ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ПРА ПАЛІТЫЧНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ
13-га красавіка адбыўся сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. На пачатку старшыня аддзелу В. Зайка распавёў пра жыцьцё аддзелу і азнаёміў з падзеямі ў Беларусі за апошні месяц.
Затым з гутаркай пра тэндэнцыі грамадскага і палітычнага разьвіцьця Беларусі выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Ён даў свой аналіз падзеяў, што адбыліся ў Беларусі за апошнія паўгады, адзначыўшы, што палітыка Пуціна, скіраваная на прыўлашчваньне Беларусі шляхам набыцьця беларускай уласнасьці, дае вынік. Эканоміка фактычна падрыхтаваная да здачы ў Расею. За сьпінай Лукашэнкі Расея навязвае кантакты з дырэктарамі прадпрыемстваў, каб спрыяць таннай прыватызацыі ў расейскія рукі. Але Лукашэнка ня церпіць канкурэнтаў, таму некаторыя дырэктары апынуліся за кратамі. Гэта гульня гіенаў, у якой перамагае мацнейшая.
Акрамя перамогі Лукашэнкі на выбарах асноўны непрыемны факт той, што Беларускі Народны Фронт фактычна адсунуты ад рэальнай палітыкі. Нямеччына і Г.-Г. Вік стварылі шэраг падстаўных арганізацыяў і кааліцыю постсавецкай намэнклятуры, для якой непрыймальныя беларускія нацыянальныя каштоўнасьці. Быў прыцягнуты намэнклаятуршчык Домаш, лічыўся "экспэртам" у нацыянальных пытаньнях, гаворыць па-беларуску. Але нават ён быў без тлумачэньняў адсунуты на карысць больш прамаскоўскага Ганчарыка, былога члена бюро ЦК КПБ, што ішоў калісьці на выбары супраць БНФ, клянучы "фашыстамі" й "паліцаямі". Ён не зрабіўся нацыянальна сьведамым змагаром за Беларусь. Ці быў Ганчарык альтэрнатывай Лукашэнку? Не, ён здаў-бы Беларусь з канцамі, і ягоная сёнешняя дзейнасьць доказ гэтаму.
Прамоўца адзначыў, што адной з найшкодных тэндэнцыяў у Беларусі ёсьць агульнае пляжаньне беларускага народу сім-тым з інтэлігенцыі й апазыцыйных дзеячоў. Між тым народ гэты не скарыстаў і малой долі свайго патэнцыялу, і гэта ўсьведамляе кожны, хто быў у гушчыні народу, ведае пра яго ня толькі з газэтаў.
У грамадзтве ідуць зьмены, але сёньня ніхто пакуль не паказвае выхаду, ніхто ня кажа, што рабіць. І пераможа тая сіла, якая валодае самай вялікай ідэяй. А ў Беларусі ніхто, акрамя БНФ і нацыянальна сьведамых сілаў, такой ідэі ня мае. Таму зноў на першы плян выходзіць патрэба нацыянальнага асьветніцтва. Бо нічога не зробім, калі ня будзе людзей, якія разумеюць хто яны, дзе і для чаго жывуць. У перыяд міжчасоўя трэба рыхтаваць кадры, бо пасьля ня будзе калі. Антыбеларускія сілы выдатна разумеюць гэта, і менавіта таму зьбіваюць за ўжываньне беларускай мовы, зачыняюць беларускія школы, не дазваляюць атрымлівіць вышэйшую адукацыю па-беларуску. А простая сума ведаў самая па сабе зусім ня робіць з чалавека сапраўднага грамадзяніна. Калі чалавек абазнаны ў квантавай фізіцы, будоўлі мастоў ці мэдыцыне, але нічога не цяміць ў гісторыі сваёй краіны й з грахом напалам зьвяжа два словы па-беларуску, дык усе ягоныя веды другасныя. Таму перш патрэбна асэнсаваньне сябе, свайго месца ў сьвеце. Трэба веданьне ідэяў, бо менавіта ў сьвеце ідэяў ідзе вызначальны працэс фармаваньня будучыні народу і краю.
Сытуацыя цяжкая, але ўнутраныя сілы беларускага народу і нацыянальнага руху яшчэ не раскрытыя, іх трэба рэалізоўваць. І дзеля гэтага КХП БНФ назапашвае сілы, вядзе асьветніцкую працу, да якой трэба каб далучалася як мага больш людзей.
В. Зайка