НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЕДАМАСЬЦЬ
Узровень жыцьця людзей як супольнасьці залежны ад дачыненьняў паміж асобаю (асобным чалавекам) і грамадзтвам. Дачыненьні паміж асобаю і грамадзтвам вымяраюцца супольнай сьведамасьцю.
Гістарычна чалавечая супольнасьць асэнсавала і прайшла праз розныя віды сьведамасьці й захавала яе рэлікты. Напачатку была сьведамасьць, дадзеная прыродай - усьведамленьне віду (людзі - і ўсё астатняе). Потым - родава-племянная. Затым, з разьвіцьцём цывілізацыйнага працэсу (ён пачаўся тады, калі людзі сталі жыць асела і працаваць на зямлі), узьнікае этнічная (тутэйшая) сьведамасьць. Супольны інтарэс і адзінства вымяраліся ў гэты час па тэрыторыі, па звычаях (культуры) і па мове.
Наступны этап - народная сьведамасьць. Яна зьвязаная са стварэньнем дзяржавы й дзяржаўнага віду ўлады. Супольнае адзінства і дачыненьні людзей асэнсоўваліся на ўзроўні забясьпечаньня агульных сацыяльна-культурных інтарэсаў.
У XVIII-XIX стагодзьдзях цывілізацыйны працэс прывёў да зьяўленьня нацыянальнай сьведамасьці, калі супольнасьць гуртуецца на аснове нацыянальнае ідэі, якая ўбірае ў сябе ўсе ранейшыя дасягненьні этнічнага духу, абагульняе інтарэсы й выступае ў якасьці нацыянальнай ідэалёгіі. Рэалізацыяй нацыянальнай сьведамасьці ёсьць вольная нацыянальная дзяржава, якая забясьпечвае ўсебаковае існаваньне і разьвіцьцё нацыі й кожнага асобнага чалавека. Гэта стан сьведамасьці, у якім знаходзіцца зараз цывілізаваны сьвет.
Нацыянальная сьведамасьць мае тую асаблівасьць, што зьяўляецца прыярытэтнай перад сацыяльнай сьведамасьцю і перад усімі астатнімі. Менавіта гэтая асаблівасьць забясьпечвае моц і існаваньне нацыянальнай дзяржавы й уласна самой нацыянальнай сьведамасьці, бо зьяўляецца яе найгалоўнейшаю рысаю.
На практыцы гэта выглядае так, што кожны грамадзянін нацыі ўсьведамляе агульны інтэрас нацыі як свой асабісты, ён разумее лучнасьць інтарэсаў і абараняе іх.
У чалавека ненацыянальнай сьведамасьці (альбо дэнацыяналізаванага) асабісты інтарэс і інтарэс агульнанацыянальны (грамадзкі, дзяржаўны) існуюць як бы незалежна. Такі чалавек дбае толькі пра свой інтарэс і, часта бывае, насуперак агульным інтарэсам нацыі.
Людзі нацыянальнай сьведамасьці заўсёды аддаюць перавагу агульнанацыянальным каштоўнасьцям перад сацыяльнымі, палітычнымі, канфэсыйнымі, групавымі, эканамічнымі і г.д. Гэтая асаблівасьць нацыянальнай сьведамасьці трымае ў моцы й у адзінстве і такую, напрыклад, маналітную нацыянальна зьяднаную краіну, як Польшча, і поліэтнічную эміграцыйную Амэрыку. Нацыянальная сьведамасьць грамадзтва дае магчымасьць бязь цяжкасьцяў праводзіць узгодненую, агульнанацыянальную ўнутраную і зьнешнюю палітыку, вырашаць шэраг грамадзкіх задачаў.
Напрыклад, ні ў польскіх кансэрватараў, ні ў сацыялістаў, ні ў былых камуністаў не ўзьнікае думкі дыскутаваць пра незалежнасьць Польшчы ці пра дзяржаўнасьць польскае мовы, ці пра неабходнасьць польскай школы, ці аб прызнаньні нацыянальнага гербу ці сьцягу і г. д. Нацыянальная сьведамасьць стварае каштоўнасьці, бясспрэчна агульныя для ўсяго грамадзтва. Есьць агульнанацыянальная неабходнасьць быць Польшчы ў НАТО - і ўсе польскія партыі праводзяць узгодненую палітыку, незалежна ад перамены ўлады, зьмены ўраду і г. д.
