Каб школа была нашай
Беларускія школы ў Беларусі фармальна існавалі заўсёды. За савецкім часам гэта былі вясковыя школы, якія часта давалі толькі няпоўную сярэднюю адукацыю зь невысокім узроўнем выкладаньня, дзе немагчыма было атрымаць грунтоўныя веды ці вывучыць замежную мову. Таму бацькі вымушаныя былі выбіраць расейскамоўныя школы, каб дзіця магло атрымаць якасную адукацыю і паступіць ва ўнівэрсытэт (таксама расейскамоўны).
Пасьля 1991-га году, калі Беларусь набыла незалежнасьць, сытуацыя рэзка зьмянілася. Па ўсёй краіне сталі ўзьнікаць прэстыжныя беларускамоўныя школы й гімназіі, большасьць студэнтаў пэдагагічных унівэрсытэтаў навучалася па-беларуску.
Нажаль, цяпер палітыка дзяржавы зноў накіраваная на тое, каб беларускамоўная адукацыя асацыявалася зь нізкай якасьцю, і амаль усе беларускамоўныя школы, каб набраць вучняў, вымушаныя адчыняць расейскія плыні. Але назад зьмяніць сытуацыю ня так лёгка. Сьведамасьць народу за апошні дзесятак гадоў моцна зьмянілася, і кожны антыбеларускі крок адукацыйных ўладаў сустракае супрацьдзеяньне бацькоў, настаўнікаў, грамадзкіх арганізацыяў.
Прыкладаў тут шмат. Самы яскравы - абарона беларускага ліцэю імя Я. Коласа ў 1998-м годзе, пра якую можна пісаць падручнік пераможнага досьведу, але я зараз хачу распавесьці толькі пра адзін сэмінар з праграмы "Настаўнік. Школа. Грамадзтва", які адбыўся ў Наваградку на пачатку ліпеня.
Чатыры гады таму Цэнтар "Супольнасьць" і Таварыства беларускай школы распачалі праграму "Настаўнік. Школа. Грамадзтва" - праграму мэтадычнай і грамадзянскай адукацыі настаўнікаў. Мы ставілі дзьве задачы. Па-першае, забясьпечыць ведамі беларускую школу, каб яна была сучасная, прэстыжная, канкурэнтаздольная. Ва ўмовах, калі няма беларускамоўных унівэрсытэтаў і адпаведнае дзяржаўнае палітыкі, існуе толькі адзiн шлях - якасьць i патрэбнасьць ведаў, якiя прапануюць беларускiя школы. Па-другое, абудзіць ў беларускім настаўніку грамадзяніна. Вядома, што з псыхалёгіяй нявольніка немагчыма выхаваць з вучня свабодную асобу, і толькі грамадзянін можа выхаваць грамадзяніна.
Праграма мэтадычнай адукацыі для настаўнiкаў ангельскай мовы рыхтавалася грунтоўна. Разам з Аллай Орса-Романо мы вырашылі зрабіць такое навучаньне вылучна для выкладчыкаў беларускамоўных школаў: якаснае выкладаньне ангельскай мовы падвышае прэстыж школы, вабіць у школу разумных дзяцей з адукаваных сем'яў. За год да наваградзкага сэмінару пры падтрымцы Культурна-адукацыйнай фундацыi Орса-Романо нашыя настаўнiкi наведалi падобныя ўкраінскія сэмінары ў Данецку, Міргарадзе, Ковелі й пераканалiся ў карысьцi такое праграмы для Беларусi.
Паралельна з навучаньнем мы заплянавалі для настаўнікаў некалькі культурніцкіх імпрэзаў: творчыя вечарыны, вандроўкі, канцэрт бардаўскай песьні.
Раней, калі дзяржаўная палітыка не была так відавочна скіраваная супраць нацыянальных каштоўнасьцяў, Таварыству беларускай школы часам удавалася дамаўляцца пра супрацу зь дзяржаўнымі адукацыйнымі ўладамі. Таму, калi мы зьбiралiся вучыць настаўнiкаў ангельскае мовы ў Наваградку, першае, што зрабiлi, - напiсалi афіцыйны лiст кіраўнічцы ўпраўленьня адукацыi Наваградзкага райвыканкаму спн. Буйвал i запрасiлi адпаведных адмыслоўцаў упраўленьня на сэмiнар, каб яны таксама атрымалі карысныя веды й распаўсюдзiлі іх па школах Наваградчыны. А праграма абяцала шмат такiх ведаў: iнтэрнэт- i кампутарныя тэхналёгii вывучэньня ангельскай мовы, каапэратыўнае навучаньне, выкарыстаньне вiдэа- i аўдыякрынiцаў і г. д. Напрыканцы ўдзельнiкi мелi атрымаць вiдэа- і аўдыякасэты, сучасныя дапаможнiкi ды іншыя мэтадычныя матар'ялы, распрацаваныя для тых, хто вывучае ангельскую мову не як родную. Асаблiвую карысьць сэмiнару абяцала надаць поўнае паглыбленьне ў жывую ангельскамоўную прастору - выкладаць новыя мэтодыкі на запрашэньне Фундацыі Орса-Романо пагадзiлiся амэрыканскiя спэцыялісты.
Перашкодаў не перадбачылася пакуль адной з выкладніцаў без тлумачэньня адмовілі ў беларускай візе. Залагодзілі праблему хутка, бо амэрыканскія пэдагогі, якія ўжо мелі візы, узяліся выкласьці дадатковыя тэмы.
