СУСТРЭЧА Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ ДЭПАРТАМЭНЦЕ ЗША
У Дзярждэпартамэнце ЗША ў Вашынгтоне 29-га студзеня адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай грамады Амэрыкі з кіраўніцтвам беларускага аддзелу Дзярждэпартамэнту. Сярод прысутных былі спн.сп. Алла Орса-Романо, Вітаўт Кіпель, Вячка Станкевіч, Сямён Шарэцкі, Васіль Мельяновіч, Алеся Сёмуха, Зьміцер Левіт, Віталь Зайка. Напачатку сустрэчы загадчык беларускага аддзелу Майкл Уягара сказаў колькі словаў пра сябе і сваю працу перад прызначэньнем у беларускі аддзел. Ен выклаў сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі й вакол яе, а таксама асноўныя палажэньні палітыкі ўраду ЗША ў адносінах да сёнешняга рэжыму Рэспублікі Беларусь.
Сярод тактычных мэтадаў ён узгадаў супрацоўніцтва зь недзяржаўнымі арганізацыямі дзеля разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, дзеяньні сумесна з Эўразьвязам і Расеяй дзеля ўплыву на рэжым Лукашэнкі з мэтаю дэмакратызацыі й паляпшэньня становішча правоў чалавека. Ня гледзячы на ізаляцыю, што сталася вынікам дзейнасьці рэжыму ў Менску, ЗША па магчымасьці падтрымліваюць кантакты з афіцыйным Менскам, прыкладам чаму ёсьць нядаўнія пагадненьні аб тэкстыльных вырабах і аб нацыстоўскіх злачыцах. Далейшы ўзровень супрацоўніцтва залежыць ад выкананьня беларускімі ўладамі шэрагу ўмоваў, у тым ліку дэмакратызацыі й палітычных рэформаў.
Сп. Вітаўт Кіпель заявіў, што беларусы Амэрыкі занепакоеныя падзеямі ў Беларусі й сталаю пагрозаю яе незалежнасьці, якую нясе палітыка Лукашэнкі, і дзеяньнямі расейскіх уладаў, скіраванымі на інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі. Для лепшага разуменьня сытуацыі ўрад ЗША, мусіць мець шчыльнейшыя кантакты з прадстаўнікамі беларускіх незалежніцкіх сілаў і дыяспары ў ЗША. Кантакты з дыяспараю мусяць быць больш рэгулярнымі.
Сп. Віталь Зайка коратка распавёў пра дзейнасьць Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, ягоную пазыцыю адносна сытуацыі ў Беларусі. Ен адзначыў, што амэрыканскія беларусы занепакоеныя спробамі Эўразьвязу і ЗША прыцягнуць Расею да вырашэньня праблемаў Беларусі. Палітыка Расеі ёсьць прычынаю гэтых праблемаў, і пускаць Расею вырашаць іх - тое самае, што пускаць лісу даглядаць курэй. Усім ведама, што бяз згоды Крамля Лукашэнка нядоўга пратрымаўся-б пры ўладзе. Аднак Расея разумее, што ніхто з наступных беларускіх лідараў ня будзе гандляваць незалежнасьцю Беларусі, як гэта робіць Лукашэнка, і таму з ягонаю дапамогаю яна сёньня імкнецца захапіць Беларусь, напусьціўшы туману пра "саюзную дзяржаву" ды "інтэграцыю". Сп. Зайка адзначыў, што пытаньні афіцыйнага ўжытку беларускай мовы, беларускамоўная адукацыя, друк, тэле- і радыёстанцыі, разьвіцьцё беларускай культуры ды іншыя нацыянальныя правы беларускага народу, патаптаныя рэжымам, ёсьць неад'емнаю часткаю правоў чалавека і дэмакратызацыі краіны. Таму яны мусяць атрымаць належную ўвагу амэрыканскіх уладаў, якія імкнуцца дапамагчы Беларусі стаць на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Неабгрунтаванае адкіданьне праблемаў нацыянальнага разьвіцьця беларусаў як другарадных або "нацыяналістычных" ніяк ня будзе спрыяць дэмакратызацыі й стабільнасьці Беларусі.
