Чаго мы шукаем?
"Але мы - не таго мы шукаем, не таго на чужыне нам трэба" - пісаў у "Эмігранцкай песьні" Максім Багдановіч. Пра пошукі эмігрантаў пачатку ХХ-га стагодзьдзя, эмігрантаў паваенных мы ведаем, напэўна, больш як пра саміх сябе, сёньняшніх, - з навуковых публікацый, з гістарычных досьледаў, з расповядаў старэйшых. А чаго трэба нам, маладым, хто прыехаў сюды напрыканцы мінулага ці напачатку новага, ХХІ-га стагодзьдзя?
Будзьма шчырымі: мала сярод нас сапраўдных палітычных уцекачоў. Па-праўдзе, мо ня ўсе і згодныя з азначэньнем "эмігрант", але што паробіш, калі так за нас вырашыла Бацькаўшчына, дакладней, тыя чыноўнікі, якія зрабілі эміграцыйны шлях адзіным магчымым, каб сьвет паглядзець, навуку здабыць, капейчыну зарабіць. Ня мы яе выракліся. У любой іншай краіне, той самай Польшчы, чалавек вольны выехаць "у сьвет" і вярнуцца дахаты, ня зганьбіўшы сябе ў вачох пазасталых сваякоў, сяброў, паплечнікаў па-ранейшаму нядобрым на тых землях словах "эмігрант".
Але гэта іхнае стаўленьне, іхная думка. Што-ж мы?
Мы ладкуем новае сваё жыцьцё, вучым мову і вучымся самі, сумуем па пакінутаму сьвету, але шукаем сяброў у новым. Нам тут не забараняюць быць беларусамі, але й не прымушаюць імі быць, таму багата хто, здабыўшы неабходныя паперы, адвальваецца ад грамады ды зьнікае ў неабсяжных амэрыканскіх даляглядах.
Шукаць іх, відавочна, ня будуць, але для чалавека сумленнага, маральнага мусіць актуальным заставацца даўнейшы лёзунг: сплочвайце даўгі! Грашыма, учынкам, зробленым, увагаю, клопатам пра новапрыбылых - так, як сустракалі некалі вас саміх. Досыць толькі браць, старая эміграцыя не бяздонная.
Што мы можам рабіць? Чым канкрэтна дапамагчы? Дадаць да таго, што было зроблена да намі й ня намі?
Можа варта было-б заснаваць прэмію ці стыпэндыю імя Васіля Быкава для тых навукоўцаў або пісьменьнікаў, якія маюць добрую навуковую працу, рукапіс кнігі, але ня ў стане яе выдрукаваць? Скласьці статут, абраць камітэт, выпрацаваць умовы - і раз на год у нашай Бацькаўшчыне большала-б на адну вартасную кнігу.
Давайце зробім, спадарства, бо досыць быць басотаю.
Антон ЯСЕВІЧ