Узрадаваўшыся, што ўсё ідзе добра, я вырашыла патэлефанаваць сп-ні Буйвал у Наваградак, каб даведацца, колькі-ж сваіх мэтадыстаў прышле на наш сэмінар упраўленьне адукацыі. Я-ж хацела сабраць як найбольш удзельнікаў.
На другім канцы дроту мяне сустрэў нечакана ледзяны голас. Сп-ня Буйвал начальніцкім тонам паведаміла, што ніякага навучаньня ёй ня трэба, што для "праверкі" замежнікаў паводле закону патрабуецца 30 дзён (але такога закону не існуе!) і, што дазволу на навучаньне ў Наваградку яна ня дасьць. На мае аргумэнты, што дазволу яе ня трэба - мы займаемся дзейнасьцю адпаведна Статуту, зарэгістраванага Міністэрствам юстыцыі, робім агульную справу на карысьць адукацыі й хочам наладзіць супрацу, - я пачула пагрозы, што спн. Буйвал патэлефануе і ў Міністэрства юстыцыі, і ў Міністэрства адукацыі ды навядзе пра мяне даведкі.
Першай нашай рэакцыяй было перанесьці сэмінар у іншае месца. Але-б гэта выглядала, быццам мы спалохаліся і ў нашых намерах нешта незаконнае. Ня гледзячы на афiцыйны лiст да ТБШ, маўляў, наваградзкiя ўлады "ня могуць даць станоўчы адказ на правядзеньне сэмiнару", мы цьвёрда вырашылi ехаць на радзіму Міцкевіча і месца каранацыі Міндоўга.
Там нас чакала шмат "выпадковасьцяў". Выпадкова нас адмовіліся пакарміць вячэрай і сьняданкам у кавярні гатэлю. На пытаньне "чаму" доўга шукалі нейкага "начальніка праізводзтва", які меў нам патлумачыць. Выпадкова зьнікла электрычнасьць у прыватнай Інтэрнэт-кавярні, дзе мы праводзілі заняткі, бо ў школы загадалі нас не пускаць. Потым выпадкова міліцыянты затрымалі аднаго з нашых выкладнікаў, які выйшаў падчас перапынку ў парк. Яго ўратавала выпадковая наваградзкая бабулька, якая пачала крычаць "Не чапайце паляка!", калі на амэрыканца пачалі надзяваць кайданкі. Выпадкова паўсюль нас суправаджалі людзі ў форме (відаць, адрозна ад менскіх калегаў, ім больш няма чаго надзець). Нават на Замкавую гару ды курган Міцкевіча залезьлі разам з намі. Што цікава, гэта зусім нас не палохала і не перашкаджала. І ў настаўнікаў, і ў арганізатараў расла ўпэўненасьць, што мы мацнейшыя й павінны рабіць сваю справу. Ужо на другі дзень "нацкаваныя" ўладамі адміністратары й афіцыянты сталі да нас ставіцца вельмі прыязна і стараліся ва ўсім дапамагчы.
У адзін зь вечароў да нас завіталі Ўладзімер Арлоў і Зьміцер Бартосік. Яны чыталі свае творы, сьпявалі песьні й на разьвітаньне падпісалі кожнаму настаўніку па дзьве кнігі: для сябе і для школьнае бібліятэкі. У вольны ад заняткаў час мы наведалi старадаўнi Нясьвiж, дзе ў гэтыя днi было сярэднявечнае сьвята: гучала старажытная беларуская музыка, ладзiлiся рыцарскiя турнiры. А пасьля доўгiх вечаровых размоваў з такiмi людзьмi, як Алла Орса-Романо, Валянцiна Трыгубовiч, Тацяна Царук, Уладзiмер Арлоў ды iншымi, настаўнiкi проста заразiлiся беларускасьцю і зьвезьлi яе ў свае школы.
Сэмінар адбыўся. Настаўнікі зьехалі задаволеныя новымі ведамі, кнігамі й сустрэчай з цудоўным горадам, гістарычнымі мясьцінамі й цікавымі людзьмі. Па Беларусі пайшла добрая пагалоска. Нават афіцыйнае радыё перадало інфармацыю пра наш сэмінар. Але галоўнае, што мы зразумелi: калi разам рабiць тое, у што мы верым, нам ня змогуць перашкодзiць нiякiя антыбеларускiя чыноўнiкi. Аказалася, што роля буйвалаў ў адукацыі не такая ўжо й вялікая, як думаюць тыя, хто арганiзаваў наваградзкую карыду на адукацыйнай нiве. Не зважаючы на іх, мы й надалей будзем рабiць беларускую школу прэстыжнаю, сучаснаю i - беларускаю.
Тамара МАЦКЕВІЧ Каардынатар праграмы "Настаўнік. Школа. Грамадзтва"

P. S. Пакуль рыхтаваўся гэты артыкул, стала ведама, што спн. Буйвал, якая шмат гадоў душыла настаўніцкія ініцыятывы Наваградчыны, зьбіраюцца зьмясьціць з пасады.
P. P. S. Праз газэту "Беларус" хачу падзякаваць усім беларусам замежжа за падтрымку, дзякуючы якой ТБШ можа праводзіць свае праграмы.

На здымку: удзельнікі сэмінару.