Тое-ж самае - ў ЗША. Нацыянальныя інтарэсы, нацыянальная ідэя, амэрыканскія каштоўнасьці - вышэйшыя за ўсе ўнутраныя, расавыя, сацыяльныя, канфэсыйныя і іншыя інтарэсы, і нават канфлікты. Любімае выслоўе амэрыканскіх прэзыдэнтаў: "Думайце не пра тое, што Амэрыка зрабіла для вас, а што вы зрабілі для Амэрыкі".
Грамадзтва, якое ёсьць на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці, дзе існуе нацыянальны прыярытэт у паводзінах асобы, такое грамадзтва можа самаіснаваць, яно самадастатковае, яно здольнае на самакіраваньне і можа абысьціся без улады, устаноўленай зьверху ці звонку (абсалютызм, манархія, насьледнае каралеўства, дыктатура, імпэрыя, каляніяльнае праўленьне і г.д.).
Грамадзтва на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці выклікае новы тып улады - дэмакратыю, стварае нацыянальную дэмакратычную дзяржаву. Гэта натуральны стан нацыянальнай дзяржавы, якая іманэнтна (унутрана) імкнецца да дэмакратыі. Усялякія адхіленьні ад дэмакратыі (дыктатура, аўтарытарызм, аўтаркія і г.д.) асэнсоўваюцца як неадпаведныя, і нацыянальнае грамадзтва імкнецца да аднаўленьня дэмакратычнай раўнавагі.
* * *
Нацыянальная сьведамасьць фармавалася ў змаганьні з імпэрыяй і імпэрскай ідэалёгіяй. Імпэрская сьведамасьць заўсёды выяўляла інтарэсы групы ўлады, была таталітарнай ідэалёгіяй і, як правіла, абапіралася на нейкі адзінанародны ўніфікацыйны прынцып, накінуты зьверху ці звонку.
Імпэрыя - гэта прынцып дзяржаўнай арганізацыі ўлады, які ўзьнік і мог існаваць на ўзроўні народнай сьведамасьці. Разьвіцьцё нацыянальнай сьведамасьці народаў прывяло да распаду імпэрыяў.
Аднак распад імпэрскага абсалютызму не заўсёды прыводзіў да поўнай ліквідацыі імпэрыі. Імпэрская ідэалёгія (адзіны ўніфікацыйны прынцып улады) аказвалася жывучай, калі перапляталася з нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта прыводзіла да новых формаў таталітарызму, да ўнутраных і зьнешніх канфліктаў, станавілася прычынаю войнаў.
Эўрапейскія нацыі й эўрапейскае нацыянальнае думаньне перажылі дзьве вялікія нацыянальныя рэвалюцыі ("вёсны народаў"). Першую - у сярэдзіне ХІХ-га стагодзьдзя (1848-1849-я гады), якая была задушаная імпэрыямі, і другую - у першай чвэрці ХХ-га стагодзьдзя, якая завершылася перамогаю нацыяў і абнаўленьнем мапы Эўропы (пасьля І-й Сусьветнай вайны), крахам эўрапейскіх і сусьветных імпэрыяў (акрамя Расеі).
Заўважым, што тыя народы, якія стварылі ў той час нацыянальныя дзяржавы, дамагліся незалежнасьці й прайшлі потым перыяд нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі (гэта, у сярэднім, 20-25 гадоў - адно пакаленьне), тыя народы поўнасьцю ўключыліся ў сыстэму эўрапейскай дэмакратычнай цывілізацыі й забясьпечылі незваротнасьць нацыянальнага працэсу існаваньня.
Тыя нацыі, якія потым неўзабаве згубілі дзяржаўную незалежнасьць і апынуліся ў таталітарнай імпэрыі - бальшавіцкай Расеі, страцілі гістарычны час, не прайшлі абавязковага пэрыяду нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі і, што страшна, - сталі аб'ектам генацыду і нацыянальнага вынішчэньня. Нацыянальна-псыхалягічнае і ідэйна-нацыянальнае разьвіцьцё іх было затарможанае.
