Беларускае жыцьцё ў Сыднэі
Беларусы Сыднэю і ваколіцаў сабраліся ў нядзелю 9-га лістапада, каб адзначыць 83-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Пачалося сьвяткаваньне ў гомэбушскай праваслаўнай царкве, дзе пасьля Сьв. Літургіі а. Ігар Хлябіч распавёў парафіянам пра геройскі чын случчакоў у той жорсткі й страшны час. Была адслужаная паніхіда па ўсіх загінуўшых за Волю свайго народу. З царквы перайшлі ў залю Беларускага Клюбу, дзе працягвалася ўрачыстасьць. Акадэмію адкрыў Старшыня Клюбу Міхась Лужынскі, які прывітаў сяброў і гасьцей і зрабіў даклад на тэму дня. Дакладчык распавёў пра пастановы Рады Случчыны, пра цесную сувязь з Радаю БНР, пра няроўнае змаганьне, а потым ганебнае інтэрнаваньне беларускіх ваяроў польскімі ўладамі. Бальшыня случчакоў вярнуліся на родныя палеткі й надалей змагаліся з чырвонаю навалаю аж да 1925-га году, што пацьвярджаецца савецкаю прэсаю таго часу.
Уставаньнем і хвілінаю маўчаньня была ўшанаваная памяць слуцкіх герояў.
Тады дакладчык пазнаёміў прысутных з сучасным палітычным і эканамічным становішчам на Бацькаўшчыне. Маючы сувязь зь Менскам і доступ да ўсіх беларускіх выданьняў, дакладчык паказаў адносіны лідэраў беларускай апазыцыі да лукашызму ды выказаў спадзяваньне, што ўсе палітычныя партыі аб'яднаюцца, каб на выбары 2006-га году пазбыцца хворага нягеглага "першага прэзыдэнта".
Пасьля гэтага гаспадынькі прапанавалі абед. А. Ігар блаславіў сталы малітваю. Выбар страваў і закусак быў надзвычайны, было чым і "памачыць сьвісток", на дадатак - тарты й ласункі. Шкада толькі, што час не чакае нікога. Разыходзіцца пачалі, калі сонца ўжо зрабіла сваё дзённае падарожжа і хавалася за суседнімі будынкамі цераз вуліцу. Разьвітваліся да наступнай сустрэчы, якая заплянаваная на 14-га сьнежня, калі беларуская грамада будзе абходзіць 30-я ўгодкі рэгістрацыі Беларускага Клюбу.
М. Л