Спн. Алла Орса-Романо адзначыла, што ўжываньне па-ангельску састарэлых тэрмінаў для назваў "Беларусь; беларускі", як: "Byelorussia/ Belorussia; Byelorussian/Belorussian", ёсьць няправільным і адлюстроўвае савецкія рэаліі. Слушным было-б афіцыйна прынятае ў ААН ужываньне словаў "Belarus; Belarusian" або "Belarusan". Спн. Орса-Романо падняла таксаму праблему матэрыяльнай дапамогі Беларусі, якая не заўсёды даходзіць да тых, хто мог-бы яе найбольш эфэктыўна скарыстаць. Яна закранула пытаньне адбору кандыдатаў на праграмы абмену ды іншыя гуманітарныя акцыі.
Сп. Вячка Станкевіч выказаў сваё бачаньне вырашэньня праблемаў, зьвязаных зь Беларусьсю, і прыцягнуў увагу да небясьпекі балятаваньня Лукашэнкі на забаронены канстытуцыяй трэці тэрмін прэзыдэнцтва праз правядзеньне рэфэрэндуму. ЗША мусяць адразу і жорстка выказаць сваю пазыцыю на гэты конт.
Сп. Сямён Шарэцкі адзначыў неабходнасьць кантактаў беларускай дыяспары з амэрыканскімі ўладамі, а таксама падкрэсьліў, што ў Беларусі фактычна няма законна абранага воргана ўлады, таму Вярхоўны Савет 13-га скліканьня юрыдычна надалей застаецца легітымным парлямэнтам. А ўсе перамовы з Лукашэнкам - гэта перамовы з узурпатарам улады. Кантакты рэжыму Лукашэнкі з Іракам, Іранам, Лібіяй ёсьць небясьпечнымі для ўсяго сьвету. Наагул, Беларусь ператварылася ў лябараторыю аўтарытарызму, і шмат якія анты-дэмакратычныя "вынаходніцтвы" Лукашэнкі (вертыкаль улады, маніпуляваньне медыямі, рэфэрэндумы "на замову" ды інш.) пераймаюцца кіруючымі коламі Расеі ды іншых пост-савецкіх краінаў.
Спн. Алеся Сёмуха закранула пытаньні каардынацыі дзеяньняў і кансультацыяў беларускіх арганізацыяў зь дзяржаўнымі ўстановамі ЗША, візавага забесьпячэньня наведвальнікаў зь Беларусі.
Сп. Васіль Мельяновіч адзначыў небясьпеку скарыстаньня рэжымам Лукашэнкі Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) ў сваіх палітычных мэтах, а таксама імкненьне РПЦ умешвацца ў сьвецкія, у тым ліку палітычныя, пытаньні, што яшчэ болей ускладняе сытуацыю і стварае рэлігійную напружанасьць у краіне.
Сп. Зьміцер Левіт прыцягнуў увагу да сувязі сёнешніх праблемаў з падзеямі мінулага, аб неабходнасьці шырэйшага ўспрыняцьця сытуацыі ў Беларусі ў гістарычным кантэксьце. Ен прадэманстраваў факсымільнае выданьне Статуту старабеларускай дзяржавы 1588-га году і гістарычныя мапы Беларусі.
Сп. Уягара пракамэнтаваў прапановы й выказваньні, пачутыя на сустрэчы, і падзякаваў за магчымасьць абмену думкамі з прадстаўнічаю дэлегацыяй беларускай грамады Амэрыкі. Ен выказаў перакананасьць у неабходнасьці разьвіцьця кантактаў і заявіў аб жаданьні сустрэцца з беларускаю грамадою у Нью Ерку ў сакавіку месяцы. Сустрэча ў Дзярждэпартамэнце прайшла ў надзвычай канструктыўнай і дабразычлівай атмасфэры.

Віталь ЗАЙКА

Злева на права: Ала Орсо-Романо, Вячаслаў Станкевіч, Алеся Сёмуха, Майкл M. Уйгара (Michael M. Uyehara), Сямён Шарэцкі, Зьмцер Левіт, Васіль Мельяновіч, Вітаўт Кіпель.

Фота Віталя Зайкі.