У абарону спажыўца нацыянальнага
Артыкул сп. Рамана Кардонскага ў папярэднім нумары "Беларуса" вельмі трапна называецца, - "Слова чытача", слова спажыўца літпрадукту, што вырабляецца нашымі пісьменьнікамі. Неяк мы прызвычаіліся, што ўхваляем усё напісанае беларускаю моваю, што крытыкаваць сваё - ня проста выявіцца непатрыётам, а нават здраднікам сьвятое справы Адраджэньня. І за тымі патрыятычнымі, сьвятымі матывамі забыліся на якасьць прадукту, які па завядзёнцы адных, ляноце другіх ды няздатнасьці трэціх застаўся цалкам савецкім, як савецкімі засталіся папрокі пісьменьнікаў у бок чытачоў, што балюча нагадвае закіды нашых палітыкаў у бок народу, хоць нібыта пісьменьнікі пішуць менавіта для чытача, а палітыкі працуюць менавіта дзеля народу. Для палітыкаў, як і для пісьменьнікаў, быць незразуметым - ня гонар, а параза.
Сп.Кардонскі піша пра "сучасную беларускую масавую літаратуру", "поп-літаратуру", і тым, на маю думку, звужае праблему, якая насамрэч шырэйшая. Палягае яна - няхай даруе мне мілагучная беларуская мова! - у "чытэбельнасьці" літпрадукту й павазе да чытача. Бо ня маем мы ня толькі фантастыкі, дэтэктываў, прыстойных гістарычных твораў, мы ня маем звычайнай добрай сучаснай літаратуры, дзе-б аўтары са састарэлым дысыдэнцтвам не настальгавалі па савецкім часам (С. Астравец, І. Сідарук, В. Мудроў), не капіявалі шэранькія заходнія творы ў расейскім перакладзе (Ю. Станкевіч), не гублялі галаву на прыдуманай уласнай "геніяльнасьці" (А. Глёбус), не імкнуліся моўным ды тэматычным эпатажам прыхаваць адсутнасьць дзьвюх найважнейшых складнікаў сапраўднай літаратуры - мець, што сказаць, і ўмець тое сказаць (І. Сін, Зьм. Вішнеў).
Ці зьвярнулі вы ўвагу, шаноўныя чытачы, што сучасныя крытыкі (нярэдка ў такой якасьці выступаюць самі пісьменьнікі) знайшлі надта выгодныя, проста бяспройгрышныя шляхі ў рэкляме-крытыцы твораў? Вы не сустрэнеце там ані літаратуразнаўчых камэнтароў, ані філязафічных абгрунтаваньняў, ані літаратурных паралеляў, там усё зводзіцца да аднаго-адзінага сьцьверджаньня: калі ўпадабаў твор - ты чалавек разумны, прасунуты, элітарны, асьвечаны лепшымі дасягненьнямі ідэі й духу. Калі не - гаворка з табою кароткая, бо ёсьць ты ахвяраю расейскай прапаганды. І ўсе намаганьні нешматлікіх крытыкаў, што імкнуцца паставіць падыход да справы з галавы на ногі - Паўла Абрамовіча, Данілы Жукоўскага - спатыкаюць калі не суцэльную абструкцыю, дык паблажлівыя характарыстыкі "мальцоў" ад нашых "мэтраў".
Ці заслужылі пісьменьнікі ігнараваньне або малую зацікаўленасьць з боку чытача-народу? У пошуках адказу ёсьць вялікая небясьпека згубіцца ў агульных разважаньнях, таму хочацца якойсьці канкрэтыкі. От хоць-бы ўзяць беластоцкае выданьне "Часопіс", балазе прыйшоў сьвежы нумар, 7-8, 2003.
Гэты польска-беларускі часопіс ёсьць, калі хто ня ведае, прыжыцьцёвым помнікам С. Яновічу (як "Тэрмапілы" тамтэйшыя - другому пісьменьніку зь "Белавежы" Я.Чыквіну). І хоць для чытаньня тое - самазабойства, для складаньня партрэту гэроя - акурат што трэба.
Галоўная навіна нумару, натуральна, мае дачыненьне да самога Яновіча: аб прысуджэньні яму прэміі Анджэя Дравіча, дасьледніка расейскай літаратуры, былога сябры ляўрэата. Прэмія тая даецца з 2000-га году за павялічэньне ролі й значэньня польскае культуры ў сьвеце, ейнай прамоцыі, а таксама за талерантнае пашырэньне кантактаў з іншымі народамі. У выпадку зь Яновічам - народу беларускага.
