СМУТА
Трэба трымацца далей ад жудаснае Расеі!
Вялізарны быў гэты ідал,
у незвычайным бляску стаяў ён перад табою,
і страшны быў выгляд у яго.
(Кніга прарока Данііла. 2:39)
Гісторыя ўтварэньня і існаваньня расейскай імпэрыі - гэта як тамы сьледчай справы. Галасы сьведкаў праз тоўшчу стагодзьдзяў гучаць прыглушана, ледзь чутна, але ня менш хвалююча і пераканаўча. Штрыхамі тысячагадовага пратаколу вырысоўваюцца контуры маскоўскага монстра, дзяржаўнага ідала, якому цяжка знайсьці роўных у чалавечай гісторыі. Хто вынішчыў, згвалціў і абрабаваў бoльшую колькасьць народаў, культураў і цывілізацыяў? Хто паглынуў шырэйшыя прасторы несваёй зямлі? Хто здолеў навязаць мільёнам людзей сваю ідэялёгію, а да таго-ж стварыць уласны прывабны й фальшывы вобраз? Сарданапал, Аціла, Тамэрлан, Чынгіс-хан, Гітлер? Нельга параўнаць гэтых антыгерояў чалавецтва з партрэтнай галерэяй расейскага паноптыкума. Ня тыя часовыя і прасторавыя маштабы, ня тая бясконцасьць кашмара, ня тая здольнасьць да пераўвасабленьня і мімікрыі. Ацілы ды гітлеры пранесьліся па Эўропе разбуральным сьмерчам, іх перамаглі цывілізаваныя народы, яны сталіся прадметам далёкіх успамінаў і навуковых дасьледаваньняў. Расейская імпэрыя працягвае жыць, калос на гліняных нагах яшчэ кідае свой змрочны цень на цэлыя кантынэнты, засьцінае сонца мільёнам людзей, напаўняе трывогаю сэрцы народаў.
У біяграфіі маскоўскага монстра былі, аднак, моманты, калі здавалася, што яму канец. Што ён амаль разбураны й стаіць на краю бездані. Але, як у фільме жахаў, пачвара ажывае зноў і зноў, перасьледуе сваю ахвяру і палохае гледачоў. Сакрушальная параза ў Лівонскай вайне, напалеонаўская выправа "двунадесяти языков" і пажар Масквы, катастрофа ў Першай і Другой сусьветных войнах... З мора крыві й руінаў уздымаецца эўра-азіяцкі калос, усхваляе сябе і зноў бярэцца за сваю сатанінскую справу. Прычым адметнасьцю гэтае істоты зьяўляецца рэгулярны працэс самазьнішчэньня, калі разбуральная энэргія накіроўваецца ўнутр сябе. Не надта яркімі эпізодамі выглядаюць на фоне маскоўскіх рэпрэсіяў Варфаламееўская ноч у Парыжы або гішпанскія аута-да-фэ. Ня той размах! Вайна супраць свайго народу, масавае зьнішчэньне ўласных грамадзянаў, сваёй-жа эліты падчас апрычніны, царкоўнага расколу, пятроўскіх "рэформаў", леніншчыны-сталіншчыны не паддаюцца ніякому спосабу вымярэньня. Расея - гэта жыцьцё паводле прынцыпу адмоўнага натуральнага адбору.
