СУПОЛКА "БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАДА" Ў ШВЭЦЫІ 1948-1975-х ГАДОЎ
Адной з малавядомых старонак гісторыі нашай дыяспары ёсьць дзейнасьць беларускай суполкі "Vitryssland societet." ў Швэцыі ў 1948-1975-х гадох.
Стваральнікам суполкі быў Васіль Лукашык, таму варта трохі распавесьці пра гэтага чалавека ды ягоных сяброў.
Нарадзіўся Васіль Лукашык у 1905-м годзе (па пашпарту - 1911) на Сакольшчыне. Тата - беларус. Маці - расейка, па прозьвішчу Твердынская. Гадаваўся хлопчык ў Беластоку. Пры польскай уладзе В. Лукашык скончыў расейскую гімназію ў Беластоку, потым студыяваў паліталёгію на Віленскім унівэрсытэце імя Батуры. У Вільні Лукашык бярэ актыўны ўдзел у беларускім руху, сябруе зь земляком Станіславам Грынкевічам.
З прыходам Саветаў Лукашык далучаецца да працы па стварэньні на Беласточчыне сеціва беларускіх школак. Потым робіцца загадчыкам Беластоцкага дзіцячага дому. Зь цягам часу дом перапаўняюць дзеткі рэпрэсаваных камуністамі бацькоў (палякі, беларусы, жыды, расейцы).
У 1941-м годзе немцы зачыняюць дом, да таго-ж на вачох дзетак разбураюць клюмбу з кветкамі ў форме "зоркі". Убачыўшы гэта, дзеткі ціха казалі: "Усё, капец, ніколі мы ўжо ня будзем лётнікамі ды інжынерамі". Калі немцы далі дазвол на стварэньне цывільнай беларускай улады, Лукашык робіцца бургамайстрам Беластоку. Але па даносу ён быў арыштаваны гестапа й адпраўлены да канцэнтрацыйнага лягеру "Аушвіц" (па-польску Осьвенцым). З "Аушвіцу" Васіль Лукашык уцёк. У Варшаве набыў фальшывыя паперы, але падчас чарговай нацысцкай "зачысткі" быў адпраўлены на прымусовую працу ў Нарвэгію. За Палярным колам разам з палоннымі жаўнерамі Чырвонай арміі, заходнімі беларусамі й палякамі Лукашык будаваў стратэгічную дарогу. Тут, у лягеры, ён стварае беларускі гурток. У 1944-м годзе сябры гурта ў складзе 10 беларускіх хлопцаў робяць адважныя ўцекі зь лягера праз горы ў Швэцыю. Так пачынаецца эміграцыя.1
У 1948-м годзе Васіль Лукашык як рэпрэзэнтант Швэцыі быў дэлегатам Першага сусьветнага зьезду беларускай паваенай эміграцыі, які адбыўся у Парыжы зь 28-га лістапада па 2-га сьнежня.
Выконваючы рашэньне зьезда ў тым самым годзе Лукашык разам зь сябрам Язэпам Федарчуком стварае "Беларускую Грамаду" ў Швэцыі - "Vitryssland societet." Суполка атрымлівае юрыдычную рэгістрацыю, выдае статут Грамады па-швэдзку й па-беларуску, піша адозвы ў СМІ.
Заўважым што праца па стварэньню суполкі йшла цяжка. Моцная польская суполка запрашала ўсіх беластоцкіх беларусаў (а менавіта яны апынуліся ў Швэцыі) да сябе, на падставе іх былога польскага грамадзянства. Расейская суполка цягнула да сябе, таму што маўляў беларусы былі парафіянамі расейскай праваслаўнай царквы ў Стакгольме. Але, дзякуючы непахіснай упартасьці, кіраўнічаму таленту Лукашыка й Федарчука беларусы здолелі згуртавацца працаваць й захавацца як народ на чужыне, якая воляю лёса стала новай Радзімай. Сябры суполкі ладзілі сталыя сустрэчы, штогадавыя вячэры, прысьвечаныя дню Волі 25-га Сакавіка. Грамада падтрымлівала сувязі з дыяспарай ЗША й Аўстраліі, атрымлівала беларускія газэткі й часопісы. Лукашык асабіста супрацоўнічаў з газэтай "Bielarus-Беларус" (ЗША) і яе галоўным рэдактарам Станіславам Станкевічам.
У 1975-м годзе 17-га сакавіка за 7 дзён да чарговай гадавіны БНР Васіль Лукашык раптоўна памірае. З нагоды жальбы газэта "Беларускі голас" (№232 за 1975) зьмяшчае нэкралёг:

Сьв. † пам.
ВАСІЛЬ ЛУКАШЫК
былы дзеяч БСР Грамады і Таварыства Беларускае Школы ў Беластоку. Былы Бурмістр Беластоку. Арганізатар "Беларускай Грамады" ў Скандынавіі. Сябра Камітэту Вольнае Беларусі, памёр раптоўна 17-га сакавіка 1975 году ў Густаўбэргу ў Швэдыі. Паходзіў з Сакольшчыны.
Хай будзе яму лёгкай чужая зямля!
Сябры

Хутка адыходзяць у іншы сьвет старыя сябры суполкі...
Так сталася, што на час арганізацыі новай беларускай суполкі "Vitryssland", якая паўстала ў 1995-м годзе ў Швэцыі, старая Грамада спыніла свае існаваньне. Але іхныя высілкі не прайшлі марна. Новай генэрацыі беларусаў у Швэцыі пачынаць справу было значна лягчэй, бо за намі была Гісторыя.
Андрэй Котлярчук
Стакгольм
* Зьвесткі атрыманыя зь інтэрвію ўдавы Васіля Лукашыка Яніны Лукашык 23.02.2001. Запіс у архіве аўтара.