ЧЭРВЕНЬСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
На пачатку чарговага сходу аддзелу БАЗА, што адбыўся, як заўсёды ў другую суботу месяца, 14-га чэрвеня, старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка азнаёміў прысутных з падзеямі, што адбыліся ў Беларусі за апошні месяц. Сярод іх ён ўзгадаў адмову Нацбанку Беларусі на карысьць Расеі ад самастойнай валютнай палітыкі, на прыпыненьне ўладамі выхаду "Белорусской Деловой Газеты" і перасьлед газэтаў "Салідарнасьць" і "Предпринимательская газета", што друкавалі матар'ялы "БДГ", а таксама канфлікт вакол Гуманітарнага Ліцэю, гандаль жанчынамі зь Беларусі, падпісаньне канкардату паміж урадам Рэспублікі Беларусь і прадстаўніцтвам Расейскай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі ды іншае.
Затым выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк, які нагадаў гісторыю стварэньня т. зв. "саюзнай дзяржавы" Беларусі й Расеі, спыніўся на зьмесьце "канстытуцыйнага акту", падрыхтаванага для псэўда-юрыдычнага падмацаваньня ліквідацыі суверэнітэту Беларусі. Усё гэта - дзейнасьць ворагаў Беларусі, скіраваная на ўсыпленьне грамадзкай думкі й падрыхтоўку паглынаньня бяз слова "анэксія". Прамоўца закрануў такскама ўказ Лукашэнкі аб прыватызацыі, дзе акцыянуемыя прадпрыемствы мяркуецца рэалізаваць толькі за наяўныя грошы, праз што права на долю ўласнасьці пазбаўляюцца працаўнікі прадпрыемстваў, грамадзяне Беларусі, а продаж адбывецца ў рукі замежнага, расейскага капіталу. Ліквідацыя нацыянальнай валюты, "рэжымная" прыватызацыя і рыхтуемы закон аб зямлі, што таксама пазбавіць грамадзянаў Беларусі вырашальнага слова ў справе земляўласьніцтва - гэта трох-хадовая камбінацыя, што падрыхтаваная для разбурэньня эканамічных падвалінаў беларускай незалежнасьці. Перасьлед масавых сродкаў і недзяржаўных арганізацыяў будзе дапоўнены ліквідацыяй партыяў - праз павышэньне ўмоваў па колькасьці сяброў, выкарыстаньне прэтэксту парушэньняў падчас масавых акцыяў і г. д. Адказам беларускіх незалежніцкіх сілаў на гэта ёсьць адмысловая праграма супраціву, што прадугледжвае змаганьне, у тым ліку праз суд, супраць антыканстытуцыйнай дзейнасьці па ліквідацыі суверэнітэту Беларусі, інтэрпрэтацыю гэтага як канкрэтных парушэньняў правоў чалавека, у дадатак да іншых мэтадаў. Таксама вялікае значаньне мае асьветніцкая дзейнасьць, тлумачэньне таго, чым можа абярнуцца дамоўленасьць аб "саюзнай дзяржаве" для простых грамадзянаў Беларусі (страта маёмасьці, служба сыноў у "гарачых кропках" і г. д.). Зьнікненьне суверэнітэту Беларусі закранае не абстрактныя пытаньні паліталёгіі, а лёсы ўсіх беларускіх людзей, іхных дзяцей і ўнукаў. Гэта трэба памятаць, гэта трэба даводзіць да грамадзкай сьведамасьці й да кожнай асобы.
Затым спн. Валянціна Якімовіч заклікала прысутных узяць удзел у сьвяткаваньні Купальля 28-га чэрвеня. Прысутныя пазнаёміліся з гасьцямі аддзелу і пры каве і пачастунках калегаваліся зь сябрамі й знаёмымі.
Віталь ЗАЙКА