Чатырыста гадоў таму, у 1603-м годзе ў маскоўскай імпэрыі пачаўся крызыс, сацыяльна-палітычная катастрофа, якую яшчэ сучасьнікі падзеяў назвалі "смутным часам". На дзіва, крызыс быў выкліканы не чужынскім нашэсьцем, а ўнутраным распадам згнілага нацыянальна-дзяржаўнага арганізму. Перадгісторыю і першапрычыны гэтага працэсу трэба шукаць у 16-м стагодзьдзі. Імпэрская махіна пад кіраўніцтвам шызафрэніка Івана Жахлівага сутыкнулася зь дзяржавамі заходняе цывілізацыі Швэцыяй, Лівоніяй, Беларусьсю. Рывок да Балтыйскага мора праваліўся. У 1558-83-х гадох маскоўская азіятчына пацярпела паразу на эўрапейскім фроньце. Расейскія сілы, вычарпаныя вайною, былі яшчэ больш грунтоўна падарваныя ў ходзе непараўнальнага "народна-гаспадарчага" экспэрымэнту пад камандаю сярэднявечнага НКВД - апрычніны: адзяржаўліваньня зямлі й канчатковага пераводу ўсіх жыхароў у статус "холопей государевых" (не выпадкова Сталін так натхняўся вобразамі той эпохі). Краіна, аднак, не вытрымлівала такога гвалту. Расейцы актыўна пабеглі ў казакі й заняліся разбоем. На слабым розумам цары Фёдары Іаанавічы згасла дынастыя Рурыкавічаў. Новы цар Барыс Гадуноў, ратуючы сваю баярскую партыю і канцэпцыю трэцяга Рыму, разгарнуў быў "перастройку". Ды скончыў, як і Гарбачоў, дэманстрацыяй нерэфармавальнасьці свае імпэрыі. Мітынг у Крамлі з нагоды згону Гадунова, паводле А. Пушкіна, завяршыўся хрыстаматыйным "народ безмолвствует". Вернутыя з выгнаньня ворагі Гадунова Шуйскія ўжо не маглі спыніць працэс распаду. У 1603-м годзе пачалося тое, што памянёны Пушкін трапна вызначыў як "русский бунт, беспощадный и бессмысленный"... Сума народнага гневу дасягнула крытычнай масы. Шматтысячная паўстанцкая сялянская армія Івана Балотнікава пагражала нават Маскве. Цар Васіль Шуйскі здолеў выратаваць дзяржаву з апошніх сілаў, ужываючы тактыку дзікіх рэпрэсіяў і выпаленай зямлі. Гэта быў клясычны перыяд у фармаваньні расейскай мадэлі буйнамаштабнага зьнішчэньня ўласнага народа. Адбывалася накапленьне гістарычнага досьведу крамлёўскай элітай, паступовая распрацоўка на практыцы мадэлі, паводле якое мільёны чалавечых жыцьцяў роўныя нулю. Гэты дзяржаўна-крымінальны досьвед маскоўскія кіраўнікі рэгулярна і актыўна будуць выкарыстоўваць у наступных стагодзьдзях, зьдзіўляючы чалавецтва вернасьцю пачварнай традыцыі ва ўмовах, калі сьвет вакол Расеі няспынна мяняўся. Настала 21-е стагодзьдзе, а крамлёўскі царок з маральнай неабцяжаранасьцю збачэнца-карніка наладжвае забойчую газавую атаку ў маскоўскім тэатры ды яшчэ выхваляецца яе вынікамі перад цэлым сьветам...
Маятнік гістарычнага лёсу хіснуўся ў адваротны ад Масквы бок. Больш чым стогадовая расейская экспансія на Захад пачынаючы ад 1492-га году - празь Беларусь у Эўропу - на пачатку 17-га стагодзьдзя выклікала магутны рэзананс: Эўропа рушыла на Расею, караючы краіну-агрэсара. Адною з важнейшых сюжэтных лініяў ваенна-палітычнае драмы была беларуская тэма. Абодва Ілжэдзімітра, якія сьцьвярджалі па чарзе, што яны ёсьць выратаваны ад сьмерці малодшы сын Івана Жахлівага, і дамагаліся расейскага трону, былі беларусы. Ілжэдзімітры І - Грышка з дваранскага роду Атрэп'евых беларускага паходжаньня, цараваў у Маскве ў 1605-06-х гадох. Ілжэдзімітры ІІ, "Тушынскі злодзей" - паповіч, настаўнік са Шклова (радзіма столькіх палітычных авантурнікаў!), называўся расейскім царом колькі месяцаў да восені 1608-га году. Абодва трагічна загінулі ў віры смуты. Цяпер-бы мы сказалі, што гэта былі няўдалыя апэрацыі беларускіх спэцслужбаў. Бо шматхадоваю распрацоўкаю з "уваскрошшым" крамлёўскім прынцам займаліся першаплянавыя асобы нашае дзяржавы канцлер ВКЛ Леў Сапега, князі Адам Вішнявецкі й Ян Сапега. Беларускія атрады бралі актыўнейшы ўдзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Масковіі, вызвалялі й абаранялі захопленыя расейцамі ў 16-м стагодзьдзі гарады Смаленшчыны, штурмавалі Маскву, Угліч і Кастраму, даходзілі да Яраслаўля, Волагды й Белага возера. Знакаміты эпізод з опэры "Сьмерць за цара" зьвязаны якраз зь беларускім аддзелам, які меўся захапіць нядаўна каранаванага Міхаіла Раманава, і быў заведзены ў пастку Іванам Сусаніным. Войскамі камандавалі нашы выдатныя палкаводцы Леў Сапега, Ян Кароль Хадкевіч, Ян Пётр Сапега, Аляксандар Лісоўскі, Януш Кішка. У 1610-12-х гадох беларусы гаспадарылі ў Маскве, да самое капітуляцыі ў лістападзе 1612-га году трымаліся за мурамі Крамля (ой, ня любяць расейцы ўспамінаць гэты эпізод нашых узаемадачыненьняў!). Найкаштоўнейшым плёнам гэтай надзвычай цяжкое вайны было вызваленьне ад маскоўскае акупацыі нашай пэрлы - Смаленска.
