ЛЯВОН ШУРАК - ПАЛІТЫЧНЫ Й ГРАМАДЗКІ ДЗЕЯЧ
Зь Лёнем Шураком мы некалі - у канцы 50-х ды на пачатку 60-х гадоў - належалі да рэдкалегіі часапісу "Беларуская Моладзь". Разам зь іншымі сябрамі рэдкалегіі - Міхасём Бахарам, Вітаўтам Кіпелем, Васілём Мельяновічам, Міхасём Палюховічам, Міхасём Сенькам, Вячкам Станкевічам, Юркам Станкевічам і Віталем Цярпіцкім - давалі старэйшым дзеячам прыклад супрацоўніцтва паміж "крывічамі" й "зарубежнікамі".
Далейшымі гадамі мы зь Лёнем час ад часу бачыліся на розных урачыстасьцях, абменьваліся сякімі-такімі навінамі, найбольш зь беларускага грамадзкага жыцьця, але ў біяграфіі адзін аднаго не заглыбляліся. Я ведаў, што ён быў пэўны час сакратаром беларускай вэтэранскай арганізацыі ды сакратаром нью джэрзыйскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Але вось 11-га верасьня 2002-га году, калі ў Саўт-Рывэры адзначаліся каля помніка вэтэранам вайны першыя ўгодкі тэрарыстычнага нападу на Амэрыку, беларускім удзельнікам сярод шматтысячнай грамады было прыемна пабачыць Лявона Шурака як кіраўніка саўтрывэрскай арганізацыі амэрыканскіх вэтэранаў. У сваёй прыгожай уніформе, Лявон уручаў сьцяг Амэрыкі для ўрачыстага ўзьняцьця яго на флягштоку каля помніка вэтэранам.
Як выявілася пазьней у гутарцы з маім сябрам, на ягоным рахунку ня толькі годнасьць кіраўніка саўтрывэрскае вэтэранскае арганізацыі (235 сяброў, становішча кіраўніка - выбарнае). Лёня старшынюе ўжо ў арганізацыі Вэтэранаў Замежных Войнаў другі тэрмін.
Вайсковую службу ён адбыў неўзабаве пасьля прыезду ў 1950-м годзе ў Злучаныя Штаты. У 1952-м годзе яго змабілізаваліі ў армію. Вышкаленьне праходзіў разам з такімі-ж навабранцамі-сябрамі Алегам Дубягам і Алегам Махнюком. Толькі што тых паслалі ў Карэю, а яго - у Нямеччыну, дзе й адбыў два гады службы. Арміі спатрэбіліся Лёневы веды замежных моваў: нямецкае, расейскае й польскае.
За мінулыя дзсяцігодзьдзі Лёня папоўніў сваю біяграфію цэлым шэрагам дасягненьняў.
Пасьля вайсковай службы працаваў пятнаццаць гадоў у вялікай кампаніі "Ўэстынггаўз", здабываючы адначасна ступень бакаляўра ў галіне мэнаджмэнту. Калі кампанія перабіралася ў іншае месца, Лявону давялося зьмяніць працадаўцу, бо толькі што быў куплены новы дом, а маладая сям'я Шуракоў чакала "прыбытку" ў сваёй хаце. Нарадзілася дачушка.
На новай працы ў кампаніі "Гэркулес" зьмяніўся крыху профіль заняткаў - Лявону даручылі з часам адказнасьць за закуп сырвіны для хімічнага вырабу тавараў. Колькасьць робленых закупаў вымяралася дзесяткамі мільёнаў даляраў на год. Але й тут Лёня выдатна справіўся з сваімі абавязкамі. Шмат давялося папаезьдзіў па Амэрыцы ў сувязі з прафэсыйнымі канфэрэнцыямі й нарадамі.
Пры ўсёй сваёй занятасьці службоваю працаю Лявон Шурак знаходзіў час займацца грамадзкаю і палітычнаю дзейнасьцю на саўтрывэрскім форуме. Працягам гадоў, апрача ўзначальваньня вэтэранскае арганізацыі (якая мае свой будынак, рэстаран, бар, залю для розных урачыстасьцяў), Лявон уваходзіць у склад гарадзкога Камітэту Дэмакратычнай Партыі. Саўт-Рывэр, які налічвае 16 тысячаў жыхароў, падзелены на 14 выбарчых акругаў. У кожнай зь іх дэмакраты й рэспубліканцы выбіраюць кожны ў сваю партыю па двое сяброў ад акругі (мужчыну й жанчыну) у камітэт свае партыі. Дарэчы, дэмакратаў у Саўт-Рывэры ў тры разы больш як рэспубліканцаў. Партыйныя камітэты праводзяць што месяца свае паседжаньні. На паседжаньні запрашаюцца перспэктыўныя кандыдаты, урадоўцы, экспэрты, каб сябры камітэту маглі паінфармавацца ў бягучых палітычных, сацыяльных, бюджэтных ды іншых пытаньнях. Паінфармаванасьць ім патрэбная, бо іхная асноўная функцыя - вылучаць кандыдатаў на розныя выбарныя становішчы, у тым ліку й мэра гораду.
Лявон Шурак актыўна ўдзельнічае на грамадзкай аснове ў працы адміністрацыі Саўт-Рывэру. Ен - дарадца мэра гораду сп. Робэрта Шыгеты па справах старэйшых грамадзянаў. Лявон - таксама адзін з трох сяброў Мясцовай Службы Дапамогі. Заданьне службы - дапамагаць людзям у бядотным стане (бяздомным, алькаголікам, наркаманам ды іншым) начлегам, вопраткаю, харчамі. У нашага Лёні добрае сэрца.
Шэсьць гадоў Лявон Шурак адбыў на становішчы сябры гарадзкой камісіі па справах будаўніцтва; чатыры гады ўваходзіў у камісію па захаваньні гістарычнае спадчыны. Быў ён таксама прадстаўніком ад беларускае грамады ў штатавым камітэце па справах этнічных групаў.
Лявона Шурака добра ведаюць жыхары Саўт-Рывэру. Шмат каму зь іх даводзілася супрацоўнічаць зь ім у розных справах, карыстацца ягоным пасярэдніцтвам. Яны сардэчна вітаюцца зь ім пры сустрэчах на вуліцах гораду.
Лявонава шматгадовая дзейнасьць належна адзначаная ўладамі гораду Саўт-Рывэру й штату Нью-Джэрзі. Летась яму былі ўручаныя ганаровыя граматы ад кіраўніцтва Мідлсэкскага графства (каўнты), а таксама ад асамблеі штату Нью-Джэрзі з адзначэньнем ягоных заслугаў як каманданта вэтэранскае аргнаізацыі й актыўнага грамадзяніна.
На пытаньне, ці ня зьбіраецца ён наведаць свае родныя мясьціны на Меншчыне каля Пухавічаў - пабачыць вёску Ганутаў, дзе нарадзіўся, палюбавацца рэчкай Балачанкай, што ўпадае ў Сьвіслач, пабыць у вёсцы Французская Грэбля, куды хадзіў у школу - Лёня кажа:
- Добра было-б пабыць там. Але не пры цяперашнім рэжыме, які моцна нагадвае змрочныя трыццатыя гады, калі былі арыштаваныя мой бацька й два ягоныя браты. Усе яны загінулі недзе ў Курапатах. З падарожжам у Беларусь пачакаю да лепшых дзён.

Янка ЗАПРУДНІК