Каб не загрувашчваць газэтны артыкул спасылкамі, ня буду пазначаць, якая цытата на якой бачыне надрукаваная - няхай чытач паверыць мне, што ўсё так і ёсьць. Мова цытатаў пакідаецца бязь зьменаў, хоць часам праз сваю ненатуральнасьць выглядае яна на нядбайны пераклад з польскай мовы ў беларускую.
Перагарнуўшы нумар, атрымаў партрэт пісьменьніка. Зь ягонага роздуму пра новазнойдзеную беларускую хваробу (тут, відаць, гавораць нейкія польскія комплексы): "Пагавары з беларусам і даведаешся, што адзін ён самы мудры, самы справядлівы, самы даходлівы, а рэшта свету - гэта натоўп неўдалотаў. З такой філасофіяй немагчыма навучыцца чагосці. Магчыма толькі прапасці, расплыцца, бы .. свежы памёт на ліўневым дажджы". Зь ягонага сьцьверджаньня (відаць, прапануецца ў якасьці лекаваньня ад гэтае хваробы): "Няма нацыі"."Гэта - пра нас, беларусаў. З справаздачы рэдактара "Часопісу": "Між іншым: З кніжак Сакрата Яновіча пранікае настальгія за адыходзячай беларускай вёскай". Чыквін са смуткам канстатаваў таксама, што "сёння беларуская мова мае ўжо амаль толькі сакральнае значэнне". Сакрат Яновіч пасля ў дыскусіі дадаў: "Беларуская мова мае цяпер характар эстэтычны, не нацыянальны, бо нацыі няма". І вось пасьля падобных думак-заяваў ён з скрухаю піша: "Няшчасце аўтараў: "Сам пішаш, сам друкуеш, сам чытаеш"".
Я-ж дык падзівіўся іншаму: хто з чытачоў пасунецца ў пошуках кнігаў, дзе яму будуць абразьліва кідацца малаэстэтычныя словы пра неіснаваньне нацыі ды прапаноўвацца - у каторы ўжо раз! - "настальгічная" аўтару тэма вёскі!? Ці з Польшчы падаецца, што "неіснуючаму" беларусу і чытаць больш ня варта пра што?
Мо й ня трэба было пераводзіць праблему ўсяе літаратуры на пісаньні аднаго чалавека, каб не наступная засьцярога: падобнае стаўленьне - рэч пашыраная й, відаць, заразная. Раней у тым самым "Часопісе" друкаваўся А.Чобат - мала каму ведамы як паэт, затое нарабіўшы гуку сваймі артыкуламі-разьвіцьцём ідэяў Яновіча пра "хамскую нацыю". Апошнім часам на тых самых бачынах вучнёўства пераняў паэт з Гародні Ю. Гумянюк. Хвалячы ў адным артыкуле ўсякімі словамі Таварыства Вольных Літаратараў, сябрам якога з'яўляецца, уласныя намаганьні ў выданьні часопісу "Калосьсе" ("ашаламляльны посьпех"), літаратурную прэмію ТВЛ ("вельмі прэстыжная"), у другім, нібыта пра выцечку ў Пінск на дні беларускай і швэдзкай паэзіі, большую частку артыкулу прысьвяціў вандроўкам па тавэрнам, півярням, рэстарацыям, аповядам як пілося ды які сэрвіс быў. І пішацца пра ўсё ня толькі абразьліва - для пінчукоў, але зь непавагаю - да чытача. Бо - халтурна.
Ці ня ў гэтым уся справа - у халтуры пісьменьнікаў, непрафесыйнасьці (а пісьменьніцтва - гэта прафесыя, якой трэба вучыцца як усякай іншай), няздольнасьці пісаць цікава, у перакананасьці, што чытач праглыне любое, як-бы й пра што-б яму ні пісалі, бо тое - па-беларуску?
Вядома, не ў савецкія часы жывем, а таму і думкі няма загадваць пісьменьнікам ад імя БНР, БНФ ці народу як пісаць, на якія тэмы. Толькі тады няхай і пісьменьнікі не наракаюць на нецікаўнага чытача ды на малыя наклады, якія наўпрост прапарцыянальныя іхнай вартасьці. Твораў Караткевіча, Быкава, Арлова на паліцах кнігарань ня знойдзеш.
У артыкуле я неаднойчы ўжываў азначэньне "нашыя" - нашыя пісьменьнікі, нашыя чытачы, наш народ. Гэта - нашае. Іншага ня дадзена. Таму і абараняю сябе, спажыўца, не ад кагосьці, а ў імя. Імя нашае літаратуры.
Навум ГАЛЯШЭВІЧ