Найбольш пацярпелі ў гэтым сэнсе беларусы й ўкраінцы. Вынішчалася, перш за ўсё, нацыянальная сьведамасьць і яе актыўныя носьбіты. За некалькі пакаленьняў перажытага расейска-бальшавіцкага таталітарызму і масавага зьнішчэньня ідэйна-нацыянальная самаідэнтыфікацыя грамадзтва гэтых краінаў (асабліва Беларусі) была адкінутая на рэліктавы ўзровень этнічна-тутэйшай сьведамасьці. Але самае страшнае тое, што за няпоўнае стагодзьдзе гвалту, хлусьні й фальшывых дачыненьняў адбылася масавая люмпэнізацыя сьведамасьці вялікай колькасьці людзей. Менавіта распаўсюджанасьць люмпэнізаванай ("савецкай") сьведамасьці стала адным з галоўных чыньнікаў выбраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта Беларусі.
* * *
Аднак сітуацыя, у якой апынулася беларускае грамадзтва ў выніку 73-х гадоў расейска-бальшавіцкай акупацыйнай палітыкі, у прынцыпе падлягала выпраўленьню пасьля дасягненьня дзяржаўнай незалежнасьці. Нацыя магла адрадзіць і дзяржаву, і культуру, і стабілізаваць нацыянальнае грамадзтва. Дзеля гэтага трэба было разьвівацца паскорана ў спрыяльных умовах, і перш за ўсё - аднавіць нацыянальную эліту, беларускую школу і нацыянальную сыстэму адукацыі, накіраваныя на разьвіцьцё нацыянальных інтэлектуальных магчымасьцяў і фармаваньне беларускай нацыянальнай сьведамасьці.
У 1994-м годзе, пасьля выбраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам і ўсталяваньня прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі, магчымасьці нацыянальнага Адраджэньня і стабілізацыі, практычна, зьведзеныя да мінімуму (і прадаўжаюць зьмяншацца).
Беларусь зараз перажывае адну з самых небясьпечных калізіяў сваёй гісторыі (прытым значная частка грамадзтва таго не ўсьведамляе), калі вырашаецца лёс далейшага існаваньня Беларускай нацыі.
Тым ня менш, пры наяўнасьці моцнай нацыянальнай эліты, нацыянальнай ідэі й нацыянальнага руху, супадзеньне розных пратэстных чыньнікаў (якое паступова нарастае) магло-б прывесьці да выпраўленьня становішча.
* * *
Падсумоўваючы сказанае, зьвяртаю ўвагу на істотныя акалічнасьці. Пасьля распаду СССР Беларусь мела лепшыя эканамічныя, сацыяльна-матэрыяльныя і навукова-тэхнічныя перспэктывы незалежнага разьвіцьця, чым іншыя краіны-суседзі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, што вызваліліся з-пад расейскага камунізму. Але ў параўнаньні зь імі, у Беларусі была моцна дэфармаваная нацыянальная сьведамасьць насельніцтва. Нават адукаваныя савецкія беларусы, людзі інтэлектуальнай працы, у большасьці, не разумелі й не арыентаваліся ў прасьцейшых пытаньнях нацыянальна-культурнага існаваньня (якія ў іх, да таго-ж, не былі прыярытэтнымі).
Такое грамадзтва не магло эфэктыўна супрацьстаяць антыбеларускай палітыцы й хутка страціла свае перавагі. І нават незалежнасьць дзяржавы апынулася пад пагрозаю.
У той-жа час суседзі, будучы больш нацыянальна салідарызаванымі, пайшлі наперад у сваім нацыянальна-дзяржаўным разьвіцьці й знаходзяцца ўжо на парозе Эўропы. Вырашальным чыньнікам стала нацыянальная сьведамасьць грамадзтва.
Зьвяртаю ўвагу таксама, па якіх накірунках вядзецца сучасная вайна супраць Беларусі. Першая антыбеларуская акцыя рэжыму - зьнішчэньне нацыянальных сымбаляў. Потым - ліквідацыя дзяржаўнай функцыі беларускай мовы, ліквідацыя беларускай школы, адукацыі й асьветы на беларускай мове, кантроль над інфармацыяй і перавод яе на чужую мову, разбурэньне беларускага мастацтва і літаратуры, разбурэньне беларускай фундамэнтальнай навукі, стварэньне ўмоваў для маральнай дэградацыі насельніцтва (адкрыцьцё ў Беларусь чужой разбуральнай інфармацыйнай прасторы, чужога разбуральнага тэлебачаньня, запрашэньне антымастацкіх гастрольных групаў, цэнавая стымуляцыя п'янства, дыскрымінацыя і нецярпімасьць да беларушчыны ў сыстэме дзяржаўных установаў і г.д.).