Аднак, у гэтай "смутнай" вайне сутыкнулася безьліч палітычных і ваенных сілаў, якія мелі супрацьлеглыя стратэгічныя інтарэсы. Швэды, нібыта прыйшоўшы на дапамогу расейцам, нечакана ўдарылі ім у сьпіну. Разбойная, некантралюемая стыхія - украінскія казакі - вызначылася зьверствамі й зьнішчэньнем як на тэрыторыі Масковіі, так і ў Беларусі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт накіраваў польска-беларускае войска на Расею, каб урэшце рэалізаваць даўнюю ідэю падпарадкаваньня яе абшараў. Ягоны сын Уладыслаў быў нават у 1610-м годзе афіцыйна абвешчаны баярскаю радаю царом Расеі, пачала вызначацца формула дзяржаўнай уніі Рэчы Паспалітай і Расеі. Канцэпцыя правалілася з разгромам у 1612-м годзе польска-беларускага гарнізону ў Маскве сіламі паспалітага рушэньня Мініна і Пажарскага і з абраньнем у 1613-м годзе на расейскі трон першага Раманава. Карфаген ня быў разбураны. Гісторыкі ўмоўна зьвязваюць гэтую падзею з заканчэньнем дзесяцігадовай Смуты ў Расеі.
А. Салжаніцын іранічна пісаў, што "Мішу Раманава абралі, таму што яго ніхто не баяўся". У іх заўсёды так было на фоне рэгулярных смутаў: Сталіна абралі, таму што "недалёкі каўказец, якім можна маніпуляваць"; Хрушчова і Брэжнева, бо таксама добра пасавалі на ролю марыянэтак; позьніх генсекаў, бо маразматыкі й памруць хутка... А выходзіла ўсё страшней. Нядаўна на маскоўскі трон насельніцтва Расеі ( начале з акадэмічнай інтэлігенцыяй) пасадзіла новую, чыстакроўную кагэбісцкую дынастыю, аргумэнтуючы, што "Путин - строгий, оперработник, нам нужна крепкая рука…" Толькі прыход да ўлады савецкага КГБ вызначыў не заканчэньне, а якраз абвастрэньне агульнарасейскае смуты. Беларусы, што вяртаюцца з Расеі пасьля кароткага візыту альбо ўцякаюць адтуль пасьля многіх гадоў працы, падобныя на кантужаных ахвяраў катаклізму. Іхныя маналёгі вельмі падобныя, незалежна ад адукацыі, небагатыя па лексіцы, але вельмі выразныя па сутнасьці: "Расея - гэта жах! Вакол адныя бандыты, галеча, не плацяць заробкі, усе п'юць, жанчыны стаяць ля дарог і прадаюцца..." Тысячы нашых суайчыньнікаў за апошнія гады згінулі там (часам знаходзяць іхнія трупы, часам не). Гнілы вялізарны расейскі ідал усё яшчэ палохае чалавецтва сваімі ракетамі й укараненымі па ўсім сьвеце мафіёзнымі структурамі. Цывілізаваныя краіны ліхаманкава адгароджваюцца ад яго натаўскімі бастыёнамі, аддаюць маскоўскаму монстру даніну "на дэмакратызацыю" (а ён крадзе і становіцца ўсё больш нахабным), адкупляюцца жывым таварам - Беларусьсю і Чачэніяй. Падобна, што чатыры стагодзьдзі расейска-эўрапейскіх дачыненьняў нічаму не навучылі эўрапейскія эліты.
1613-ы год Беларусі запомніўся зь іншае нагоды. Упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітае адбыўся надзвычайны Сойм. Беларускае рыцарства пратэставала супраць палітыкі Жыгімонта ІІІ, які давёў Вялікае Княства да крызысу, пакінуў яго без дапамогі ў барацьбе з усходнімі варварамі. Але яшчэ ў 1618-м годзе каралевіч Уладыслаў безвынікова штурмаваў муры Масквы, імкнучыся вярнуць сябе крамлёўскі трон.
Галоўны гістарычны ўрок 1603-18-га гадоў сфармулявалі не спэцыялісты-гісторыкі, а цяперашнія ўцекачы-беларусы, якія паўтараюць рэфрэнам: "Трэба трымацца падалей ад жудаснае Расеі! Ніякіх фэдэрацыяў і саюзаў з гэтым кашмарам!"

Валеры БУЙВАЛ