, аб чым як раз казала сама дакладчыца (напрыклад, недапушчэньне інфармацыі пра гвалты й рабункі савецкіх партызанаў). Аўтар гэтых радкоў заўважыў прамоўцы, што гіпотэза або тэорыя пра эканамічныя інтарэсы як рухавік нацыянальных працэсаў і рухаў гэта толькі адна з гіпотэзаў (тэорыяў), але існуюць і супрацьлеглыя пункты гледжаньня, што выкладзеныя даволі падрабязна. Да апошніх належыць гіпотэза пра тое, што менавіта нацыянальная ідыя, нацыянальны гонар ёсьць рухавіком эканамічнага разьвіцьця, і гэта на прыкладзе ЗША і шэрагу краінаў Эўропы абгрунтавана паказала ў сваёй нядаўняй кнізе праф. Лія Грынфэльд з Бостанскага Ўнівэрсытэту ("Дух капіталізму: нацыяналізм і эканамічны рост", Выд. Гарвардскага ўн-ту, 2002).
Наагул, адбылася цікавая й патрэбная дыскусія пра справы нацыянальнай ідэнтычнасьці Беларусі й, спадзяюся, што сёй-той з прысутных, хто нячаста задумваўся пра тое, хто ён і адкуль ягоны род - вернецца да гэтага пытаньня ў сваіх думках. А гэта і ёсьць галоўная рэч у справе ўсьведамленьня сваёй нацыі й сваёй гісторыі.
З разгорнутым апаніруючым словам выступілі сп.сп. Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк. Сп. Пазьняк адзначыў, што "абсыпаньне перакуленай піраміды", адсоўваньне ўбок ідэёвых змагароў і прыход да ўлады мэркантыльных дзялкоў, што хаваюцца за нацыянальныя лёзунгі, фармаваньне новай клясы ёсьць рэальнасьць амаль на ўсёй пост-камуністычнай прасторы. Але гэта ня значыць, што мэркантыльнасьць і сквапнасьць ёсьць істотнаю ці хаця-б адною з рысаў нацыянальнага мысьленьня. Беларускі нацыянальны рух мае дастаткова аргумантаў для давядзеньня людзям сваёй слушнасьці, мае пераканаўчую сілу, якой так баіцца рэжым, зачыняючы незалежныя выданьні, закрываючы шлях інфармаваньня людзей аб тым, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, навуковыя інстытуты, выдавецтвы падручнікаў і г. д. ня ёсьць прыватным бізнэсам кіраўнікоў рэжыму. Нацыянальныя беларускія сілы не баяцца спрэчак і дыскусіяў на роўных падставах. Яны ўпэўненыя, што выйдуць зь іх пераможцамі, як толькі народ атрымае магчымасьць пачуць іх. Цяпер справа за тым, каб такія падставы стварыць.
Сп. Зянон Пазьняк затым выступіў з аналізам бягучага моманту ў Беларусі й адзначыў небясьпеку, якую нясе скасаваньне беларускай нацыянальнай валюты пад выглядам "валютнага саюзу", г. зн. увядзеньнем у Беларусі расейскага рубля. Таксама небясьпечнаю ёсьць падрыхтоўка рэжымам Лукашэнкі рэфэрэндуму аб аб'еднаньні з Расеяй і аб працягу тэрміна прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Мы мусім рабіць усё, і ў Беларусі й па-за Беларусьсю, каб выкрыць гэтыя пляны рэжыму і расейскага кіраўніцтва. Рэфэрэндуму трэба не дапусьціць. Асноўны спосаб - байкот.
Сп. Антон Шукелойць выказаў свае заўвагі аб пачутым дакладзе, а таксама аб патрэбах бягучага моманту і спосабах, у якія беларусы Амэрыкі могуць уплываць на падзеі.
Затым сп. Сяргей Навучык распавёў пра канфэрэнцыю ў Кліўляндзе і зачытаў рэзалюцыю ў абарону інтарэсаў азыльянтаў і палітычных уцекачоў у ЗША, якая была аднагалосна прынятая. Пасьля ў "Розным" прысутныя мелі магчымасьць пачуць аб'явы й інфармацыі, пазнаёміцца з гасьцямі аддзелу.
Напрыканцы ўсе частаваліся з выдатнага стала з рознымі прысмакамі, падрыхтаванага дбаньнем спн. спн. Аляксандры Лістоўскай і Тацьцяны Красоўскай.
Віталь ЗАЙКА

Госьця сходу Алёна Гапаева.

Валя Якімовіч ўручае сп. Шукелойцу ягоны партрэт.