Дэнацыяналізаваная бюракратыя і частка насельніцтва лёгка паддаюцца такой ненармальнай палітыцы, часам нават не здагадваючыся, што існуюць у сытуацыі абсурду. Калі сказаць коратка, то ўся стратэгія антыбеларускіх дзеяньняў і ўся сыстэма разбурэньня накіраваная на тое, каб беларусы не разьвіваліся, як нацыя, каб не ўсьведамлялі чалавечую і нацыянальную годнасьць, каб ня мелі нацыянальнай сьведамасьці. У выніку такой палітыкі непрыяцелі Беларусі ствараюць і плянуюць грамадзтва суіцыду, нацыянальнага самазьнішчэньня.
Аднак ня трэба думаць, што беларускае грамадзтва ў выніку акупацыйнай палітыкі ўжо цалкам нацыянальна задушанае і ня здольнае да нацыянальнага Адраджэньня.
Для нармальнага разьвіцьця нацыянальнай культуры й фармаваньня асобы неабходныя нацыянальная асьвета, адукацыя і спрыяльная дзяржаўная палітыка. Цяпер гэта ліквідаванае. Аднак, ня гледзячы ні на што, беларускае грамадзтва знаходзіцца ў значна лепшым ідэйным і нацыянальным стане, чым яно было ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, напярэдадні стварэньня Беларускага Народнага Фронту і напярэдадні аднаўленьня незалежнасьці. Перажытае - не зьнікае бясьсьледна.
Грамадзтва - гэта ня простая сума людзей і не натоўп. Перажываемы сацыяльна-палітычны вопыт, які асэнсоўваецца часткай беларусаў, незалежна ад афіцыйнай прапаганды й хлусьні, можа аказацца нядрэнным нацыянальным унівэрсытэтам, і тады загоншчыкі народа загоняць у пастку толькі самых сябе.
Цяпер акурат настае вызначальны час. Антыбеларускія заявы прэзыдэнта Расеі Пуціна, зробленыя ім у жніўні гэтага года, паказваюць, што расейскае кіраўніцтва лічыць ужо сваю чорную справу зробленаю і паводзіць сябе так, нібы беларускі народ не існуе. Адсюль той грубы цынізм і адкрытая непавага да беларускай нацыі. Беларусам даюць зразумець, што лічаць іх за нішто, не за народ, а за сьмецьце, і таму кажуць у твар: мы вас анэксуем, ліквідуем, забярэм вашу зямлю і краіну, падзяліўшы на сем частак. Выбірайце: альбо адразу, альбо праз "саюз" і "дружбу навек".
У нацыянальна разьвітай краіне такая заява выклікала-б узрыў грамадзкага абурэньня і, нават, - спыненьне дыпляматычных адносінаў паміж дзяржавамі, паколькі гэта ёсьць пагроза вайны. У Беларусі нічога такога не назіраецца, бо краіна ўжо знаходзіцца ў стане ўнутранай прамаскоўскай акупацыі, а невысокі ўзровень нацыянальнай сьведамасьці і прадажнасьць элітаў не дазваляе адэкватна ацаніць небясьпеку.
І тым ня менш, няма прычыны да роспачы. Становішча ня ёсьць аж такім дрэнным. Вопыт, які перажывае беларускае грамадзтва, вельмі істотны. Асэнсаваньне і рэакцыя высьпяваюць ў беларусаў павольна, але падзеі сьпеюць і не ў карысьць рэжыму акупантаў. Беларуская ідэя жыве, і разьвіваецца ўзьняты Беларускі Сьцяг. Пад яго павевы хутка стане мноства людзей, і не пазнаць будзе нашу ціхую Беларусь. Няхай-жа мацнеюць шэрагі, і набліжаецца Сьветлы час.
Зянон ПАЗЬНЯК