ШКОЛЫ Ў ЧЫКАГА
7-га сакавіка а 6-й гадзіне вечара ў штатным будынку пад адрасам 100 Вэст Рэндолф Стрыт у Чыкага была зладжаная праграма наданьня граматаў узнаньня губэрнатарам Ільліной для этнічных суботніх і нядзельных школаў для дзяцей. Прысутных на цырымоніі было больш чымся 200 асобаў улучна з прадстаўнікамі ад ліку 30-ці розных школаў.
За трыбунаю віднеўся напісаны вялікімі літарамі назоў "Governor George H. Ryan salutes ethnic schools of Illinois" (Губэрнатар Джордж Г. Раян ушаноўвае этнічныя школы ў Ільліной). Запрошаных гасьцей перад пачаткам праграмы частавалі печывам і пуншам.
Праграма пачалася а 7-й гадзіне ўнясеньнем амэрыканскага і штату Ільліной сьцягоў польскімі скаўтамі й адсьпяваньнем амэрыканскага гімну ўсімі прысутнымі ў суправаджэньні вакаліста Джэка Мючыё. Пасьлядоўна а. Дзімітры Башко быў запрошаны сказаць малітву (invocation) па-ангельску. Праграмай кіраваў Ран Анэсті з карпарацыі імпрэзаў "Анэсті".
Аб важнасьці этнічных школаў коратка прамовіла сп-ня Аўрэлія Пуцінскі, па-паходжаньню полька, а за ёю галоўны прамоўца штатны скарбнік Джудзі Баар Топінка (State Treasurer Judy Baar Topinka), нагадваючы аб сваім выхаваньні ў сям'і чэхаў і немцаў. Яна апэлявала да выхаваўцаў школаў і бацькоў вучыць дзяцей роднае мовы й традыцыяў, ды каб не саромеліся свайго паходжаньня й сваёй спадчыны, якія ёсьць дарам Божым для кожнага народу.
Джудзі Баар Топінка ўручала граматы ўзнаньня ад губэрнатара і з кожнай групай фатаграфавалася. Ад беларускай грамады ў Чыкага грамату ўзнаньня атрымаў а. Дзімітры Башко за школку дзяцей пры парафіі Сьв. Юр'я. На канец скарбнік Топінка фатаграфавалася і з прысутнымі на цырымоніі.

Вера Рамук