СУСТРЭЧЫ З ШУШКЕВІЧАМ
У канцы верасьня ў Чыкага з караткачасовым візытам пабываў Станіслаў Шушкевіч - ведамы палітычны й грамадзкі дзеяч Беларусі, які сёньня ўзначальвае адну з буйнейшых у краіне апазыцыйных партыяў. У вялікай зале ОРТ-інстытуту, дзе звычайна зьбіраюцца эмігранты з краінаў былога СССР, адбылася гэтая сустрэча. "Ці стане Беларусь губэрняй Расеі?" - такая была тэма гэтай гутаркі.
Адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Станіслава Шушкевіча, якая зусім нядаўна выйшла з друку, - "Нэакамунізм у Беларусі: ідэялёгія, практыка, перспектывы". Кнігу аўтар ня мог выдаць на Радзіме; яе надрукавалі ў Смаленску пры падтрымцы чыкагскага Фонду Джона й Кэтрын Макартураў. Асобныя разьдзелы гэтай вельмі цікавай і актуальнай працы ўпершыню друкаваліся сёлета ў чыкагскай расейскамоўнай газэце "Реклама".
Станіслаў Шушкевіч быў госьцем вядомага беларускага сямейства Веры й Вітаўта Рамукоў, а таксама выступіў у новай расейскамоўнай праграме па адным з каналаў чыкагскага тэлебачаньня.
Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